Вярхоўны лідар краіны лічыць недапушчальным дыялог з амерыканскай адміністрацыяй

- 12:28Інфармацыйная гадзіна

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі папярэдзіў, што калі ядзернае пагадненне не будзе абараняць нацыянальныя інтарэсы краіны, то Іран выйдзе з яго. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Ірана Хасанам Раўхані і членамі кабінета міністраў.

Алі Хаменеі таксама адзначыў, што неабходна прадоўжыць перагаворы з Еўропай, але “трэба перастаць спадзявацца на яе, асабліва ў пытаннях, якія тычацца СУПД або эканомікі”. Акрамя таго, ён адхіліў любую магчымасць дыялогу з цяперашняй адміністрацыяй ЗША.

Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў (СУПД) заключаны пастаяннай пяцёркай Савета Бяспекі ААН і Германіяй з Іранам у 2015 годзе. Гэтая дамоўленасць абмяжоўвала ядзерныя распрацоўкі Тэгерана ў абмен на адмену санкцый Савета Бяспекі ААН і аднабаковых абмежавальных мер, уведзеных у свой час ЗША і ЕС.

У маі 2018 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў аб выхадзе з СУПД і абяцаў не толькі вярнуць старыя, але і ўвесці новыя санкцыі ў адносінах да Ірана.

У жніўні амерыканскі лідар падпісаў указ аб аднаўленні ў два этапы санкцый супраць Ірана.

ЕС, які выступіў за захаванне ядзернага пагаднення, цяпер працягвае супрацоўнічаць з Іранам. Такім чынам, санкцыі ЗША ў адносінах да Ірана не дзейнічаюць на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаў.