Вучыцца прыгожа і правільна размаўляць

- 11:37Дашкольная адукацыя

Адным з асноўных кiрункаў дзейнасцi ўстаноў дашкольнай адукацыi з’яўляецца стварэнне ўмоў для авалодання малышамі нормамi i правiламi роднай мовы, развiцця iх камунiкатыўных здольнасцей, элементарнага асэнсавання маўленчай дзейнасцi. Педагог павiнен надаваць вялiкае значэнне развiццю маўлення дзяцей, у прыватнасці звязнага маўлення, якое адлюстроўвае ўзровень разумовага i эмацыянальнага развiцця, паказвае, наколькi ў малышоў багаты слоўнікавы запас, ці могуць яны свабодна размаўляць, выказваць свае думкi.

З дапамогай метаду нагляднага мадэлявання можна забяспечыць фармiраванне ўяўленняў выхаванцаў аб асаблiвасцях аб’ектаў i з’яў навакольнага свету, iх структуры, сувязях i ўзаемаадносiнах, а таксама сфармiраваць уменне перадаваць гэтыя ўяўленнi ў розных формах моўных выказванняў. Мадэляванне арганiзоўваецца на аснове замяшчэння рэальных аб’ектаў малюнкамi, прадметамi, схематычнымi выявамi.

Дашкольнік не можа сам зрабiць таблiцу, запіс. У яго задзейнiчаны пераважна адзiн вiд памяцi — вербальны. Мадэляванне — гэта спроба задзейнiчаць для рашэння пазнавальных задач яшчэ і зрокавую, рухальную, асацыятыўную памяць. Актуальнасць выкарыстання метаду нагляднага мадэлявання ў рабоце з дзецьмi 4—5-гадовага ўзросту вiдавочная. Гэты метад аблягчае i паскарае працэс запамiнання i засваення матэрыялу, вучыць бачыць галоўнае, сiстэматызаваць атрыманыя ўяўленнi, спрыяе развiццю псiхiчных працэсаў — памяці, увагі, уяўлення, мыслення. Узрост 4—5 гадоў найбольш спрыяльны для развiцця звязнага маўлення, паколькі ў гэты перыяд больш дасканалымі становяцца гукавы i сэнсавы бакі маўлення, сiнтаксiчная структура сказаў. Дзеці ўжо iмкнуцца выказваць свае думкi не толькi простымi, але i складанымi сказамi, выкарыстоўваючы пабочныя канструкцыi. Дашкольнiкi вучацца будаваць выказваннi розных тыпаў — апiсанне i паведамленне.

Як паказвае практыка, у дзяцей у гэтым узросце недастаткова сфармiраваны навыкі пабудовы звязнага выказвання. Можна адзначыць наступныя недахопы: звязныя выказваннi кароткiя; адрознiваюцца непаслядоўнасцю, нават калi дзiця перадае змест знаёмага тэксту; складаюцца з асобных фрагментаў, лагiчна не звязаных памiж сабой; узровень iнфармаванасцi выказвання часцей за ўсё нiзкi.

Большасць дзяцей актыўна дзелiцца сваiмi ўражаннямi ад перажытых падзей, але яны з неахвотай бяруцца за складанне тэкстаў па зададзенай тэме — не таму што веды малыша па гэтым пытаннi недастатковыя, а таму што ён не можа аформiць iх у звязныя выказваннi.

На пачатковым этапе работы я распрацавала канспекты заняткаў з выкарыстаннем схем-мадэлей, сiстэматызавала наглядны матэрыял. У ходзе практычнай работы па выкарыстанні метаду нагляднага мадэлявання дзецi працягнулі знаёмiцца з графiчным спосабам падачы iнфармацыi — мадэллю. Каб работа з мадэлямі прыносiла карысць, неабходна прытрымлiвацца шэрага патрабаванняў: мадэль уводзiцца пры ўмове сфармiраванасцi ў дашкольнікаў уяўленняў аб асаблiвасцях i прыкметах аб’екта; мадэль павiнна быць аналагам прадмета цi з’явы, усе прыкметы i якасцi якой мадэлююцца пры непасрэдным удзеле дзiцяцi; мадэль павiнна быць даступнай у штодзённым жыццi, лаканiчнай i характарызаваць толькi асноўныя якасцi прадмета цi з’явы; адначасова можна выкарыстоўваць мадэлi толькi аднаго вiду.

