На Полаччыне 75-годдзю Вялікай Перамогі прысвяцілі маштабны грамадзянска-патрыятычны праект
Сацыяльнымі адукацыйна-культурнымі праектамі грамадзянска-патрыятычнай і гісторыка-краязнаўчай накіраванасці, арганізатарам якіх першапачаткова выступіла мясцовая сістэма адукацыі пры падтрымцы райвыканкама, Полацкі раён вядомы далёка за межамі Віцебшчыны. Многія, сярод якіх “Скарынаўскія дні ў Полацку”, “Горад у мініяцюры” і “Стужка часу”, атрымалі прызнанне не толькі на абласным, але і на рэспубліканскім узроўні. Характэрна, што некаторыя з ініцыятыў пастаянна развіваюцца і з часам ператвараюцца ў яркія і пазнавальныя брэнды сучаснай Полаччыны, штогод прывабліваюць мноства ўдзельнікаў з Беларусі і замежжа. Праект “Вялікая гісторыя малой радзімы” стартаваў у студзені і аб’яднаў шэраг адметных і значных мерапрыемстваў да 75-годдзя перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
—Мэтанакіраваная сістэмная работа па фарміраванні ў падрастаючага пакалення патрыятызму і грамадзянскасці, заснаваных на павазе да гістарычнага і культурнага, баявога, працоўнага мінулага і сённяшняга дня роднай краіны, нацыянальнай культуры, ажыццяўляецца ў рамках праектнай дзейнасці ўстаноў адукацыі раёна штогод, — падкрэсліла начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. — Арыенцірамі ў рэалізацыі праекта “Вялікая гісторыя малой радзімы” сталі рэспубліканскія акцыі “Вялікай Перамозе — 75!”, “Я гэты край Радзімай заву”, “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Мы прымалі актыўны ўдзел у такіх традыцыйных раённых і абласных мерапрыемствах, як месячнік ваенна-патрыятычнай работы, Вахта Памяці, а таксама ў этапах рэспубліканскіх праектаў, фестываляў-конкурсаў. Акцыі па ўшанаванні памяці загінуўшых і добраўпарадкаванні тэрыторыі мемарыяльных комплексаў, абеліскаў, помнікаў, брацкіх магіл, арганізацыя пошукава-даследчай і турыстычна-краязнаўчай дзейнасці навучэнцаў — значныя напрамкі выхаваўчай работы. Найкаштоўнейшым гісторыка-краязнаўчым матэрыялам мы бачым успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, іх родных і блізкіх, сабраныя ў ходзе інтэрв’ю, гутарак, расказаў. Аб эфектыўнасці праведзенай работы сведчаць у тым ліку дасягненні нашых навучэнцаў на прымеркаваных да 75-годдзя Вялікай Перамогі абласных і рэспубліканскіх конкурсах — не буду іх пералічваць, бо яны навідавоку.
