Выбіраюць педагогіку

- 12:29Навіны рэгіёнаў

Не сакрэт, што прафесійныя намеры выпускнікоў школ часта не супадаюць з запытамі сучаснага рынку працы. Многія вучні выбіраюць будучую прафесію выпадкова, па парадах бацькоў ці паводле суб’ектыўных меркаванняў. Гэта прыводзіць да лішку спецыялістаў у адных галінах і дэфіцыту ў іншых, што ўплывае на эфектыўнасць эканамічнага развіцця краіны. Педагогі брэсцкай гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава арыентуюць вучняў на прафесіі, якія ўлічваюць не толькі інтарэсы, схільнасці, здольнасці і фізічныя магчымасці дзяцей, а найперш патрэбы розных галін эканомікі ў кадрах.

— Некалькі гадоў назад у краіне назіралася ўстойлівае зніжэнне цікавасці абітурыентаў да педагагічных спецыяльнасцей, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце М.А.Вярэніч. — У нашай установе гэта абумовіла рэалізацыю трохгадовага інавацыйнага праекта, накіраванага на павышэнне цікавасці выпускнікоў да педагагічных спецыяльнасцей праз арганізацыю мэтанакіраванага ўзаемадзеяння гімназіі, БрДУ імя А.С.Пушкіна, бацькоў і соцыуму. Сумесная прафарыентацыйная дзейнасць дазволіла стварыць сістэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі і арганізаваць якасную дапрафесійную педагагічную падрыхтоўку.

У праекце ўдзельнічалі 12 педагогаў, 320 вучняў 8—11 класаў і выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна, якія забяспечвалі навукова- і арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне інававацыйнага праекта. Так, супрацоўнікі кафедры педагогікі былі задзейнічаны ў прафарыентацыйных мерапрыемствах з дзецьмі і пастаянна дзеючым семінары “Шляхі і сродкі падрыхтоўкі вучняў да прафесійнага самавызначэння на педагагічныя прафесіі”, дапамагалі распрацоўваць праграмы “Школы юнага педагога”, праводзілі навуковае кансультаванне даследчай дзейнасці. Педагогі-інаватары ўдзельнічалі ў тэматычных рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях і семінарах-нарадах.

На працягу ўсяго часу рэалізацыі праекта праводзіліся рэгіянальныя навукова-практычныя канферэнцыі, тэма якіх развіццё сацыяльных кампетэнцый асобы ў педагагічным працэсе, метадычныя дэкады і педагагічныя саветы, прысвечаныя інавацыйнай дзейнасці настаўнікаў, павышэнню эфектыўнасці ўрокаў, ролі факультатыўных заняткаў у асобасным росце і сацыялізацыі вучняў, семінары-практыкумы, круглыя сталы, інструктыўна-метадычныя нарады, індывідуальныя і групавыя кансультацыі па праблемах самаадукацыі, педагагічных даследаванняў і інавацыйнай работы. Вучні — удзельнікі праекта наведвалі заняткі “Школы юнага педагога”, якія ўключалі прафесійныя спробы ў якасці настаўніка-дублёра і класнага кіраўніка, праблемна-тэматычныя дні, даследчыя, творчыя і сацыяльныя праекты. Па выніках работы “Школы юнага педагога” 45% вучняў вырашылі звязаць будучую прафесійную дзейнасць з настаўніцтвам. У дзяцей сфарміраваліся дакладныя ўяўленні пра педагагічныя прафесіі, неабходныя якасці і патрабаванні, якія да іх прад’яўляюцца.

Для вучняў 9—11 класаў былі арганізаваны факультатывы “Мая прафесійная будучыня” і “У свеце педагагічнай прафесіі”. У рамках штогадовых дэкад прафарыентацыйнай работы праводзіўся тэматычны дзень “Педагог — самая важная прафесія на зямлі”, падчас якога праходзілі класныя гадзіны, вучні выконвалі розныя творчыя заданні (пісалі сачыненні, вершы і нарысы), дзейнічалі выставы малюнкаў “Мы і нашы настаўнікі”, “Я і мая гімназія”, “Мой прафесійны выбар”, рыхтаваліся выпускі гімназічнай газеты “Камертон”.

— Удзельнікі праекта — актыўныя члены гімназічнай думы, атрада важатых “Лідар” і валанцёрскага атрада “Роўны навучае роўнага”, — расказвае М.А.Вярэніч. — Іх удзельнікі далучаліся да арганізацыі і правядзення розных выхаваўчых мерапрыемстваў, калектыўных творчых спраў з равеснікамі і малодшымі вучнямі. Дзякуючы органам вучнёўскага самакіравання, у дзяцей фарміраваліся кіраўніцкія ўменні, навыкі публічных выступленняў і важныя асобасныя якасці (ініцыятыўнасць, адказнасць, самастойнасць). Удзел у грамадска карыснай дзейнасці дапамог вучням набыць азы педагагічных ведаў, авалодаць практычнымі прыёмамі работы з дзецьмі, развіць камунікатыўныя навыкі і лідарскія якасці, сацыяльную актыўнасць, навучыцца трансліраваць уласныя веды і вопыт.

У рамках праекта адбыліся бацькоўскія сходы “Выбар прафесіі: выбар мой ці выбар бацькоў?”, “Як дапамагчы дзіцяці ў выбары далейшага шляху”, “Свет прафесій, ці Якія дзверы адкрыць?”, “Здароўе дзіцяці і яго прафесійная будучыня” і інш. Вопыт творчай групы ўдзельнікаў праекта прэзентаваўся на тэматычных педагагічных і навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню.

Педагогаў радуе, што з году ў год павышаецца колькасць выпускнікоў, якія выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці ў профільных УВА. Так, калі ў 2014 годзе іх студэнтамі сталі 9% ад колькасці абітурыентаў, то летась — 15%.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.