Выбраць свой профіль

- 12:52Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

Для мяне, як і для многіх настаўнікаў, актуальным з’яўляецца пытанне: як эфектыўна вучыць школьнікаў? Якія метады выкарыстоўваць у навучанні, каб яны спрыялі далейшай самарэалізацыі і самавызначэнню асобы? Вядома, што школьнік, які вучыцца самастойна, мае поспех значна большы, чым той, каму ўсё тлумачаць.

Адкрываем профільныя групы

Сёння значна ўзрастаюць патрабаванні да якасці падрыхтоўкі выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў, што выяўляецца перш за ўсё ў іх здольнасці самастойна і свядома ажыццяўляць выбар будучай прафесійнай дзейнасці.
Профільнае навучанне на III ступені навучання забяспечвае на аснове дыферэнцыяцыі навучання атрыманне старшакласнікамі якаснай агульнай сярэдняй адукацыі, фарміраванне іх гатоўнасці да ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння, далейшага працягу адукацыі і працоўнай дзейнасці.
У нашай школе арганізавана вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні ў 10 класе, дзе былі вызначаны навучэнцы, якія займаюцца па трох кірунках: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны. У складзе профільных груп навучэнцы вывучаюць змест вучэбных прадметаў на базавым узроўні ў аб’ёме вучэбных гадзін, вызначаных Тыпавым вучэбным планам сярэдняй школы, а ў профільнай групе — вучэбныя прадметы, выбраныя для вывучэння на павышаным узроўні, у мэтах паглыблення іх зместу. Шэсць нашых навучэнцаў па заявах бацькоў аддадзены ў групу хіміка-біялагічнага напрамку.
Правядзенне ўрокаў па біялогіі ў профільнай групе (у 10 класе — 4 гадзіны на тыдзень, у 11 класе — 3 гадзіны) дазваляе мне акцэнтаваць увагу на тых ведах і ўменнях, якія найбольш значныя для фарміравання каштоўнасных арыентацый, запатрабаваны ў жыцці самога вучня, а таксама забяспечваюць дыферэнцыяцыю і індывідуалізацыю навучання біялогіі з улікам інтарэсаў кожнага. Увядзенне профільнага навучання дало магчымасць вучням фарміраваць індывідуальную адукацыйную траекторыю і атрымліваць прафесійную падрыхтоўку, неабходную для далейшага прафесійнага, кар’ернага і асобаснага росту. Актуальным пытаннем для мяне з’яўляецца тое, як арганізаваць работу навучэнцаў, каб прадмет не надакучыў. Для гэтага неабходна спрыяць развіццю пазнавальнай кампетэнтнасці ў вучняў па біялогіі, бо гэта шмат у чым вызначае якас ць засваення ведаў. Пазнавальны інтарэс звязаны з імкненнем навучэнцаў да пазнання тэарэтычных пытанняў, светапоглядных і метадалагічных ведаў, уменнем ажыццяўляць дзейнасць не па ўзоры, а сваім асаблівым шляхам. Для ўзнікнення пазнавальнага інтарэсу я выкарыстоўваю элементы розных тэхналогій, метады і прыёмы навучання.
Сучасны ўрок біялогіі — які ён? У сваёй рабоце больш выкарыстоўваю розныя формы ўрока, якія ў сучасных умовах працы дазваляюць мне вырашаць самыя разнастайныя дыдактычныя задачы, звязаныя з развіццём пазнавальнай кампетэнтнасці. У працэсе сваёй педагагічнай дзейнасці пастаянна шукаю спосабы актывізацыі работы вучняў на ўроку. Са спосабаў павышэння самастойнай пазнавальнай актыўнасці вучняў выбрала навучанне прыёмам разумовай дзейнасці: аналіз, сінтэз, параўнанне, абагульненне.
У профільнай групе часцей за ўсё выкарыстоўваю метад праектаў у выглядзе праектавання апорных канспектаў. Стварэнне апорных канспектаў адрозніваецца тым, што вучань усведамляе пастаноўку самой задачы, ацэньвае новы вопыт, кантралюе эфектыўнасць сваіх дзеянняў. Фундамент гэтага віду дзейнасці закладваю пачынаючы з 6 класа: паслядоўна тлумачу, а навучэнцы вывучаюць тэхналогію праектавання апорнага канспекта. У профільнай групе навучэнцы самастойна складаюць творчыя апорныя канспекты.
У сваю педагагічную дзейнасць таксама ўводжу семінарскія заняткі, пры падрыхтоўцы да якіх навучэнцы самастойна асвойваюць матэрыял па розных крыніцах, калектыўна абмяркоўваюць вынікі сваёй работы, а затым замацоўваюць свае веды пры рашэнні тэставых заданняў. Такі падыход да арганізацыі і правядзення ўрокаў, лекцый, семінараў і залікаў у большай ступені спрыяе павышэнню пазнавальнай кампетэнтнасці навучэнцаў і якасці біялагічнай адукацыі.
Мадэлюючы ўрок, я з вялікай адказнасцю стаўлюся да падбору кантрольных пытанняў і заданняў па біялогіі. У планаванні дыдактычнага комплексу (пытанняў і заданняў) для кантролю ведаў навучэнцаў па біялогіі ўлічваю аб’ём і складанасць вучэбнага матэрыялу, здольнасці і ўзровень падрыхтаванасці навучэнцаў, разнастайнасць і характар метадаў навучання, якія выкарыстоўваюцца, характар і ступень інтэнсіфікацыі і аптымізацыі.

