“Вясёлка” з’явілася ў Смалявічах

- 11:00Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Новы дзіцячы яслі-сад “Вясёлка” стаў шыкоўным і доўгачаканым падарункам жыхарам Смалявіч да свята 7 лістапада, а таксама да 90-гадовага юбілею, які сёлета адзначае Смалявіцкі раён.

Жыхарка Смалявіч Вольга Бальнікава — мнагадзетная маці. Кожную раніцу ёй даводзілася максімальна праяўляць свае арганізатарскія здольнасці, каб паспець адвезці малодшага з трох яе сыноў на іншы канец горада ў дзіцячы садок, старэйшых хлопчыкаў сабраць і адправіць на вучобу, ды яшчэ потым не спазніцца на работу. Таму адкрыццё новай дашкольнай установы стала для сям’і Бальнікавых святам. “Для нас гэта вялікая падзея, — дзеліцца ўражаннямі Вольга, — я ў захапленні, што наш сын будзе наведваць гэты дзіцячы сад. Я рада не толькі таму, што сад знаходзіцца побач з нашым домам, але і таму, што ён сучасны, прыгожы і добра абсталяваны”.
Абсталяваны яслі-сад № 6 “Вясёлка” і сапраўды цудоўна. Дзетак тут чакаюць светлыя пакоі, утульныя спальні, музычная, спартыўная і трэнажорная залы, адаптаваныя спецыяльна для дашкалят. Свае творчыя здольнасці малышы змогуць рэалізаваць у мастацкай студыі, а для здаровага росту і развіцця ёсць у “Вясёлцы” фізіятэрапеўтычны і масажны кабінеты, басейн. Дыхаць свежым паветрам маленькія смалявічане будуць падчас прагулак на спартыўнай пляцоўцы, якая складаецца з трох міні-пляцовак для баскетбола, футбола, валейбола і іншых рухавых гульняў.
Высока ацаніў новую дашкольную ўстанову міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, які прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця: “Тут створаны ідэальныя, на мой погляд, умовы. І я магу з адказнасцю сказаць, што такіх устаноў у іншых краінах практычна не будуюць, — выказаў сваё меркаванне Сяргей Аляксандравіч. — Вельмі важна, каб дзеці адразу акунуліся ў тое асяроддзе, якое мы называем развіццёвым. У гэтай установе адукацыі ёсць усё неабходнае і для фізічнага, і для інтэлектуальнага развіцця”.
У 12 групах сада будуць выхоўвацца 230 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёння гэтага дастаткова, каб месцаў у дашкольных установах хапіла ўсім смалявіцкім дзецям. “Гэты дзіцячы сад быў сапраўды патрэбны, праблема з садамі ў Смалявічах была, і ў выніку будоўлі новых мікрараёнаў яна пачала нарастаць, — расказвае Галіна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — Сёння адкрыццём новага сада мы поўнасцю вырашаем пытанне з месцамі ў дашкольных установах на гэтым этапе. Далей, з развіццём жылых мікрараёнаў у Смалявічах, зразумела, мы будзем праектаваць і будаваць новыя ўстановы дашкольнай адукацыі”.
Наогул, калі казаць пра забяспечанасць маленькіх жыхароў нашай краіны месцамі ў дзіцячых садках, то Мінская вобласць аб’ектыўна знаходзіцца ў няпростым становішчы. Прыгарад сталіцы апошнім часам расце хуткімі тэмпамі, павялічваецца насельніцтва Міншчыны, развіваюцца гарады-спадарожнікі. Але ўлады вобласці стараюцца трымаць сітуацыю пад кантролем: “З 2009 года ў вобласці з’явілася 14 дашкольных устаноў. Было пабудавана 7 дзіцячых садоў за бюджэтныя сродкі, адзін — за сродкі прыватнага інвестара, 6 садоў з’явіліся ў выніку рэканструкцыі будынкаў, якія раней не функцыянавалі. Мы і далей будзем сачыць за сітуацыяй і старацца аператыўна вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць”, — падкрэсліла Галіна Мікалаеўна Казак.
Чырвоная стужка перарэзана, сімвалічны ключ ад сада — у руках загадчыцы новай установы адукацыі, педагогі чакаюць сваіх маленькіх выхаванцаў. Застаецца пажадаць, каб дзіцячы сад з сімвалічнай назвай “Вясёлка” стаў для малых чароўным рознакаляровым мостам у свет цудаў і творчасці.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.