Гэтая восень маленькім дашкольнікам з Любані запомніцца не толькі стракатымі фарбамі лісця, а і незвычайным карагодам, які прынёс малым мноства эмоцый. Упершыню ў горадзе прайшоў раённы конкурс-свята “Восеньскі карагод”. Мерапрыемства прадугледжвала правядзенне беларускіх народных гульняў на свежым паветры.
“Восеньскі карагод” сабраў самых маленькіх жыхароў Любані — яго ўдзельнікамі сталі выхаванцы пяці ўстаноў дашкольнай адукацыі. Усе яны сабраліся ў гарадскім парку культуры і адпачынку. Кожная з устаноў — удзельніц мерапрыемства падрыхтавала і правяла беларускую народную гульню.
— Атрымалася цудоўнае свята для дзяцей. Яно дазволіла развіваць рухальныя, творчыя здольнасці дзяцей і адначасова далучаць іх да традыцый, культуры беларускага народа праз народныя гульні на свежым паветры. Атрымалася цікава, весела і ў той жа час карысна, — расказвае Алена Віктараўна Кандраценя, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Любанскага райвыканкама.
Усе ўдзельнікі добра падрыхтаваліся — не толькі знайшлі і развучылі гульні, але і падабралі касцюмы. І вось да дзяцей завіталі Іванка і Марылька, Мікіта з Мікіціхай і правялі вясёлую музычную гульню ў суправаджэнні баяна. Малым давялося пераўтварыцца ў “гусей-лебедзяў” і пастарацца не трапіць у лапы злоснага ваўка. Мерапрыемства праходзіла выключна на беларускай мове.
Паколькі гэта не толькі свята, але і конкурс, журы давялося вызначаць пераможцаў. Праўда, без узнагарод не застаўся ніхто. На першым месцы апынуўся дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Казка”, другое месца падзялілі паміж сабой яслі-сад № 5 і № 6, а трэцяе — Сароцкі яслі-сад і яслі-сад № 4 Любані. Усе маленькія ўдзельнікі свята атрымалі салодкія падарункі.
Мерапрыемства ўсім спадабалася, яно было аздоблена самай шчырай дзіцячай радасцю. І пакуль малыя радаваліся і атрымлівалі асалоду, дарослыя задумаліся, а ці не зрабіць свята-конкурс штогадовай традыцыяй.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі,
спорту і турызму Любанскага райвыканкама і МАІРА.