Вясновая выстава

- 11:19Навіны рэгіёнаў

Каля 800 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладнога кірунку ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна. Каб прадэманстраваць творчыя дасягненні гурткоўцаў, чатыры разы на год тут ладзяцца выставы лепшых работ юных талентаў.

Выстава “Вясновая рапсодыя” вызначылася яшчэ і тым, што ў яе межах арганізавана персанальная выстава вучаніцы 10 класа гродзенскай гімназіі № 10 Валерыі Самусевай.

— Валерыя — вельмі таленавітая, творчая дзяўчына, якая шукае свой почырк у розных мастацкіх стылях, — расказвае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Арт-каларыт” Святлана Шапілава. — Яе работы вызначаюцца смелым спалучэннем колераў, нясуць зарад добрага настрою. А яшчэ Валерыя займаецца музыкай, на “выдатна” вучыцца ў гімназіі, 3-е месца заняла на абласным этапе алімпіяды па грамадазнаўстве.

Як расказала загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці “Спектра” Алена Коханава, на выставе “Вясновая рапсодыя” прадстаўлена 180 работ у самых розных тэхніках — кераміка і мяккая цацка, роспіс па дрэве і бісерапляценне, мадэляванне з паперы. Таксама тут можна ўбачыць работы, якія былі адзначаны на гарадскіх і абласных выставах дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

На ўрачыстае адкрыццё “Вясновай рапсодыі” запрасілі яе ўдзельнікаў, педагогаў, бацькоў. Самых актыўных адзначылі граматамі і салодкімі пачастункамі. Наступная выстава адбудзецца летам.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.