Вялікае шчасце — дапамагаць

- 10:36Актуально, Апошнія запісы

11 снежня ў Мінску ў будынку комплексу “Студэнцкая вёска” па вуліцы Чурлёніса, 5 прайшло ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. Цікавасць маладых людзей да добрых спраў расце з кожным годам. Доказам служаць нядаўнія лічбы: дапамагаць у арганізацыі і правядзенні ІІ Еўрапейскіх гульняў пажадала амаль 18 тысяч чалавек, больш за 8 тысяч ажыццявіла мару.

“Валанцёрскі рух ахоплівае ўсе сацыяльныя аспекты жыцця­дзей­насці беларускага грамадства, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка. — Вельмі сімвалічна, што мы адкрываем гэты цэнтр у Студэнцкай вёсцы, якая ў перыяд ІІ Еўрапейскіх гульняў была вёскай спартсменаў. Тут асабліва часта і масава бачылі валанцёраў, гэты дух нават застаўся дагэтуль”.

Нездарма Ігар Васільевіч зга­даў ІІ Еўрапейскія гульні, бо менавіта яны спрыялі таму, што валанцёрскі рух у Беларусі вый­шаў на новы ўзровень. Усё больш людзей шукае магчымасці знайсці сябе ў гэтай сферы, дапамагчы каму-небудзь, атрымаць новыя навыкі і, магчыма, змяніць светапогляд. У той жа час, адчуваючы гэтую цікавасць, розныя арганізацыі, міністэрствы і ведамствы гатовы дапамагчы валанцёрам рэалізаваць свае жаданні. Мосцікам паміж двума бакамі стане Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр. Яго дырэктар Натал ля Апанчук больш падрабязна спынілася на мэтах, задачах і асноўных напрамках дзейнасці ўстановы: “Нашымі асноўнымі мэтамі з’яўляюцца захаванне, прымнажэнне і выкарыстанне па максімуме спадчыны ІІ Еўрапейскіх гульняў; стварэнне кадравых, арганізацыйных, інфармацыйных і метадычных умоў для развіцця валанцёрскага руху ў краіне; папулярызацыя і прасоўванне валанцёрскіх каштоўнасцей”.

Цэнтр будзе працаваць дзеля рэалізацыі праектаў, якія спрыяюць аб’яднанню валанцёраў Беларусі, павелічэнню колькасці ўдзельнікаў, кампетэнтных арганізатараў валанцёрскага руху, павелічэнню колькасці партнёраў, што аказваюць падтрымку ініцыятывам і праектам. Акрамя таго, цэнтр хоча распрацаваць меры і гарантыі па ўдасканаленні заканадаўчай і прававой базы, якія прастымулююць развіццё нацыянальнага валанцёрскага руху. Самай важнай задачай з’яўляецца стварэнне адзінай базы валанцёраў і праектаў для іх. Зараз у ёй налічваецца амаль 9 тысяч чалавек, але ў будучыні яна бу­дзе толькі пашырацца.

“Гэта гістарычны момант, што ў валанцёраў з’явіўся свой цэнтр, — адзначыў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН у Беларусі доктар Рашэд Мустафа Сарвар. — Для ЮНІСЕФ валанцёры — гэты людзі, без якіх мы не змаглі б нічога зрабіць. Кожнае мерапрыемства, што вы бачыце ў сацыяльных сетках, робіцца разам з імі. Валанцёры з’яўляюцца добрым рэсурсам, нам варта яго захоўваць і развіваць”.

Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр паглыбіўся ў работу, атрымаў некалькі запытаў на ўд зел валанцёраў у значных для краіны праектах: чэмпіянаце свету па хакеі ў 2021 годзе, свяце “Александрыя збірае сяброў”, Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Таксама беларускія валанцёры могуць паўдзельнічаць у міжнародных мерапрыемствах. Напрыклад, цэнтр заключыў пагадненне, згодна з якім яго паслы добрай волі паедуць па абмене на футбольныя спаборніцтвы Еўра-2020.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.