Вяртанне на Радзіму

- 12:07Культура

26 лютага прах класіка айчыннай літаратуры Змітрака Бядулі прывезлі з Казахстана ў Беларусь. Са згоды родных пісьменніка пытаннямі вяртання яго астанкаў і перапахавання на радзіме займаецца Фонд Марыі Магдалены Радзівіл (Швейцарыя). Пра гэта днямі журналістам паведамілі на прэс-канферэнцыі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Перапахаванне адбудзецца ў хуткім часе ў Мінску і стане данінай павагі беларускага народа свайму слаўнаму сыну.

Думаю, усе добра ведаюць творы аднаго з пачынальнікаў найноўшай беларускай літаратуры, празаіка, паэта, публіцыста, перакладчыка, крытыка Змітрака Бядулі, сапраўднае імя якога — Самуіл Яфімавіч Плаўнік. Ён нарадзіўся 23 красавіка 1886 года ў вёсцы Паса­дзец Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Разам з Янкам Купалам працаваў у газеце “Наша Ніва”, пасля ў газеце “Савецкая Беларусь”, быў рэдактарам дзіцячага часопіса “Зоркі” і краязнаўчага часопіса “Наш край”. Перакладаў з ідыша і ўкраінскай мовы. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік вымушаны быў пакі­нуць Беларусь. Памёр у эвакуацыі каля горада Уральска ў Казахстане 3 лістапада 1941 года, дзе і быў пахаваны на гарадскіх могілках.

Сын класіка Яфім Плаўнік так прыгадвае тыя падзеі: “Амаль 80 гадоў назад я пахаваў свайго бацьку. Я вельмі добра, да дробязей, памятаю, як гэта адбывалася ва Уральску, дзе Коласаўскі тэатр з Віцебска быў тады на гастролях. Яны яго пахаванне і зладзілі, прычым як сапраўднае тэатральнае дзейства. А сённяшнюю падзею я не ўспрымаю як пахаванне, для мяне гэта — вяртанне бацькі на Радзіму. Быццам і не было гэтых гадоў. Я думаю, што з працэсам перапахавання тут будзе ўсё добра. Да гэтага наша сям’я спрабавала перавезці яго шэсць разоў, гэта сёмы — апошні і ўдалы, дзякуючы вялізнай рабоце Аляксандра Сапегі”.

Дарэчы, у Мінск прывезены і ўсе элементы помніка з магілы пісьменніка, якія перададзены Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры. “Помнік разабралі літаральна за паўгадзіны, ён знаходзіўся на падмурку ў выглядзе крыжа. Напярэдадні правядзення эксгумацыі ў мясцовай царкве прайшла служба. Падчас дэмантажу высветлілася, што труна знаходзіцца не зусім блізка да помніка, падкопваць давялося там, дзе ходзяць людзі, а гэта значыць, што астанкі ляжалі амаль “пад нагамі”. І добра, што цяпер мы гэта спынілі і перавезлі яго ў Беларусь, — расказаў старшыня Фонду Марыі Магдалены Радзівіл член Кансультацыйнага савета па пытаннях беларусаў за мяжой пры МЗС Беларусі Аляксандр Сапега. — Варта разумець, што ўрачыстасці ва ўсім гэтым працэсе мала. Па заканадаўстве і ўнутраных распарадках авіякампаній для перавозу праху патрэбна была цынкавая труна, якую ў Казахстане знайсці было вельмі складана. Але гэтае і іншыя пытанні вырашаліся даволі аператыўна, бо дапамагалі мясцовыя ўлады. Усяго было задзейнічана не менш як 40 чалавек на розных этапах”.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры з’яўляецца зацікаўленым партнёрам фонду і садзейнічае перапахаванню праху класіка. Філіял музея “Беларуская хатка” памятае аднаго са сваіх знакамітых гаспадароў, які жыў у будынку з 1915 па 1918 гады разам са сваімі сёстрамі Рэняй і Геняй. Тут Змітрок Бядуля даў прытулак ужо хвораму Максіму Багдановічу. “У “Беларускай хатцы” мы плануем зрабіць сцежку знакамітых асоб, якія пражывалі ў гэтым доме. І пачне яе экспанат, звязаны са Змітраком Бядулем, — элемент яго надмагілля з Казахстана. Бо менавіта Бядуля даваў прытулак выбітным пісьменнікам і іншым лю­дзям, дапамагаў ім рэалізоўваць свае ідэі. Мы вельмі зацікаўлены ў новых экспанатах, звязаных з класікам, бо на сённяшні дзень у нас толькі каля 200 ускосных і 80 непасрэдных матэрыялаў (арыгінальныя пісьмы, кнігі з аўтографамі, фотаздымкі) пра Змітрака Бядулю, але гэтага мала, — адзначыў дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў. — Тэндэнцыя вяртання ў Беларусь гістарычна значных асоб і ўсяго, што звязана з імі, сведчыць пра тое, што ў нас памяць захоўваецца годна. Мы прапаноўваем Міністэрству культуры правесці конкурс на стварэнне помніка Бядулі, але на гэта спатрэбіцца не менш за год. А перапахаванне адбудзецца даволі хутка — у першай палове года”.

Дарэчы, Міхаіл Рыбакоў падзяліўся, што са школьнай пары памятае апавяданне Змітрака Бядулі “Пяць лыжак заціркі”. “Твор настолькі мяне ўразіў, што і сёння стаіць перад вачамі карціна з яго, і ёсць адчуванне, нібы я сам быў за тым сталом і чэрпаў тую зацірку, — дадаў ён. — На творах, якія праходзяць праз самога чалавека, мы і павінны выхоўваць новае пакаленне. Канечне, дзеці могуць чытаць коміксы, фантастыку, фэнтэзі, дэтэктывы і ўсё што заўгодна, але іх трэба ўзгадоўваць на тым, што пройдзе праз душу, каб яны вучыліся разумець, што адчувае іншы чалавек у розных жыццёвых абставінах. Я вельмі хачу, каб і мой сын, і ўсе сучасныя дзеці выхоўваліся на такіх духоўных творах, якія ствараў Змітрок Бядуля”.

Сёння многія юныя беларусы ўпершыню пачынаюць знаёміцца з творамі класіка ў 7 класе, чытаючы “На Каляды к сыну”. Хоць, памятаю, як мяне і маіх аднакласнікаў уразіла аповесць “Салавей” і казка “Сярэбраная табакерка”. Іначай і быць не магло, бо трапнае, але далікатнае слова Бядулі прымушае задумацца над чалавечай існасцю. Між іншым сын пісьменніка Яфім Плаўнік лічыць менавіта “Сярэбраную табакерку” ўнікальным творам, актуальным і сёння, “адкрытым і выпушчаным на волю, духоўным запаветам пісьменніка сваім нашчадкам”, і раіць усіх школьнікаў абавязкова знаёміць з гэтай філасофска-павучальнай прытчай пра барацьбу дабра і зла, жыцця і смерці.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.