Сотні юных талентаў з Беларусі, Расіі і Казахстана зноў зайгралі яркімі фарбамі ў “Вясёлцы над Віцебскам”. Унікальны форум, арганізатарамі якога выступаюць турыстычная фірма “Ілва” і Палац творчасці дзяцей і моладзі Віцебска пад эгідай упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, скіраваны на ўмацаванне міжнародных сувязей і супрацоўніцтва, абмен дасягненнямі паміж удзельнікамі з розных краін, прапаганду яднання розных нацыянальных культур, удасканаленне эстэтычнага выхавання моладзі. Традыцыйна “Вясёлка над Віцебскам” праводзіцца ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і надае яму новае вымярэнне, дзе пануюць дзіцячыя шчырасць і непасрэднасць, радасць пазнання і сяброўства.
Чарадзейная вясёлкавая казка штогод дорыць удзельнікам, арганізатарам — а найбольш гледачам — незабыўныя ўражанні і адкрыцці. Сёлета як самае яркае з іх найперш трэба адзначыць выступленне вакальнага ансамбля хлопчыкаў NEXT Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды (Іванава, Брэсцкая вобласць) пад кіраўніцтвам Святланы Ксёнда: выдатна падабраны рэпертуар, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, што асабліва складана ў рознаўзроставым калектыве, — бясспрэчны гран-пры! І гэта, між іншым, пры надзвычай высокім узроўні канкурэнцыі. Журы, каб быць аб’ектыўным, не хапіла звыклай сістэмы балаў, таму прыйшлося перайсці на падлік у дробах: так часам і вызначаліся лідары. Што тычыцца вакалу, то прыемна здзівілі і віцябляне, у тым ліку і знаёмыя не толькі ў вобласці, але і далёка за яе межамі выхаванцы Палаца дзяцей і моладзі Віцебска Яна Макаранка, Ульяна Старасценка і Карына Клопава (мастацкі кіраўнік — Вольга Сяргеева). Усе яны сталі лаўрэатамі І ступені ў намінацыі “Саліст-вакаліст эстраднага кірунку”.
Аднак, як ні дзіўна, найбольш адчувальную канкурэнцыю іванаўцам склаў адзін з самых маладых удзельнікаў мінчанін Яраслаў Саколікаў (лаўрэат І ступені ў намінацыі “Эстрадны вакал”, выхаванец ЦТ “Гарадскія паркі”, вакальнай студыі “Анёлы музыкі пад кіраўніцтвам Інгі Зюскінай). Яно і вядома — з такой групай балельшчыкаў! Яраслава падтрымлівалі і маці, і бацька, і маленькі брацік Елісей. Шкада, што не бывае другога гран-пры…
Моцны дэсант вакалістаў прыехаў з Каломны. Слухаючы галасы юнакоў і дзяўчат, нельга не злавіць сябе на думцы: як жа незаслужана забыты маладымі спевакамі класічны вакал, гэта ж ГУЧЫЦЬ! І абсалютна іншае, але не менш прывабнае гучанне: “самы шумны”, як яго з сімпатыяй назвалі, калектыў фестывалю — ансамбль ударных установак Drum Show пад кіраўніцтвам Мікалая Жалезнякова (аршанская дзіцячая школа мастацтваў № 2). Без абаяльных, вытанчаных і спрытных дзяўчат-барабаншчыц “Вясёлка” страціла б у яркасці і прывабнасці..
Жоўта-залацістыя, задорныя, сонечныя старонкі фестывалю, на маю думку, у першую чаргу раскажуць пра чашніцкі “Рытм” (настолькі кранальных і пераканаўчых “куранятак” за апошнія некалькі гадоў і не ўспомніць) і дзіцячы ўзорны харэаграфічны ансамбль “Сонейка” Сергіева-Пасадскага раёна (п.Беразнякі, Расія; кіраўнік — Ала Сляпцова). Дарэчы, з Чашнікаў прыбыла найбольшая па колькасці ўдзельнікаў каманда: і вакалісты, і харэаграфія з дастойнай падрыхтоўкай. Пра расіян жа дадам: яркія касцюмы і яркі настрой, нават у дождж энергія “Сонейка” літаральна выпраменьвала на ўсіх добры настрой і пазітыў.
За 5 гадоў існавання дзіцяча-юнацкага фестывалю на яго канцэртныя пляцоўкі выйшла больш за 3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Геаграфія супрацоўніцтва пастаянна пашыраецца. Калі першая “Вясёлка” аб’яднала артыстаў толькі з Віцебска, Масквы, Рудні і Смаленска, то цяпер на яе палітры было прадстаўлена 19 гарадоў і рэгіёнаў. Да кола сяброў, якія традыцыйна ўдзельнічаюць у фестывалі, далучыліся Брэст, Гродна, Слуцк, а таксама Уладзівасток, Сароў, Каломна, Эльгяй (Расійская Федэрацыя) і Паўладар (Казахстан). Няцяжка здагадацца, што для многіх канкурсантаў сама дарога ў горад над Дзвіной была няпростым выпрабаваннем. Так, навучэнцы Эльгяйскай сярэдняй школы Сунтарскага ўлуса Рэспублікі Саха (Якуція) Афанасій Пятроў і Анжэла Грыгор’ева разам з мастацкім кіраўніком Еўдакіяй Крывашапкінай спачатку 26 гадзін на аўтамашыне ехалі да станцыі чыгункі, потым на цягніку да аэрадрома, самалётам да Масквы і зноў цягніком — да Віцебска. Затое як цёпла вітала стомленых гасцей паўночная сталіца! А іх галасы, дарэчы, сталі яшчэ адным адкрыццём фестывалю. Як вынік — маладыя людзі атрымалі ўнушальную калекцыю ўзнагарод, сярод якіх дыплом І ступені ў намінацыі “Эстрадны вакал. Дуэт”, дыплом ІІІ ступені ў Анжэлы і І ступені ў Афанасія ў намінацыі “Саліст-вакаліст эстраднага напрамку”, званні лаўрэатаў І ступені ў намінацыях “Саліст-вакаліст народнага напрамку” і “Саліст-вакаліст акадэмічнага напрамку” адпаведна. Выступаючы на канцэртных пляцоўках фестывальнай сталіцы, дзеці шчодра дораць гледачам уласнае мастацтва. І ў сваю чаргу знаёмяцца са старадаўнім і прыгожым Віцебскам, а замежныя ўдзельнікі праз яго — з нашай рэспублікай.