Як ацаніць вучня?

Кантроль ведаў — адзін з важных сродкаў павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу. Працэс ацэньвання навучэнцаў праводжу ў балах ці часцей у працэнтах. Як жа праверыць якасць ведаў вучня? Мне як настаўніку біялогіі важна скаардынаваць работу на працягу навучальнага года такім чынам, каб навучэнцы на кожным уроку, факультатыўных занятках маглі быць актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.
У 2012/2013 навучальным годзе два вучні школы набралі па біялогіі па 92 балы (Юлія Янушкевіч і Аляксандр Юшкевіч, абое зараз студэнты Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта).
Як якасна падрыхтаваць вучня, каб у настаўніка штогод былі такія высокія вынікі?
Адной з важных форм работы з’яўляюцца анлайн-тэсты. Рашэнне тэставых заданняў у анлайн-рэжыме стымулюе інтэлектуальную актыўнасць навучэнцаў праз вызначэнне мэт вывучэння і далучэння вучняў да адбору, прапрацоўкі тэарэтычнага матэрыялу; узмацняе вучэбную матывацыю праз дакладнае вызначэнне каштоўнасцей і ўнутраных прычын, якія заахвочваюць вучыцца; развівае здольнасці і навыкі навучання і саманавучання, забяспечвае магчымасць вывучаць выбраныя навучэнцам вучэбныя прадметы на профільным узроўні. Асноўная мэта выкарыстання анлайн-тэстаў — дапамагчы навучэнцам сістэматызаваць свае веды і падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання па біялогіі. Сайты змяшчаюць не толькі разнастайныя формы тэстаў, якія патрабуюць канкрэтных ведаў і ўменняў абагульняць і аналізаваць вучэбны матэрыял, але і ключы да іх.
У працэсе падрыхтоўкі да ўрокаў я актыўна выкарыстоўваю тэсты з мэтай праверкі якасці ведаў вучняў па біялогіі. Для гэтага выкарыстоўваю электронную праграму КРАБ 2, якая дае настаўнікам магчымасць самастойна ствараць інтэрактыўныя заданні і тэсты для кантролю і самакантролю навучэнцаў без ведання моў праграмавання і прыцягнення спецыялістаў у галіне праграмавання, весці ўлік паспяховасці навучэнцаў, а таксама за кароткі прамежак часу ацаніць кожнага вучня. Складаючы тэставыя заданні, я прызначаю іх для ажыццяўлення прамежкавага бягучага і тэматычнага кантролю ведаў навучэнцаў.
Пераход на профільнае навучанне, на маю думку, акрамя паглыбленага вывучэння прадмета, спрыяе развіццю ў школьнікаў навыкаў самастойнага авалодання ведамі, а таксама закліканы забяспечыць высокую ступень падрыхтоўкі не столькі да здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання, колькі да працягу адукацыі ў вышэйшых навучальных установах. Гэта азначае, што падчас профільнага навучання павінна стварацца неабходная база для разумення ўніверсітэцкіх курсаў і навуковай літаратуры. А гэта ўяўляецца мне малаверагодным без выкарыстання асаблівых форм і метадаў урочнай і няўрочнай работы ў профільных групах, накіраваных на развіццё пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў.
Пазнавальнай актыўна ці школьнік не будзе праяўляць, калі ён не атрымлівае задавальнення ад вынікаў, не бачыць ці не ведае шляхоў прымянення ведаў на практыцы. А вынік будзе толькі пры сістэматычным выкананні тэставых заданняў, рашэнні тэстаў, даведзеным да аўтаматызму.
Як правіла, настаўнік выкарыстоўвае розныя формы ўрока, аднак у кожным канкрэтным выпадку ён павінен імкнуцца выбраць такі метад, які б максімальна стымуляваў развіццё пазнавальнай актыўнасці ў вучняў.
Такім чынам, развіццё пазнавальнай актыўнасці праз тыя формы і метады, якія я выкарыстоўваю, дазваляе мне дабівацца пэўных поспехаў у вучэбных дасягненнях навучэнцаў.

Алена КУМПІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 3 Ашмян.