Выбіраем Беларусь!

У рамках правядзення II Адукацыйнага форуму замежных выпускнікоў ВНУ краін СНД у мінулую пятніцу ў Міністэрстве адукацыі прайшла сустрэча міністра адукацыі М.А.Жураўкова з членамі Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў ВНУ Беларусі з розных краін свету.

Міжнародная асацыяцыя існуе ўжо 8 гадоў і мае на мэце захаваць і пашырыць сувязі замежных выпускнікоў нашых ВНУ, стварыць самыя спрыяльныя ўмовы для іх больш цеснага супрацоўніцтва ў культурнай, навуковай, эканамічнай сферы, садзейнічаць беларускім ВНУ ў падрыхтоўцы кадраў згодна з сусветнымі патрабаваннямі і папулярызаваць беларускую сістэму адукацыі на міжнароднай арэне.

На сёлетнім форуме пад назвай “Традыцыі + інавацыі — гарант поспеху сучаснай вышэйшай школы” была пастаўлена задача актывізаваць прафесійныя кантакты для больш паспяховага нарошчвання экспарту беларускіх тавараў і паслуг, у тым ліку адукацыйных, уключаючы далучэнне замежных студэнтаў для навучання ў нашай краіне. У форуме прынялі ўдзел больш за 100 былых выпускнікоў нашых ВНУ з 30 краін свету. На мерапрыемства былі таксама запрошаны прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламаты, бізнесмены, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і навуковых арганізацый.
На сустрэчу ў Міністэрства адукацыі прыбылі прадстаўнікі Палесціны, Азербайджана, Марока, Кыргызстана, Лівана, Індыі і іншых краін.

— Для нас вельмі важна, што вы праз столькі гадоў пасля заканчэння нашых вышэйшых устаноў адукацыі не забываеце Беларусь, тыя часы, калі вы тут жылі і вучыліся, сваіх сяброў, — звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. — Вы рэальныя праваднікі паміж краінамі, якія злучаюць нас, аб’ядноўваюць, мацуюць нашы сувязі і пашыраюць узаемадзеянне ў розных сферах дзейнасці.

Міхаіл Анатольевіч прызнаў, што асацыяцыя — вельмі важнае звяно ў наладжванні новых мастоў міжнароднага супрацоўніцтва Беларусі з іншымі партнёрамі, што з’яўляецца прыярытэтам для нашай краіны. Сёння пастаўлена важная задача павялічыць колькасць замежных студэнтаў ва ўстановах адукацыі Беларусі і пашырыць геаграфію краін, якія пасылаюць у Беларусь сваю моладзь. Цяпер у нас вучыцца каля 19 тысяч чалавек з самых розных краін. У будучыні плануецца павялічыць гэтую колькасць у 1,5—2 разы, а геаграфію краін істотна пашырыць.

Міністр адукацыі выказаў спадзяванне, што і з дапамогай асацыяцыі гэтыя задачы стануць рэальнасцю. Міхаіл Анатольевіч паведаміў, што для навучання ў Беларусі створаны ўсе ўмовы: пабудавана студэнцкая вёска, кожная ўстанова, у тым ліку ў рэгіёнах, мае сучасную вучэбную базу, змест навучання з улікам патрабаванняў эканомікі пастаянна ўдасканальваецца, мае практыка-арыентаваны характар.

Намеснік старшыні Савета міжнароднай асацыяцыі гандлёвы аташэ Палесціны ў Рэспубліцы Беларусь Хамуда Хасан прызнаў, што для яго Беларусь была і застаецца роднай краінай, дзе ён правёў свае самыя лепшыя юнацкія гады.

— Сёння Беларусь не пазнаць, — адзначыў Хамуда Хасан. — Яна стала вельмі прыгожай, сучаснай, але па-ранейшаму ў ёй пануе дух добразычлівасці, гасціннасці, талерантнасці, якія ўласцівы беларускаму народу. І мы павінны фарміраваць у нашых краінах, у нашай моладзі вобраз сучаснай Беларусі. Усе тыя багатыя традыцыі, усе здабыткі, назапашаныя вашай краінай у мінулым, мы павінны канверсаваць у новыя праекты адукацыі, навукі, культуры і эканомікі.

Хамуда Хасан адзначыў, што ў гэтым напрамку ёсць яшчэ шырокае поле дзейнасці, вялікі патэнцыял, які трэба рэалізоўваць. І ў гэтым вельмі важна развіваць прысутнасць міжнароднага супольніцтва выпускнікоў у іншых краінах, дадаць у гэта, як кажуць, свежай крыві і тым самым далучаць у гэты рух усё новых і новых выпускнікоў. Мэтазгодна было б больш цесна працаваць з замежнымі студэнтамі, якія сёння вучацца ў Беларусі.

Зухейры Маруан, старшыня Асацыяцыі выпускнікоў ВНУ Беларусі ў Ліване, не быў у нашай краіне 30 гадоў, але па-ранейшаму, як і яго калегі з іншых краін, добра размаўляе на рускай мове.

— Я ганаруся, што вучыўся ў Беларусі і да сённяшняга дня захаваў самае пяшчотнае стаўленне да яе, да яе народа, — адзначыў Зухейры Маруан. — У Ліване мы ініцыіруем шматлікія мерапрыемствы, звязаныя з азнаямленнем ліванцаў з Рэспублікай Беларусь, мы цесна супрацоўнічаем з установамі адукацыі вашай краіны, да нас прыязджаюць студэнты, педагогі і расказваюць пра вашу краіну. Мы імкнёмся, каб наша моладзь праніклася найлепшымі пачуццямі да Беларусі і выбірала яе месцам для сваёй вучобы. І я ўпэўнены, што аб гэтым нашы маладыя людзі ніколі не пашкадуюць, як ніколі не пашкадаваў я.

Намеснік старшыні Кыргызскай асацыяцыі “Выпускнікі беларускіх ВНУ” Болат Кумараў пасля навучання ў ВНУ Беларусі здзейсніў удалую кар’еру і вырас да губернатара адной з абласцей Кыргызстана.

— Той вялікі багаж ведаў, які я атрымаў у вашай ВНУ, стаў асновай для маёй жыццядзейнасці і кар’ернага росту, — паведаміў Болат Кумараў. — І за гэта я вельмі ўдзячны вашай краіне. Наведваючы ўстановы адукацыі Беларусі, я быў уражаны іх сучасным станам і той добразычлівай студэнцкай атмасферай, якая там пануе. Цяпер я ўпэўнены ў выбары краіны, дзе будуць вучыцца мае дзеці, — гэта Беларусь.

Сваіх дзяцей плануе накіраваць на вучобу ў Беларусь і Лаомі Зухір, былы выпускнік адной з ВНУ нашай краіны, а сёння член парламента Каралеўства Марока. Пры такой высокай пасадзе і загружанасці дзяржаўнымі справамі ён знаходзіць час, каб пасадзейнічаць рабоце міжнароднай асацыяцыі і прыўносіць у яе дзейнасць свае рысы. У Марока праводзіцца разнастайная работа па ўмацаванні сувязей з Беларуссю. Шмат спраў запланавана і на будучыню. Новыя ідэі прыйшлі да фарумчан пасля правядзення шматлікіх мерапрыемстваў, уключаных у праграму правядзення форуму. Гэта пленарнае пасяджэнне ў Нацыянальнай бібліятэцы, закладка Алеі Дружбы ў БНТУ, інтэрактыўная пляцоўка “Дыялог культур — адзіны свет”, выстава “Адукацыйны квартал” у БДУ, наведванне навучальных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.