Чырвонай ніткай праз усе мерапрыемствы праходзіць тэма подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як паведаміла дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ірына Дзёмінава, у рамках праекта ў раёне рэалізавана грамадзянска-патрыятычная ініцыятыва “Альбом памяці”, што ўключала пошукава-даследчую дзейнасць і акцыю “Абеліск”. Калектыўная справа аб’яднала педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў. На Полацкай зямлі знаходзіцца каля 100 воінскіх пахаванняў і месцаў воінскай славы. З лютага па май прадстаўнікі ўстаноў адукацыі добраўпарадкоўвалі іх, сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, праводзілі міні-даследаванні на зададзеныя тэмы, выконвалі фотафіксацыю, вызначалі геалакацыю аб’ектаў. Так, удзельнікі гуртка, якім кіруе Уладзіслаў Раманішкін, педагогі і супрацоўнікі аддзела турызму і актыўнага адпачынку ПРЦДіМ наведалі і прывялі ў парадак тэрыторыю ля памятнага знака ахвярам нацызму ў Баравусе-2 на месцы расстрэлу вязняў яўрэйскага гета. Сфера інтарэсаў юных даследчыкаў не абмяжоўваецца выключна тэрыторыяй Полаччыны. Напрыклад, сярод першых у трохдзённы пешы паход па мясцінах воінскай славы тэрыторыі Глыбоцкага раёна адправіліся навучэнцы цэнтра разам з педагогам Мікалаем Лісоўскім, сабралі багаты краязнаўчы матэрыял. Вынікі агульнай працы сістэматызаваны, дапоўнены інфармацыяй з музеяў, СМІ, інтэрнэт-крыніц і пакладзены ў аснову будучых гісторыка-краязнаўчых маршрутаў па родным краі. Неўзабаве плануецца выпуск тэматычнага зборніка такіх маршрутаў, што будзе запатрабаваны як педагогамі і навучэнцамі, так і жыхарамі, гасцямі раёна: усе жадаючыя змогуць азнаёміцца з інтэрнэт-версіяй выдання або ў вольны час наведаць памятныя мясціны, маючы пра іх дастатковую папярэднюю інфармацыю. Работа над “Альбомам памяці” вялася ў цесным кантакце з Полацкім дзяржаўным універсітэтам, Полацкім нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам, старшынямі сельскіх Саветаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца воінскія пахаванні. Актывісты маладзёжнага парламента, школьных піянерскіх дружын і арганізацый БРСМ, пошукавых клубаў і гурткоў даследавалі дакументы, збіралі фотаздымкі, бралі інтэрв’ю, запісвалі ўспаміны ўдзельнікаў або відавочцаў ваенных падзей, ветэранаў, малалетніх вязняў, жыхароў блакаднага Ленінграда, землякоў, чыё дзяцінства апаліла вайна. Паводле гэтых матэрыялаў створаны мастацка-дакументальныя фільмы і амаль гадзінная кінастужка “Полацк памятае”, знятая раённым маладзёжным парламентам у супрацоўніцтве з аддзелам маладзёжнага лідарства і ініцыятыў цэнтра. З сабраных матэрыялаў сфарміраваны ўнікальныя аудыя-, фота- і відэаархівы. Паводле занатаваных успамінаў маладзёжны парламент пры садзеянні аддзела маладзёжнага лідарства і ініцыятыў ПРЦДіМ зняў амаль гадзінную кінастужку “Полацк памятае”. Па словах яго загадчыка Марыі Пятроўскай, у праекце быў выкарыстаны вопыт, назапашаны аб’яднаннямі па інтарэсах і, у прыватнасці, студыяй журналістыкі “Медыя-Мікс” (кіраўнік Наталля Сляпцова), — раней дакументальны фільм навучэнцаў студыі за раскрыццё тэмы гераічнай барацьбы савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і патрыятычнае выхаванне моладзі ўзнагароджаны спецыяльным прызам рэспубліканскага адкрытага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно — 2019”. Заглядваючы крыху наперад, варта дадаць, што студыя “Медыя-Мікс” аператыўна і падрабязна асвятляе мерапрыемствы праекта на сайце і юцюб-канале ўстановы дадатковай адукацыі. Ім прысвечаны спецвыпуск часопіса цэнтра “Гарадскія агні”, на старонках якога разам з палачанамі пробамі пяра да 75-годдзя Вялікай Перамогі падзяліліся юныя журналісты з расійскага горада Кашына. А ў ходзе раённай Дэкады сяброўства па ініцыятыве моладзі адбыліся міжнародныя акцыі і тэлемасты з гарадамі-пабрацімамі Полацка – Электрасталлю, Псковам, Рэзекнэ.
