Вы можаце дапамагчы ў бядзе

- 10:56Навіны рэгіёнаў

Моладзь Віцебшчыны адзначыла Дзень дабра. Маштабная дабрачынная акцыя БРСМ адбылася ў рамках рэспубліканскага дабрачыннага марафону “Усе фарбы жыцця для цябе”, які з’яўляецца брэндавым мерапрыемствам валанцёрскага руху “Добрае Сэрца”.

Валанцёры правялі больш за 35 мерапрыемстваў па аказанні падтрымкі дзецям і падлеткам — выхаванцам сацыяльных устаноў, маладым людзям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама маюць патрэбу ў дарагіх аперацыях.

Напрыклад, у Глыбокім удзельнікі атрада “Твой выбар” з падарункамі наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу, у Браслаўскім раёне арганізавалі збор сродкаў на набыццё дыягнастычнага камплекта “Сямага” і дыягнастычных матэрыялаў для Браслаўскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. У Віцебскім універмагу пачалася акцыя “Падзяліся з сябрам” па зборы кніг, канцылярскіх прылад, адзення для далейшай перадачы выхаванцам дзіцячага дома Віцебска.

Кульмінацыйным момантам Дня дабра стаў дабрачынны марафон “Усе фарбы жыцця для цябе” з удзелам вядомых беларускіх выканаўцаў і творчых калектываў, які стартаваў у гарадскім Палацы культуры Оршы. У дабрачыннае творчае падарожжа адправіліся пастаянныя валанцёры “Добрага Сэрца”: заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Наталля Тамела і Вікторыя Алешка, папулярныя тэлевядучыя Вольга Плотнікава і Яўген Булка, група “PROвокация”, Вольга Калеснікава, Надзея Місякова, Аляксандра Няхай, Эліна Матарас.

Усе сабраныя падчас правядзення марафону сродкі накіраваны на лячэнне і рэабілітацыю дачкі актывіста пярвічнай арганізацыі БРСМ Аршанскай ЦЭЦ Канстанціна Армянінава, шасцігадовай Васілісы. У маленькай дзяўчынкі страшны дыягназ: спантаннае ўнутрыжалудачкавае кровазліццё, другасная ўнутраная аклюзійная гідрацэфалія. Іншымі словамі, інсульт.

Да 13 снежня 2016 года Васілёк, так ласкава называюць яе бацькі, была стараннай вучаніцай 1 класа аршанскай сярэдняй школы № 19, адной з самых таленавітых, паспяховых і перспектыўных юных выхаванак студыі спартыўнага бальнага танца “СПРЭС”. Бяда прыйшла нечакана. Літаральна за пару тыдняў да Новага года па незразумелых дагэтуль прычынах на фоне поўнага здароўя ў дзяўчынкі адбылося спантаннае ўнутрыжалудачкавае кровазліццё ў мозг. У змаганне са смерцю ўступілі медыкі. Урачы зрабілі ўсё магчымае і немагчымае. Васіліса цудам засталася жывая. Дзіця перанесла трэпанацыю чэрапа, за якой рушыў услед цэлы цыкл найцяжэйшых аперацый. І хаця на цяперашні час пэўнае паляпшэнне ёсць, стан дзяўчынкі апісваецца як стабільны, але цяжкі. Зараз Васіліса са сваёй мамай і бабуляй часова пражывае ў Мінску і знаходзіцца пад апекай Беларускага дзіцячага хоспіса. Дзіцяці неабходны догляд 24 гадзіны ў суткі. Упартасць і стойкасць мамы Алены не ідзе ні ў якое параўнанне. Яе штодзённая праца дае відавочныя вынікі, але неабходна рухацца далей. Васільку патрабуецца складаная і дарагая нейрарэабілітацыя. Неабходная сума складае 390 тысяч рублёў (больш за 206 тысяч долараў ЗША).

Праводзіцца збор сродкаў на лячэнне і рэабілітацыю Васілісы Армянінавай (нумары разліковых рахункаў ёсць у рэдакцыі). Мы не можам змяніць свет, але ў нашых сілах паклапаціцца пра тых, хто жыве з намі побач і мае патрэбу ў нашай дапамозе. Не заставайцеся абыякавымі!

Таццяна БОНДАРАВА.