Выбіраем тэму дня

- 11:31Дашкольная адукацыя

У яслях-садзе № 40 Гродна некалькі гадоў назад узнікла традыцыя правядзення тэматычных дзён, падчас якіх узаемадзеянне педагогаў і дзяцей максімальна арыентавана на выяўленне індывідуальных магчымасцей малышоў у разнастайнай дзейнасці. Правядзенне тэматычных дзён магчыма ў рамках адной групы, паралелі груп і з усімі дзецьмі ва ўстанове. Такія мерапрыемствы развіваюць найлепшыя якасці малышоў, фарміруюць у іх пачуццё калектывізму, узаемадапамогі, даюць магчымасць праявіць ініцыятыву і самастойнасць.

Работа з дашкольнікамі ў рамках тэматычнага дня ўключае ў сябе арганізацыю і правядзенне ў дзіцячым садзе практыка-арыентаванай, калектыўна-творчай справы па актуальнай, цікавай, запатрабаванай, прадуманай і неабыякавай для дашкольнікаў тэме. Ідэя правядзення тэматычных дзён прыйшла да нас яшчэ з савецкай педагогікі. У тыя часы такая форма работы з дашкольнікамі была адной з асноўных. Мы вырашылі вярнуць у дзіцячы сад добрую традыцыю і працягнуць яе з улікам мэт і задач сучаснай дашкольнай адукацыі.У нашай установе тэматычныя дні праводзяцца для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: дзяцей, бацькоў, супрацоўнікаў дзіцячага сада. Мы гатовы запрасіць іх усіх ва ўстанову на дзень нараджэння дзіцячага сада. Для нас гэта далёкі 1968 год, 4 верасня. У юбілейны год гэты дзень мы праводзім маштабна, з удзелам педагогаў-ветэранаў, былых выхаванцаў, шматлікіх гасцей. Для дзяцей у такія дні рыхтуецца традыцыйны “Бохан”. Малышы разам з выхавальнікамі і бацькамі загадзя пішуць апавяданні “Мой любімы дзіцячы сад”. Бацькі афармляюць віншавальныя насценгазеты. Супрацоўнікі сада таксама атрымліваюць падарунак — яны адпраўляюцца на экскурсію або іншыя культурна-пазнавальныя мерапрыемствы.
Падчас тэматычнага дня “Тэатральная гасцёўня” кожная ўзроставая група дэманструе драматызацыю казкі. Тэматыка казкі выбіраецца зыходзячы з напрамку ў рабоце калектыву на пэўны навучальны год, у рамках падрыхтоўкі да педсавета або як выхаваўчае мерапрыемства. Мы выбіраем беларускія казкі, казкі народаў свету, казкі пра дабрыню, казкі пра хлеб і іншыя. Як правіла, мерапрыемства праходзіць па паралелях, з удзелам дзяцей аднаго ўзросту. Аднак ёсць і выключэнні. Напрыклад, пры драматызацыі казак для малышоў старэйшыя дзеці рыхтуюць казкі для маленькіх, а малышы — казкі для старэйшых дзяцей. На такіх мерапрыемствах дзеці з розных груп знаёмяцца, лепш пазнаюць адно аднаго, пачынаюць сябраваць.
Тэматычны дзень “Зямельчыны вітаміны” можна фактычна назваць суботнікам па прыбіранні асенняга лісця з тэрыторыі прагулачных пляцовак. Удзельнічаюць у гэтым усе дзеці. Сабранае лісце яны нясуць на агарод, дзе ў кожнай групы ёсць свая градка, яе засыпаюць лісцем, перакопваюць яго з зямлёй. Атрымліваецца ўгнаенне для раслін. Гэтае мерапрыемства выхоўвае ў дзяцей экалагічную дасведчанасць, уменне працаваць у адзінай камандзе, калектывізм, працавітасць.
Ёсць у нас і “Смачняшчын дзень”, калі на прагулачныя ўчасткі ўсіх груп выносяць кармушкі для птушак. Да гэтага дня дзеці рыхтуюцца грунтоўна: давеваюцца пра тое, чаму чалавек павінен клапаціцца пра птушак зімой, чым харчуюцца птушкі, якія зімуюць. Дзеці вучацца накладваць корм у кармушкі. У групах ствараецца запас птушыных смачняшак.
Усе мерапрыемствы “Дня сям’і” накіраваны на падтрымку сямейных каштоўнасцей, аўтарытэту сям’і. Выкарыстоўваем разнастайныя напрамкі ў рабоце: “Сямейныя каштоўнасці”, “Сямейны сцяг”, “Сямейны герб”, “Марым разам”, “Сямейны канцэрт”, “Мой радавод”, “Нашы таленты”, фізкультурныя святы.
Існуе меркаванне, што кадры вырашаюць усё. Ніводны тэматычны дзень не прайшоў бы паспяхова без асабістага ўдзелу, працавітасці, адказнасці педагагічных кадраў. Некаторых з іх хочацца адзначыць.
Выхавальніца Марыя Валяр’янаўна П’янова, актыўны ўдзельнік тэматычных дзён, выкарыстоўвае гэтую дзейнасць для самаадукацыі па тэме беларускага народнага фальклору. Яе выхаванцы — дзеці 2 малодшай групы — з задавальненнем дэманструюць свае таленты на канцэртах для бацькоў, дзе гучыць прыгожая беларуская мова выхавальніка і дзяцей.
Рукамі выхавальніцы Святланы Уладзіміраўны Янчэні ствараюцца многія дэкаратыўна-прыкладныя шэдэўры. Яна ўдзельнік усіх выстаў установы. Работы яе выхаванцаў вылучае асаблівы мастацкі талент, яны заўсёды акуратныя, эстэтычныя. Вось і зараз Святлана Уладзіміраўна рыхтуе тэматычны плакат для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”.
І, канечне ж, наш музычны кіраўнік Валянціна Міхайлаўна Данцова, педагог, які тонка адчувае інтарэсы дзіцяці. Яна вядучая большасці тэматычных дзён ва ўстанове. Яе педагагічны такт, добры эстэтычны і музычны густ робяць любое мерапрыемства паспяховым.

Людміла ПЧАЛІНЦАВА,
загадчык ясляў-сада № 40 Гродна.