Вялікая сіла — у згуртаванасці

- 9:40Адукацыйная прастора

Новая школа, новае абсталяванне, новы расклад заняткаў, новыя аднакласнікі, новыя калегі… Праз месяц-другі ўсе прызвычаяцца, а пакуль столькі хвалявання ва ўсіх, хто меў дачыненне да галоўнай сацыяльнай новабудоўлі Гомеля — сярэдняй школы № 75 у мікрараёне Хутар Навабеліцкага раёна.

Неверагоднае магчыма

Пра яе неабходнасць год назад гаварылі мясцовыя жыхары. Улады пачулі і зрабілі ўсё, каб на месцы памятнага каменя за паўгода з’явіўся сучасны будынак па праекце, аналагаў якому няма ў краіне. Чатыры карпусы аб’яднаны ў агульную пабудову з утульным унутраным дваром і вялізным стадыёнам.

У першым корпусе размешчаны кабінеты адміністрацыі, настаўніцкая старшых класаў, раскошная бібліятэка з чытальнай залай, кінафоталабараторыя і гардэроб. У другім — вучэбныя класы, пакоі адпачынку для першакласнікаў (гульнявыя і спальныя), а таксама пост аховы і гардэроб. У трэцім блоку класы большыя — на 25 чалавек, спецыялізаваныя кабінеты па інфарматыцы, хіміі, фізіцы, а таксама лінгафонныя. Чацвёрты корпус — гэта школьная сталовая з дзвюма абедзеннымі заламі, два плавальныя басейны, актавая зала (абсталявана, як канцэртная) і дзве фізкультурныя, у тым ліку з трэнажорамі.

Уражвае і тэрыторыя школы. На ёй, акрамя футбольнага поля са штучным пакрыццём, уладкаваны вулічныя валейбольная і баскетбольная пляцоўкі. Ёсць асобныя пляцоўкі з абсталяваннем для дзяцей малодшага ўзросту. Для адпачынку дзяцей і бацькоў у спякотнае надвор’е прадугледжана шэсць навесаў. Таксама ёсць зоны для вывучэння правіл дарожнага руху. Прадугледжана безбар’ернае асяроддзе: пандусы, пад’ёмнікі, тактыльная плітка, ліфты. Новая ўстанова абсталявана медыцынскім комплексам са стаматалагічным кабінетам, сучаснай камп’ютарнай тэхнікай, інтэрактыўнымі дошкамі…

Шчырая падзяка і падтрымка справай

У пэўныя дні на гэтым аб’екце працавала да 800 чалавек адразу. Работы ішлі дзень і ноч. І гэта не метафара, бо мясцовыя жыхары пільна сачылі, як узводзяцца паверхі, прывозяцца матэрыялы, фарбуюцца фасады… Дарэчы, людзі стварылі ў сацыяльных сетках чаты, дзе абмяркоўвалі будаўніцтва школы, і адразу ж адгукнуліся на заклік, каб уключыцца ў добраўпарадкаванне, калі на апошнім этапе спатрэбілася дадатковая рабочая сіла.

Марыя Раманцова — адна з тых, хто жыве ў доме побач і даўно марыла пра тое, што не будзе марнаваць час і вазіць сына ў школу ажно праз Сож, у іншы раён Гомеля. Мара спраўдзілася якраз у той момант, калі малодшаму сыну Дзяміду прыйшоў час сесці за парту. Старэйшы, пяцікласнік Улад, з татам, з дарослымі вучнямі, а матуля падтрымлівае малодшага. На лінейцы сур’ёзны хлопчык яшчэ моцна трымаецца за руку матулі, а праз гадзіну ўжо у светлай аўдыторыі разам з усім 1 “В” атрымлівае ў падарунак кнігу пра Беларусь.

— Мы вельмі чакалі і спадзяваліся, — не стрымлівае эмоцыі Марыя. — Выходзілі ўсе добраахвотна: жанчыны дапамагалі вокны мыць, мужчыны пераносілі мэблю. А цяпер, глядзіце, проста прыгажосць!

Бацька першакласніцы Аляксандры і шасцікласніка Арцёма Аляксандр Сычоў падзякаваў уладам за такую школу ад імя ўсіх хутаранцаў. Кранальны падарунак — пано адной з майстрых мікрараёна — прыняў старшыня аблвыканкама. Вялікі торт ад грамадскасці — для будаўнікоў.

153 дні актыўнай работы

Па ініцыятыве Гомельскага аблвыканкама аб’ект быў уклю­чаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Гэта да­зволіла завяршыць работы сёлета. Пры нарматыўнай працягласці будаўніцтва ў 18 месяцаў усё атрымалася зрабіць за рэкордны тэрмін. Праектнай арганізацыяй выступіла ААТ “Гіпражыўмаш”, а генеральным падрадчыкам стала ААТ “Будаўнічы трэст № 14”. Электрамантажнік філіяла “Упраўленне механізацыі № 75” ААТ “Будаўнічы трэст №14” Руслан Бандарэнка разам з паплечнікамі самааддана працаваў “на школе”. Ён запэўнівае: за электрыку можна не перажываць. Гаворыць, што ўсе яго калегі разумелі неабходнасць уводу школы ў строй:
— Працавалі ўсе сумленна. Калі неабходна было, затрымліваліся, заставаліся па выхадных. Тых, хто стараўся, не пакрыўдзілі: людзі атрымалі прэміі. Зроблена ўсё якасна, і гарантыя на пяць гадоў.

