Вясёлка юных талентаў

- 11:02Навіны рэгіёнаў

Свеціцца, пераліваецца вясёлкай юных талентаў Слонімскі раённы фестываль дзіцячай музычна-песеннай і танцавальнай творчасці “Вясновая капель”, які адбываецца раз у два гады. Першы фестываль прайшоў у 1999 годзе. У 2017 годзе юбілейны, дзясяты, фестываль сабраў больш за 200 юных артыстаў з 18 устаноў дашкольнай адукацыі раёна.

Кожны фестываль не падобны на папярэдні. У 2011 годзе адбыўся “Баль у Золушкі”, у 2013 годзе артысты і гледачы акунуліся ў казку “Залаты ключык”, у 2015 годзе праграма была пабудавана на аснове вядомага мультфільма “Маша і Мядзведзь”, а ў гэтым годзе — у форме вясёлага цыркавога паказу, які вялі гарэзныя клоўны Клёпа і Сцёпа, педагогі спецыяльнага ясляў-сада Слоніма Святлана Сахань і Святлана Сегень, і канферансье Дзмітрый Случко.

Сваіх гасцей фестываль сустракаў на плошчы каля Слонімскага цэнтра культуры і адпачынку ўрачыстым дэфіле ансамбля барабаншчыц сярэдняй школы № 9 горада. Сярод ганаровых гасцей — начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Альбіна Давідовіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слонімскага райвыканкама Тэрэса Юшкевіч, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжаліка Кухта, якія ўручылі дзецям салодкія пачастункі.

Прынялі ўдзел у фестывалі не толькі выхаванцы, але і бацькі: сямейны джаз-банд Наўгародскіх (яслі-сад № 6 Слоніма), дуэт таты і дачкі Сяргея і Вікторыі Порац (яслі-сад № 3 Слоніма).

Поспех мерапрыемства ў многім залежаў ад згуртаванай творчай каманды сцэнарыстаў, афарміцеляў і памочнікаў: Таццяны Шэндзелевай, загадчыка ясляў-сада № 11 Слоніма; Тамары Белуш, загадчыка, і Вольгі Златкоўскай, выхавальніка ясляў-сада № 5 Слоніма; Валянціны Камар, загадчыка, і Алены Баль, музычнага кіраўніка ясляў-сада № 6 Слоніма; Святланы Масюк, кіраўніка раённага метадычнага аб’яднання музычных кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі; Аксаны Дзейка, музычнага кіраўніка ясляў-сада № 18 Слоніма; Святланы Маўчанавай і Алены Філіпені, музычных кіраўнікоў ясляў-сада № 16 Слоніма.

Упершыню ў рамках фестывалю была арганізавана выстава-экспазіцыя “Дашкольная адукацыя: ідэі і творчасць!”, на якой установы дашкольнай адукацыі раёна прадставілі педагагічныя ідэі, напрацоўкі ў сферы навучання і выхавання дашкольнікаў.

Усе ўдзельнікі фестывалю былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях падарыў дзецям размалёўкі і брашуры “Не пакідайце дзяцей адных без нагляду”. Спецыяльны падарунак ад раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” атрымаў спецыяльны яслі-сад Слоніма.

Святлана БУЛЫКА,
галоўны спецыяліст сектара агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі
аддзела адукацыі, 
спорту і турызму Слонімскага райвыканкама.