— Беларусы, як і расіяне, умеюць і любяць сустракаць сяброў. Я даўно марыла наведаць вашу краіну і рада, што мара больш чым спраўдзілася, — падзялілася думкамі выкладчык дзіцячай школы мастацтваў № 2 Сарова Ніжагародскай вобласці мастацкі кіраўнік узорнага ансамбля народнай песні “Горніца” Ірына Оськіна. — Арганізацыя па-добраму здзівіла: мы паўдзельнічалі ў выдатным свяце творчасці, якое мае арыгінальнае і прывабнае аблічча. Але галоўнае — сам Віцебск, яго архітэктура, менталітэт. Прыехала — і адразу адчула сваё — роднае, блізкае, светлае. Сюды хочацца вяртацца. Канечне, я і мае выхаванцы ўдзячны гледачам за патрымку, а журы — за высокую ацэнку нашага майстэрства: наш ансамбль адзначаны званнем лаўрэата І ступені
Сапраўды, арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб юныя артысты падчас знаходжання на віцебскай зямлі адчувалі сябе тут як дома. Па прызнанні дырэктара Палаца дзяцей і моладзі Віцебска Ларысы Мішурнай, нават выбар часу правядзення фестывалю невыпадковы: госці наведваюць канцэрты “Славянскага базару” (у тым ліку і ў знакамітым Летнім амфітэатры), выставы і “Горад майстроў”, набываюць сувеніры на памяць — адным словам, акунаюцца ў атмасферу свята. Акрамя таго, для іх заўсёды падрыхтавана багатая культурна-забаўляльная праграма, дзе прадугледжаны экскурсіі па Віцебску і ваколіцах, паездкі ў музей-сядзібу Ільі Рэпіна ў Здраўнёва і ў Дом-музей Марка Шагала на вуліцы Пакроўскай. Пасля вяртання дадому дзеці і дарослыя дзеляцца захапленнем з сябрамі і знаёмымі. Гэта самая лепшая рэклама, і яна, безумоўна, мае месца быць: калектывы на палітры “Вясёлкі” не паўтараюцца, прыязджаюць усё новыя і новыя, аднак рэгіён ці горад, што аднойчы адзначыўся на фестывалі, хутчэй за ўсё стане ўдзельнічаць у яго праграмах і далей.
Фантастычна, але факт: штогод у час адкрыцця фестывалю можна ўбачыць рознакаляровы “мост ад неба да поля, ад вечнасці да імгнення”. Летась проста шыкоўная вясёлка з’явілася ў небе, нават двайная. Сёлета ж было яшчэ цікавей: яна перамясцілася на зямлю. А як інакш назваць вялікую рознакаляровую святочную калону дзяцей у нацыянальных і сцэнічных касцюмах, якая ад плошчы 1000- годдзя рушыла па ўзбярэжжы Заходняй Дзвіны? І, узнімаючыся па прыступках да мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў, нібыта зноў імкнулася ў неба… Удзельнікі шэсця голасна выяўлялі свае патрыятычныя пачуцці, хорам скандзіруючы назвы гарадоў, выказваючы нязломную ўпэўненасць у перамозе. Ды так апантана і заўзята, што нават выпадковыя дарослыя сведкі незвычайнага відовішча не маглі не ўсміхнуцца ў адказ, а некаторыя яшчэ і далучаліся, пачыналі заўзята падтрымліваць землякоў. Так што традыцыя захавалася: побач са стракатай “дзіцячай” вясёлкай назіралася (і чулася!) яе “дарослая” спадарожніца.
…“Вясёлка над Віцебскам — 2014” — гэта рэпетыцыі і канцэрты, перамогі і… таксама перамогі, бо выйсці на сцэну і прыгожа праспяваць, павысіць самаацэнку, заслужыць апладысменты — дарагога варта. Гэта мноства кветак, музыкі і добрых усмешак; сяброўства без межаў і ўзаемаразуменне без слоў (чаму бліскуча пасадзейнічаў тэатр эстрадных мініяцюр “Мім-шоу” Палаца дзяцей і моладзі Віцебска пад кіраўніцтвам Максіма Мішурнага). Гэта важкая і пякучая, як сляза, хвіліна маўчання ля Вечнага агню і пленэр юных мастакоў. Гэта напружаныя перажыванні і бесклапотная радасць. Зрэшты, вясёлка, як і жыццё, бясконцае, таму што сёння, пасля завяршэння фестывалю, ужо нараджаюцца ідэі наступнага, і яны вельмі цікавыя. А значыць, мы яшчэ абавязкова сустрэнемся ў Віцебску!
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.