Атрыманыя на вераснёвай лінейцы ўзнагароды з рук губернатара Гомельскай вобласці — прыемная ацэнка дружнай работы ўсяго калектыву будаўнікоў. Пры гэтым будаўнікі прызнаюцца: гэта быў выклік для ўсёй каманды.

— Гэта было настолькі складана, наколькі і цікава, — адзна­чае генеральны дырэктар ААТ “Будаўнічы трэст № 14” Станіслаў Сільчанка. — Агульны цыкл будаўніцтва ў актыўнай фазе склаў 153 дні. Нашы людзі праявілі сябе максімальна згуртавана і прафесійна.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей адкрывае доўгачаканую школу для дзяцей аднаго з самых маладых мікрараёнаў Гомеля і нагадвае, што тут пражывае больш як 13 з паловай тысяч толькі дзяцей:

— Можаце сабе ўявіць, што ў кожным з такіх раёнаў вобласці, як Брагінскі, Кармянскі, Нараўлянскі ці Акцябрскі, жыхароў менш, чым дзяцей тут, у мікрараёне Хутар. Нам у Гомельскай вобласці пашанцавала. Дзякуючы асабістай падтрымцы кіраўніка дзяржавы, толькі за два апошнія гады на карце з’явілася пяць новых устаноў адукацыі. У такі няпросты час за год у горадзе адкрываецца ўжо другая сучасная школа. У гэта мала хто верыў. Але агульнымі намаганнямі мы гэта зрабілі.

Падарункі з сэнсам

Экскурсія па школе для высокіх гасцей пацвярджае: гэта ўнікальны для постсавецкай прасторы аб’ект — сапраўдны ўтульны дом для школьнікаў і педагогаў. Абсталяваныя класы для вучэбнага працэсу, медыцынскае аддзяленне са стаматалагічным кабінетам, прасторная бібліятэка, унутраны двор, дзе можна адпачыць на перапынках.

— Актыўны ўдзел ва ўзвядзенні аб’екта прымалі валанцёры: БРСМ, навучэнцы будаўнічага і мастацкага каледжаў, пасільную дапамогу аказалі і бацькі будучых вучняў. У гэтым і ёсць магутная сіла адзінства, — упэўнены кіраўнік Гомельшчыны.

Госцем свята стаў старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, які на наваселле школы перадаў калектыву мультыборд. Ён адзначыў, што дзяржава ўдзяляе асаблівую ўвагу падрастаючаму пакаленню, яго інтэлектуальнаму, духоўнаму і фізічнаму развіццю:

— Для таго каб вучыцца, сёння створаны ўсе ўмовы. Ёсць добрая база, каб атрымаць веды і знайсці сваё месца ў жыцці. І я шчыра радуюся, што пакаленне XXI стагоддзя атрымлівае веды ў такіх выдатных умовах. Задача педагогаў — вучыць дзяцей і выхоўваць іх сапраўднымі патрыётамі на нашых нацыянальных традыцыях і каштоўнасцях.

Да дня нараджэння новай школы Генадзь Салавей перадаў ад Гомельскага аблвыканкама сертыфікат на 100 тысяч рублёў для далейшага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, а старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка ўручыў сертыфікат на 10 тысяч рублёў. Напярэдадні генеральны дырэктар ААТ “Гомельдрэў” Генадзь Каротчанка ўручыў кіраўніцтву школы сертыфікат на 40 камплектаў вучнёўскай мэблі.

Першая Ластаўка вядзе 1 “А”

Як расказала дырэктар новай установы адукацыі Марына Чарненка, у гэтым навучальным годзе ў 75-й гомельскай школе ў 1—10 класах за парты сядуць каля 1,3 тысячы навучэнцаў. 170 з іх — першакласнікі. Для многіх маладых спецыялістаў сярэдняя школа № 75 — першае працоўнае месца. Дарэчы, 1 “А” ў школьнае жыццё першы раз вядзе Марыя Ластаўка. Гамяльчанка, выпускніца БДПУ імя Максіма Танка, у новую школу трапіла па размеркаванні.

— Гэта першы мой набор. Канечне, хвалююся, як атрымаецца ўтрымліваць дысцыпліну, бо важна, каб клас слухаўся настаўніка. Чакаю падтрымкі ад педагагічнага калектыву. Мы, маладыя спецыялісты, толькі вучымся, і нам вельмі важна, каб нас эмацыянальна падтрымлівалі, падказвалі і накіроўвалі, — падзялілася ўражаннямі і надзеямі Марыя.

Прынамсі, атмасфера спагадлівасці і паразумення — гэта тое, што робіць установу калектывам, падкрэслівае старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей:

— Вельмі хачу, каб у гэтых чыстых прасторных класах панавала атмасфера дабра, даверу і прагі пазнання. Я спадзяюся, што нашы настаўнікі ў супрацоўніцтве з бацькамі будуць вучыць і выхоўваць шматгранных асоб, раскрываць і развіваць талент кожнага вучня. І ў выніку вырасце не адно пакаленне разумных, інтэлектуальных, эрудзіраваных, фізічна развітых патрыётаў, з вялікім сэрцам і добрай душой.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.