Вялікая спартыўная сям’я

- 10:42Спартыўныя падзеі

2015 год: І Мінскі паўмарафон, 16 тысяч удзельнікаў з 36 краін. 2016 год: ІІ Мінскі паўмарафон, амаль 20 тысяч бегуноў з 42 краін. 2017 год: ІІІ Мінскі паўмарафон, каля 30 тысяч удзельнікаў ужо з 50 краін. Сярод іх 9 тысяч студэнтаў і выкладчыкаў з 42 айчынных універсітэтаў і інстытутаў. Прадстаўнікі сістэмы адукацыі па традыцыі прынялі актыўны ўдзел у самым масавым забегу Беларусі. Нашу каманду ўзначаліў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш.

Дзевяць тысяч — гэта толькі колькасць студэнтаў і выкладчыкаў. А калі да іх дадаць яшчэ і школьнікаў ды настаўнікаў, то атрымаецца даволі ўнушальная лічба. Можна смела гаварыць, што трэцяя частка ўдзельнікаў галоўнай бегавой падзеі краіны, якія сабраліся 10 верасня каля сталічнага Палаца спорту для старту на дыстанцыі 5,5, 10,55 і 21,1 км, — прадстаўнікі айчыннай сістэмы адукацыі. Майкі з надпісамі “БДУ”, “БДПУ”, “БДУФК”, “БДТУ” літаральна стракацелі ў вялікім шматузроставым і шматнацыянальным натоўпе. А над гэтым натоўпам развяваліся дзясяткі сцягоў з эмблемамі ўніверсітэтаў і факультэтаў.

Каля 2300 чалавек выйшлі на старт ад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Каля 1600 бегуноў заявіў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Больш за тысячу чалавек абаранялі лёгкаатлетычны гонар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. “Трэці год запар наш універсітэт удзельнічае ў самым масавым забегу краіны. Тут рэктарат, дэканы, выкладчыкі, прадстаўнікі ўсіх факультэтаў, структурных падраздзяленняў БДПУ і амаль паўтары тысячы студэнтаў. Мы нездарма выйшлі на старт пад лозунгамі “БДПУ — да новых перамог разам!”, “Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця!”. Педагог павінен быць не толькі эрудзіраваным, але і здаровым, асабістым прыкладам далучаць вучняў да здаровага ладу жыцця. Да гэтага мы рыхтуем будучых настаўнікаў яшчэ са студэнцкіх гадоў. Некаторыя выкладчыкі прыйшлі з сем’ямі. Усе разам мы вялікая педагагічная сям’я, якая падтрымлівае здаровы лад жыцця”, — адзначыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук.

Вялікай сям’ёй сталі ў гэты дзень усе 30 тысяч удзельнікаў, а таксама дзясяткі тысяч гледачоў. Для кожнага бегуна галоўнай была не перамога, галоўным быў удзел. Гэта і аб’ядноўвае Мінскі паўмарафон з Алімпійскімі гульнямі. І ўсё ж пераможцы былі вызначаны. Сярод мужчын на дыстанцыі 21,1 км гэта кеніец Хілары Кіптум Маё Кімаё, які паказаў час 1:03:19. Сярод жанчын перамогу святкавала беларуска Людміла Ляховіч, яе паказчык — 1:13:53. Кожны ўдзельнік паўмарафону атрымаў памятны медаль. Сярод шчасліўчыкаў — і старшакласніцы сярэдняй школы № 6 Мінска (гл. фота). 30 тысяч бегуноў, 30 тысяч памятных медалёў. Вялікая шматузроставая, шматнацыянальная спартыўная сям’я Мінскага паўмарафону ў наступным годзе абяцае быць яшчэ большай.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.