Вясна. Яна адна…

- 14:21Культура

Сёлета мы зачакаліся вясну.

Пачалі вітаць вясну яшчэ ў сакавіку, калі ў Брэсце было плюс 20, а ў Мінску — плюс 15. Скінулі зімовыя чаравікі, паклалі ў антрэсолі пухавікі… і сказалі нашым распранутым увесну каханым: “Я цябе кахаю…”

А потым настаў красавік з яго “мінус дзевяць ноччу” і “плюс адзін удзень”. Мы  зноў выцягнулі газеты з зімовых чаравікаў, мы зноў дасталі з антрэсолей пухавікі… і зноў сказалі нашым каханым: “Прабач, яшчэ не вясна… Але я цябе кахаю”.

Мінуў сакавік, мінуў красавік… Нарэшце, з маем прыйшла вясна! Зноў усё спачатку: у зімовыя боты — газеты, у антрэсолі — пухавікі! А ў вусны каханым — “Кахаю!”.

Толькі гэта ўжо будзе не зімовае “Кахаю!”, а майскае. Самае шчырае. Самае цёплае. Самае-самае…

У кожнага з нас ёсць свая вясна.

У ёй, гэтай вясной, майскае сонейка заглядае табе ў пакой і абдымае цябе. Цалуе сваімі майскімі вуснамі.

У ёй, гэтай вясной, пад тваім акном распускаюцца пупышкі. Кожную раніцу ты выходзіш на балкон і з кожнай новай цыгарэтай лічыш сантыметры: наколькі сантыметраў раскрылася твая пупышка…

У ёй, гэтай вясной, распускаюцца, быццам пупышкі, вусны тваёй каханай… Ты накрываеш іх сваімі вуснамі.

Гэта твая вясна. Іншай быць не можа.

Але вясна можа быць і для ўсіх! Яе падарыла надоечы ўсім нам малады дызайнер Кацярына Цікота. Яна стварыла калекцыю адзення для цяжарных і з поспехам прадставіла яе ў галерэі “Мінск”.

Тут я хачу зрабіць адмысловы адыход ад тэксту. Да гэтага я ніколі не любіў галіну нашага жыцця, якая называецца fashion. Я не любіў гэтых даўганогіх,  худых,  ростам пад два метры дзяўчат, якія матляюцца па подыуме і, здаецца, вось-вось бразнуцца аб падлогу. Я не любіў fashion-дызайнераў. Я нават не любіў іх улюбёныя колеры — pink і blue (ружовы і блакітны). Мае ўлюбёныя былі і ёсць белы, чырвоны, гранатавы, абрыкосавы, фіялетавы… А самы-самы любімы колер — гэта колер маёй першай вясны. Бэзавы.

З Кацярынай Цікота я пазнаёміўся недзе 5 гадоў назад. Гэта была цікавая young lady: са сваім поглядам на fashion-культуру і на культуру ў цэлым. Я зрабіў тады з ёй інтэрв’ю, і больш за ўсё мне спадабаўся гэты яе пасаж: “Са сваім маладым чалавекам я гуляла па Парыжы ўвесь дзень. Больш за ўсё мне спадабаліся могілкі “Пэр-Лашэз”.

Напярэдадні паказу адзення для цяжарных я атрымаў па электронцы ад яе ліст: “Прывітанне! Гэта Каця Цікота. Буду рада, калі прыйдзеш на мой паказ. Запускаю першы ў Беларусі праект дызайнерскага адзення для будучых мам TIKOTA MAMA. Чаканне дзіцяці — самы важны і самы прыгожы перыяд у жыцці кожнай жанчыны. Кожная з нас па-новаму пазнае сябе, раскрываецца і сапраўды напаўняецца асаблівай энергіяй. Новы стан мае на ўвазе і адмысловы лад. Камфортнасць, жаноцкасць і функцыянальнасць. TIKOTA MAMA паклапаціліся пра гэта… На асабістым вопыце мы вывяраем мадэлі, у якіх зручна адпачываць, займацца сваімі справамі і пры гэтым заставацца прыгожымі. Наша асаблівасць — тое, што кожную мадэль можна насіць і ў перыяд цяжарнасці, і пасля цяжарнасці, з малым на руках. Кожная з сукенак унікальная: створана для розных выпадкаў з выкарыстаннем тактыльна прыемных матэрыялаў, дапоўнена вышыўкай і дэкорам, а асобныя сукенкі і сарафаны маюць спецыяльныя кішэні для кармлення. Чэрпаем натхненне ў гэтым прыгожым стане і з любоўю увасабляем ідэі ў жыццё!”

Я адказаў Кацярыне па электронцы: “Прыйду”.

А ў дзень паказу мы сустрэліся на парозе выставачнай залы галерэі “Мінск”. Па-сяброўску пацалаваліся ў шчочку.

А потым я заўважыў, што ў яе… жывоцік.

А потым я заўважыў яшчэ з тузін жанчын ад 18 да 45 — усе з жывоцікамі.

А потым я ўбачыў іх на подыуме ў адзенні ад TIKOTA MAMA.

У іх была першая цяжарная вясна…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.