Мастацкі талент Людмілы Ходас са Смаргоні заўсёды ўражваў тых, хто бачыў створаныя ёй рэчы. Калі дзяўчына вызначалася з прафесіяй, усе прадракалі ёй кар’еру мастачкі, але яна марыла стаць толькі выхавальніцай. І ўжо 25 гадоў Людміла Яўгенаўна стварае прыгожыя рэчы для выхаванцаў дзіцячага сада № 3 Смаргоні. Ацаніла іх і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Хоць сярод выхавальніц гэтага дзіцячага сада шмат майстрых, усё ж група Людмілы Ходас ва ўстанове самая яркая. Амаль усе цацкі для дзяцей створаны яе рукамі і дапамагаюць асвоіць любую праграмную тэму. Асабліва шырока прадстаўлены наглядныя матэрыялы па тэме Беларусі.
Роднаму краю тут прысвечаны некалькі кампазіцый. Вязанаму сонцу падстаўляюць свае пялёсткі рамонкі і валошкі, спее ўраджай у намаляваных садах і агародах. Лета тут схавалася ў азёрах і квітнеючых лугах, у налітых сокам суніцах, восень — у спелых сланечніках, збожжы. Каб дзеці наглядна бачылі ўраджай хлеба на стале, з розных збожжавых Людміла Ходас спякла каравай, пірагі, пляцёнкі, баранкі.
Як каля разгорнутай энцыклапедыі, тут можна вывучаць не толькі раслінны, але і жывёльны свет Беларусі, насякомых: у лесе назапашваюць на зіму грыбы вавёркі, дзікім яблыкам рады вожыкі, у полі збірае мёд руплівая пчолка, хваляцца сваёй прыгажосцю матылькі і стракозы, грэюцца на сонцы багоўкі.
Разнастайнасць беларускіх рамёстваў прадстаўлена ў вырабах з лазы, саломкі, тканым адзенні лялек, аздобленых вышытымі ўзорамі і дзіўнага пляцення паясамі. Пра самыя любімыя ў беларусаў віды спорту расказвае экіпіроўка лялечных спартсменаў — сярод іх і хакеісты, і футбалісты, і баскетбалісты…
— Мой тата быў творчым чалавекам — ён ва ўсім умеў убачыць адмысловае і ўвасобіць гэта ў рэчах. Асабліва любіў сталярнічаць. Мабыць, таму і я з дзяцінства на ўсё глядзела інакш. Колькі сябе памятаю, я з пэндзлем. Усё, што бачыла, чым захаплялася, уражвалася, мне хацелася намаляваць. У дзяцінстве я сама сабе рабіла лялек з абрэзкаў тканіны, ёлачныя ўпрыгажэнні, з запалкавых пачкаў склейвала цэрквы і іншыя архітэктурныя збудаванні. Іншыя пераступалі корч, а ў мяне ён вымалёўваўся ў арыгінальны вобраз — заставалася толькі прымацаваць да яго некалькі дэталек. У школе я была юннатам, рабіла прыродныя кампазіцыі, была адказная за выпуск насценгазеты, — успамінае Людміла Яўгенаўна.
Узровень творчых работ Людмілы Ходас заўсёды высока ацэньвалі прафесіяналы. Пачынаючы са студэнцкай дыпломнай работы (яе 3D-аплікацыя атрымала найвышэйшы бал) і да сённяшніх творчых конкурсаў, у тым ліку міжнародных.
Цікава, што ніколі педагог не пазычала чужыя ідэі. Нават цяпер, калі натхненне і вобразы можна знайсці ў інтэрнэце, яна стараецца абыходзіцца без гэтага — не любіць паўтараць ужо створанае іншымі. На маё пытанне, ці не было думкі выбраць мастацкі шлях, суразмоўніца адказвае: “Якраз яго і выбрала. Без творчасці ў нашай прафесіі няма чаго рабіць. І я з ахвотай спалучаю тое, што больш за ўсё люблю”.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і Галіны ЯГОРАВАЙ