…Між тым ідэю маладзёжнага парламента па стварэнні фільмаў падхапілі школы і гімназіі раёна. Так пабачылі свет 83 мастацка-дакументальныя караткаметражныя стужкі, у сюжэты якіх пакладзены эпізоды Вялікай Айчыннай вайны і лёсы ветэранаў. У кожнай установе адукацыі праект разгарнуўся ў адпаведнасці з прапановамі і планамі калектыву, набыў адметную спецыфіку. Нярэдка вынік перарастаў межы пачатковай задумы.
— У другім паўгоддзі мы рэалізавалі праект “Гісторыя аднаго помніка”, — далучылася да размовы дырэктар Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Святлана Валюшкіна. — На тэрыторыі нашай установы адукацыі (тады гэта была сярэдняя школа № 7 Полацка, а яшчэ раней — 12-я Сталінская школа) у 1967 годзе быў устаноўлены помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны навучэнцам і настаўнікам. У 1950—1960 гады тут ішла вялікая краязнаўчая работа, пошукавікі знайшлі імёны выпускнікоў школы, якія ваявалі і загінулі на франтах, сабралі і аформілі каштоўныя музейныя матэрыялы — фонды, дарэчы, штогод папаўняюцца. У мінулым годзе па нашай ініцыятыве і пры падтрымцы Беларускага фонду міру была праведзена рэканструкцыя помніка. У працяг мы вырашылі яшчэ раз паглыбіцца ў вывучэнне біяграфій настаўнікаў і вучняў школы, хто прымаў удзел у баявых дзеяннях. Палічылі гэта карысным для моладзі, зразумела, спадзяваліся на пэўны зваротны водгук — а ён аказаўся выбухова моцным і шчырым, таму што прапанаваную тэму нашы навучэнцы ўспрынялі не проста як цікавую, а як асабіста значную. Так нарадзілася ідэя агульнагімназічнага праекта. У ходзе яго рэалізацыі навучэнцы сустракаліся з ветэранамі, удзельнікамі і сведкамі вайны, ветэранамі педагагічнай працы, палачанамі, хто да вайны вучыўся ў гэтай школе. Галоўным прадметам даследавання, побач з біяграфічнымі данымі, стаў школьны і пазашкольны побыт: чым жылі дзеці і моладзь у той момант, калі пачалася вайна, напярэдадні вайны і ў гады фашысцкай навалы, што іх хвалявала, якімі справамі займаліся, хто і як іх вучыў, якія вершы і песні былі для іх важныя.
Клуб гістарычнай рэканструкцыі гімназіі — дзеці з 3—4 класаў — успомнілі гульні сваіх даваенных равеснікаў і навучыліся самі ў іх гуляць. Сярэднія класы займаліся даследаваннем літаратурна-музычнай спадчыны, падбіралі адпаведную сэнсу і зместу будучага фільма музыку. Клуб “Юны экскурсавод” узяў на сябе падбор фота- і відэаматэрыялаў з фондаў музея гісторыі ўстановы адукацыі і музея баявой славы Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Калі ўсе творчыя групы навучэнцаў пад кіраўніцтвам іх настаўнікаў завяршылі падрыхтоўчую работу, старшакласнікі сістэматызавалі матэрыялы, напісалі сцэнарый. На працягу тыдня адбываліся здымкі, далей — інтэнсіўная работа па мантажы (неабходную тэхнічную дапамогу гімназістам аказаў раённы цэнтр дзяцей і моладзі). Заключны эпізод знялі каля помніка, з кранальнай пастаноўкай узорнага харэаграфічнага калектыву “Забава” і флэш-мобам — клінам жураўлёў, у які выстраіліся, трымаючы партрэты герояў мастацка-дакументальнай стужкі, дзеці і настаўнікі. Гатовы фільм адразу размясцілі на YouTube-канале гімназіі. Уражанні былі незабыўныя, бо кожны зрабіў кавалачак работы, а цяпер пабачыў сябе ў фільме, успрымаючы яго ў кантэксце сваёй далучанасці да агульнай справы. Дарэчы, усе сабраныя фота аформлены ў дзеючую выставу “Яны змагаліся за Радзіму”. Акрамя таго, навучэнцы выраблялі макеты гісторыка-культурных аб’ектаў Беларусі, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Усяго атрымалася 25 работ у маштабе 90 на 90, многія з іх ужо на сёння адзначаны ўзнагародамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.
