Вучыць з задавальненнем

- 10:38Навіны рэгіёнаў

На ўроках у настаўніцы хіміі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Ірыны Абдулаевай не ўбачыш абыякавых вачэй. Усе вучні працуюць, разважаюць, абмяркоўваюць, прычым робяць гэта з імкненнем да новых ведаў. Нейкім чынам у педагога атрымліваецца захапіць хіміяй кожнага навучэнца. Заняткі ў яе цікавыя, творчыя, запамінальныя. Складаны прадмет становіцца для дзяцей простым і зразумелым.

Сама Ірына Генадзьеўна захапілася хіміяй практычна адразу, як тая з’явілася ў школьнай праграме. Доследы, эксперыменты, пераўтварэнні заінтрыгоўвалі. Разважаючы над будучай прафесіяй, дзяўчына перабрала шмат спецыяльнасцей і ў выніку цвёрда вырашыла паступаць на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — марыла раскрываць сакрэты хіміі дзецям. Да пастаўленай задачы ішла мэтанакіравана, самастойна дэталёва вывучала прадмет — чым у больш складаныя тэмы паглыблялася, тым лепш разумела нялёгкую навуку.
Вядома, сваёй мэты Ірына Абдулаева дасягнула. Імкліва паляцелі студэнцкія гады. На сваім курсе яна была актывісткай. У складзе студэнцкіх атрадаў ездзіла па Беларусі, працавала ў Стаўрапольскім краі і нават у Якуціі. Дарэчы, там, у далёкім паўночным краі, сустрэла і свайго мужа — ён таксама быў у складзе студатрада. Услед за мужам, пасля заканчэння ўніверсітэта, яна адправілася з Мінска на Магілёўшчыну.— Першапачаткова я выкладала ў сярэдняй школе № 26 горада. Потым доўгі час працавала ў 43-й школе. Менавіта ў гэтых навучальных установах адбылася як педагог, дасягнула першых прафесійных поспехаў. Але ў поўнай меры свой педагагічны патэнцыял раскрыла ў абласным ліцэі № 3, — успамінае Ірына Генадзьеўна.
З 3-м ліцэем яе жыццё звязана 15 гадоў. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва ўстановы, згуртаванасці і ўзаемадапамозе ў педагагічным калектыве, ёй удалося выбудаваць уласную сістэму навучання, галоўнае ў якой — пераканаць дзяцей у тым, што хімія — гэта проста і цікава.
На думку Ірыны Генадзьеўны, дзеці вучацца з задавальненнем, калі іх з задавальненнем вучаць. Калі ўрок будзе зводзіцца да пераказу інфармацыі з падручніка, наўрад ці даб’ешся добрых вынікаў. Заняткі павінны быць дыялогам, напоўненым адкрыццямі і станоўчымі эмоцыямі.
— А яшчэ не трэба забываць, што хімія — гэта не толькі формулы і злучэнні. Гэтая навука акружае нас паўсюль. Таму заняткі павінны быць практыка-арыентаваныя. Дзецям неабходна разумець, як прымяніць атрыманыя веды ў рэальным жыцці, — кажа Ірына Абдулаева.
Займальныя заняткі не заўсёды дапамагаюць, некаторым навучэнцам дысцыпліна ўсё роўна даецца цяжка. Таму Ірына Генадзьеўна стараецца зрабіць урокі такімі, каб дзеці маглі не толькі заслужыць высокія адзнакі, але і вынесці для сябе нешта карыснае. На сваіх уроках яна часта паўтарае вучням, што хімія — адна з самых жыццёвых навук, трывала звязаная з іншымі дысцыплінамі. Вывучаючы розныя тэмы, яны абавязкова разам разглядаюць іх у штодзённасці. Напрыклад, шукаюць тое ці іншае рэчыва ў складзе прадуктаў харчавання і разважаюць аб яго ўплыве на арганізм чалавека.
— Дзецям не трэба даваць гатовыя веды, ім трэба дапамагчы вучыцца. Дазваляючы вучням здзяйсняць адкрыцці, самастойна знаходзіць адказы, атрымліваецца прывіць ім любоў да прадмета, — пераканана Ірына Генадзьеўна.
На сваіх уроках яна нярэдка задае вучням праблемныя пытанні. Такі прыём павышае іх пазнавальную актыўнасць: яны самі вылучаюць гіпотэзы, шукаюць варыянты адказу. Гэта дапамагае дзецям правільна зрабіць важныя вывады, замацаваць атрыманыя веды і глыбей засвоіць тэму.
Зацікаўленасць навучэнцаў прадметам, іх імкненне да самастойнага пошуку ведаў дае адпаведны вынік. Многія вучні Ірыны Абдулаевай выбіраюць хімію за аснову будучай прафесіі і вельмі паспяхова здаюць яе на цэнтралізаваным тэсціраванні. Іх сярэдні бал — адзін з самых высокіх у рэспубліцы, некаторыя ж навучэнцы часта атрымліваюць стабальныя сертыфікаты.
Работу з адоранымі навучэнцамі Ірына Генадзьеўна вядзе таксама паспяхова. Сістэма падрыхтоўкі арыентавана ў асноўным на ўдзел дзяцей у алімпіядным руху. Некалькі разоў на тыдзень настаўніца сустракаецца з таленавітымі вучнямі на індывідуальных занятках, распрацоўвае для іх заданні для самастойнага вывучэння, не забывае і аб маральнай падтрымцы, матывацыі. І дзеці не падводзяць яе, упэўнена становяцца пераможцамі. Усяго за час работы ў 3-м ліцэі Ірына Абдулаева падрыхтавала 55 прызёраў трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па хіміі.
Любімая работа займае практычна ўвесь час настаўніцы. Часта яна затрымліваецца ў ліцэі дапазна і вельмі рада таму, што ў яе ёсць надзейны тыл — сям’я. Муж і дачка заўсёды падтрымліваюць яе ва ўсіх пачынаннях. Разам яны любяць і проста пабыць дома, і адправіцца ў падарожжа.
— Падарожжы дапамагаюць мне расслабіцца, прывесці ў парадак думкі, каб з новымі сіламі і ідэямі вярнуцца да вучняў, — з усмешкай гаворыць Ірына Генадзьеўна.
…У яе педагагічнай дзейнасці было нямала перамог. Плённая праца неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі і дыпломамі. Але самыя каштоўныя для яе — поспехі не асабістыя, а вучнёўскія.
— Я вельмі рада, калі мае цяперашнія навучэнцы дасягаюць вышынь, аб якіх яны марылі. Рада, калі да мяне заходзяць выпускнікі і расказваюць аб сваіх жыццёвых дасягненнях, — адзначае Ірына Абдулаева. — Такія моманты — мая галоўная педагагічная перамога.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.