Вясёлкавы адпачынак

- 9:20Адукацыйная прастора

Падчас сёлетняй аздараўленчай кампаніі ў Давыд-Гарадоцкім яслях-садзе № 2 Столінскага раёна быў рэалізаваны пазнавальна-творчы праект “Вясёлкавы чэлендж”, які аб’яднаў педагогаў, дзяцей і іх бацькоў.

— Спачатку быў распрацаваны план “вясёлкавага” тыдня, размеркаваны ролі і абавязкі, падабраны сцэнарыі, музычнае су­праваджэнне, дыдактычныя гульні, загадкі і заданні, падрыхтаваны касцюмы, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада А.У.Сімановіч. — Абавязковая ўмова тыдня — колер адзення дзяцей і педагогаў павінен адпавядаць колеру пэўнага дня.

Ранкам дашкольная ўстанова сустракала выхаванцаў вясёлай музыкай. У госці да іх прыходзілі казачныя героі (дамавік Кузя, Лісічка, Царэўна-жаба, Фея кветак, Нязнайка і інш.), з якімі дзеці і педагогі гулялі, адгадвалі загадкі, танцавалі і выконвалі розныя заданні.

На працягу “каляровых” дзён дашкольнікі займаліся пазнавальнай, выяўленчай, рухальнай і гульнявой дзейнасцю. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічалі ў дыдактычных гульнях “Каляровыя прадметы”, “Знайдзі і назаві ўсё чырвонае”, “Знайдзі і назаві ўсё аранжавае” і “Знайдзі жоўты колер на адзенні сябра”, рухавых гульнях “Чырвоная стужка”, “Фарбы”, “Вясёлы агурок” і “Жабкі-паскакушкі”, выконвалі творчыя работы, прыдумлялі “каляровыя” казкі і інш. Асаблівую цікавасць у выхаванцаў выклікала выяўленчая дзейнасць, падчас якой яны стваралі вырабы і малюнкі ў пэўнай колеравай гаме. Бацькі рыхтавалі матэрыялы да заняткаў. Фота- і відэасправаздачы пра кожны дзень размяшчаліся ў бацькоўскіх чатах і на інфармацыйных стэндах.

Даволі захапляючым атрымалася выніковае мерапрыемства — музычнае свята “У госці да Вясёлкі”, напоўненае гульнявымі заданнямі, музычнымі гульнямі, песнямі і танцамі.

“Вясёлкавы” тыдзень прайшоў надзвычай ярка і весела. У захапленні былі і дзеці, і дарослыя. Сумесная работа згуртавала калектыў і падарыла ўсім шмат станоўчых эмоцый.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.