Вядома, што дзецям цяжка пабудаваць звязны тэкст, нават проста пераказаць яго, хаця пераказ з’яўляецца самым простым вiдам звязнага выказвання. Асноўная задача педагога ў тым, каб навучыць дашкольнікаў выдзяляць самае галоўнае ў паведамленнi, паслядоўна выкладаць асноўныя дзеяннi, навучыць абстрагавацца ад дробязей i падрабязнасцей, дапамагчы зразумець прынцыпы замяшчэння.

У сярэдняй групе працягваю работу па выкарыстаннi нагляднага мадэлявання на занятках па развiцці маўлення, якая была пачата ў другой малодшай групе. У пачатку навучальнага года на занятках па навучаннi пераказу мае месца выкарыстанне прадметных мадэлей, якiя дапамагаюць вылучыць структуру казкi, фармiруюць уменне выдзяляць найбольш iстотныя моманты. Напрыклад, да казкi “Як курачка пеўніка ратавала” выкарыстоўваю малюнкi курачкi, пеўнiка, каровы, якiя дапамагаюць дзецям паслядоўна пераказаць казку.

Дашкольнікам у гэтым узросце падабаецца прымаць удзел у драматызацыях казак, таму на занятках часта выкарыстоўваю рухальнае мадэляванне. Для яго характэрна наступнае: пры пераказе казкi дзецi выконваюць усе патрэбныя дзеяннi (пайшоў, прыйшоў i г.д.). Папярэдне да казак рыхтуюцца кругi аднолькавага памеру, але рознага колеру, кожны з якiх абазначае канкрэтны персанаж. Так, да казкi “Коцік, пеўнік і лісіца” патрэбны кругi: шэры (кот), аранжавы (лiса), шэры (сабака), чырвоны (певень). Пры пераказе казкi дзецi паказваюць на адпаведны круг i выконваюць з iм простыя дзеяннi. Пры правядзеннi такiх заняткаў асаблiва важна, каб дзiця разумела прынцып замяшчэння. Таму да пачатку заняткаў абмяркоўваю з малымi, якi круг i чаму замяшчае пэўнага героя казкi. Дзiця выкарыстоўвае замяшчэнне на аснове колеру, характэрнага для знешняга выгляду персанажа. Пры суаднясеннi велiчынь герояў замяшчэннем могуць з’яўляцца палоскi рознай даўжынi. Трэба не проста гуляць з прадметамi-замяшчальнiкамi, але i выразна захоўваць паслядоўнасць дзеянняў у казцы, што дапамагае аналiзаваць асноўныя падзеi казкi i сувязь памiж iмi. Дзiця робiць не тое, што яму хочацца ў цяперашні момант, а тое, што патрэбна для вырашэння задачы, — паказвае асноўныя дзеяннi i падзеi казкi.

Калi дашкольнікі добра авалодалi ўменнем пераказваць тэксты з дапамогай прадметных мадэлей, пачынаю ўводзiць схематычныя мадэлi. I тут вельмi важна, каб быў зразумелы прынцып замяшчэння. У гэтым дапамагае дыдактычная гульня “Падбяры аналаг”. Прапаноўваю малюнкi з казачнымi персанажамi i iх дзеяннямi, а таксама схемы, якiмi яны замяшчаюцца. Выхаванцы павінны абазначыць малюнак схемай. Яны самастойна шукаюць варыянты i тлумачаць свой выбар. I толькi пасля таго, як выхаванцы авалодалi прынцыпамі замяшчэння, схематычныя мадэлi ўводжу ў заняткi. Яны дапамагаюць дзецям захоўваць паслядоўнасць падзей пры пераказе.

Эфектыўным пры навучаннi пераказу аказаўся прыём выкарыстання дзiцячага малюнка. Дзiцяцi прасцей расказаць штосьцi, калi яно бачыць перад сабой дэталёва намаляваныя выявы, чым уяўляць сабе што-небудзь. Выхаванцы атрымліваюць лiсты паперы з намаляванымi кругамi i пераўтвараюць iх у герояў казкi. Калi да круга падмаляваць валасы, вусы, то атрымаецца дзед; калi вушкi i хвост — сабачка, i г.д. А калi дзецi малююць, то прагаворваюць i знешнi выгляд герояў (напрыклад, зайчык — маленькi, шэранькi, доўгiя вушкi; дзядуля — стары, вусаты; у мышкi тоненькi, доўгi хвосцiк). На наступны дзень гуляем у гэтую казку, але ўжо з дапамогай геаметрычных фiгур. Расказ па намаляванай мадэлi развiвае ў дзяцей логiку, пашырае iх слоўнiк, развiвае звязнае маўленне.