— Кожны зняты ўдзельнікамі праекта фільм варты ўвагі найперш як адукацыйны прадукт, інфармацыйная крыніца, вынік калектыўнай пошукава-даследчай дзейнасці і ўзор яе арыгінальнага творчага ўвасаблення, — падкрэсліла метадыст аддзела турызму і актыўнага адпачынку ПРЦДіМ Алена Багдановіч. — Навучэнцы Ветрынскай сярэдняй школы імя Д.В.Цябута Полацкага раёна паказалі гісторыю мясцовага партызанскага руху праз успаміны 16-гадовага хлопца, каго вайна застала на тэрыторыі Ветрыншчыны. Герою стужкі спачатку давялося хавацца ад фашыстаў, потым ён уступіў у партызанскі атрад… Запалі ў памяць пранізлівыя сюжэты пра звычайных людзей, якія без ваганняў ахвяравалі ўласным жыццём у імя Перамогі. У фільме сярэдняй школы № 8 ажываюць старонкі гераічнай барацьбы з захопнікамі брыгады “Няўлоўныя”, прадстаўнікі сярэдняй школы № 14 расказалі аб аперацыі “Зорачка” і подзвігу Аляксандра Манкіна. Наш цэнтр сваю пастаноўку прысвяціў ваенна-франтавым брыгадам.
У рамках праекта на раённ этап абласнога конкурсу “24 кадры Перамогі” было прадстаўлена 28 работ аб гераічным мінулым рэгіёна працягласцю да 15 мінут: у фільмах знайшлі адлюстраванне гісторыі Зіны Партновай, Таццяны Марыненка, успаміны дзяцей вайны, якія тады пражывалі на тэрыторыі раёна і вобласці. Установы адукацыі раёна актыўна далучыліся і да рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вянок славы”, раённага фестывалю “Тры зоркі” (удзельнікі спаборнічалі ў чатырох намінацыях: конкурсах чытальнікаў “Слова пра вайну”, тэатралізаваных пастановак і вакальных нумароў, харэаграфічным “Ваенным вальсе”, ). Аматары прыгожага пісьменства прынялі ўдзел у раённым конкурсе літаратурных работ.
— Сіламі ўстаноў адукацыі раёна выдадзены зборнік дзіцячых эсэ пра педагогаў Полаччыны — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, — акцэнтавала ўвагу настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №16 Полацка Яўгенія Муруткова . — Аўтары па драбніцах збіралі матэрыялы пра тых, хто ў даваенны час працаваў настаўнікам, потым пайшоў на фронт, змагаўся з ворагам, пасля Перамогі зняў шынель і працягнуў педагагічную дзейнасць, працаваў добрасумленна, на знос, не за ўзнагароды ці вялікія грошы, а проста з-за сваёй прыстойнасці і любові да краіны, дзе нарадзіўся. У кнізе сабраны аўтабіяграфічныя звесткі пра педагогаў-ветэранаў, асабістыя якасці і працоўныя справы якіх з’яўляюцца пераканаўчым станоўчым прыкладам, арыенцірам у выхаванні падрастаючага пакалення.
У канцы чэрвеня раён рыхтуецца да яшчэ адной важнай падзеі: на базе сярэдняй школы № 1 Полацка адкрыецца адукацыйны медыяцэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Палачане па праве ганарацца велічнай гісторыяй сваёй малой радзімы, трапятліва зберагаюць і ўзбагачаюць перададзеную продкамі спадчыну і з гонарам працягваюць іх слаўныя справы.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлены Полацкім раённым цэнтрам дзяцей і моладзі.