Я заўважыла, што вялiкiя цяжкасцi ў выхаванцаў выклiкае складанне тэкстаў-апiсанняў. Дзецi з цяжкасцю самастойна будуюць звязны тэкст, яны не ведаюць, як пачаць i закончыць апiсанне, не ўмеюць ствараць унутраны план тэксту. Іх выказваннi ўяўляюць сабой набор аднатыпных, часта непаслядоўных сказаў, не маюць пэўнага парадку апiсання прыкмет. Часам неабходнае слова яны замяняюць жэстам, дзеяннем. I тут на дапамогу зноў прыходзiць метад нагляднага мадэлявання. Я выкарыстоўваю схематычныя выявы, мы прагаворваем з дзецьмі, што абазначае кожная схема. Так, пытальнік абазначае назву аб’екта, рука — як з аб’ектам можна дзейнiчаць. Такія схемы дапамагаюць дзецям самастойна вызначыць уласцiвасцi i прыметы прадмета, якi разглядаецца, устанавiць паслядоўнасць выказвання прымет, абагацiць слоўнiкавы запас, служаць своеасаблiвым зрокавым планам для стварэння маналогаў. Тым самым выхаванцам прадастаўляецца магчымасць для творчасцi. Напрыклад, для апiсання свойскіх жывёл выкарыстоўваюцца наступныя мадэлi: пытальнік, схематычнае адлюстраванне жывёлы, талерка, выява чалавека. Па гэтых малюнках дзеці складаюць тэкст-апiсанне. Аналагiчныя схемы-мадэлi выкарыстоўваю і на занятках пры складаннi тэкстаў-апiсанняў адзення, посуду, мэблi.

Схема складання тэксту-апісання на тэму “Посуд”

Для большай зацiкаўленасцi дзяцей свае заняткi суправаджаю сюрпрызнымi момантамi: з’яўленне жывёл, атрыманне пасылкі, загадкi. Пасля правядзення цыкла такiх заняткаў заўважыла, што выхаванцы больш поўна i паслядоўна апiсваюць аб’ект, выкарыстоўваючы развiтыя сказы, прыметнiкi, аднародныя члены. Яшчэ адна немалаважная праблема, з якой сутыкаюцца дашкольнікі, — цяжкасцi пры завучваннi вершаў. Выкарыстанне метаду нагляднага мадэлявання аблегчыла i паскорыла працэс запамiнання i засваення тэкстаў. Пры гэтым вiдзе дзейнасцi ўключаюцца не толькi слыхавыя, але i зрокавыя аналiзатары. Дзецi лёгка ўспамiнаюць малюнак, а затым i слова.

Над вершамі мы працуем па наступнай схеме:

1. Выразнае чытанне верша.

2. Паведамленне аб тым, што гэты верш дзецi будуць вучыць на памяць. Паўторнае чытанне з апорай на нагляднасць.

3. Пытаннi па змесце верша. Мэта — дапамагчы дзецям вызначыць асноўную думку.

4. Выяўленне i тлумачэнне значэння незразумелых дзецям слоў (у даступнай форме).

5. Чытанне асобных радкоў верша (з апорай на нагляднасць).

6. Пераказ дзецьмi верша з апорай на нагляднасць.

Метад нагляднага мадэлявання пры завучваннi вершаў выкарыстоўваю толькi пасля таго, як выхаванцы пачалі добра арыентавацца ў схематычных мадэлях. Для таго каб мадэлі, прапанаваныя да верша, былі зразумелы, мы іх малюем перад заняткамі. Кожны шукае свой варыянт адлюстравання радка верша, а затым мы выбіраем той, які найбольш падыходзіць.

Сістэматычная і паслядоўная работа па развіцці маўлення ў дзяцей з выкарыстаннем нагляднага мадэлявання дазволіла сфарміраваць у выхаванцаў наступныя ўменні: адрозніваць абагульняючыя пытанні; разумець значэнні мнагазначных слоў розных часцін мовы; ужываць словы, якія найбольш дакладна падыходзяць да сітуацыі; падбіраць словы і фразы, падобныя па гучанні; актыўна ўдзельнічаць у гутарцы, правільна адказваць на пытанні і задаваць іх; пераказваць мастацкія творы самастойна, захоўваючы паслядоўнасць, вытрымліваючы структуру зместу тэксту.

Алена ЗАХАРЧУК,
выхавальніца Райцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.