Выхавальніку трэба быць у пастаянным пошуку, у бесперапынным працэсе самаадукацыі, лічыць Кацярына Толкач

- 14:19Учитель года

У рабоце з дашкольнікамі педагог дзіцячага сада Копішча Мінскага раёна Кацярына Толкач вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю іх маўлення. Менавіта ад таго, як будуць размаўляць малышы, у многім залежыць іх поспех падчас навучання ў пачатковай школе, расказала яна карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

Вучыць іншых размаўляць Кацярына Толкач любіла, калі яшчэ хадзіла ў школу. Тады ў ролі яе вучняў былі лялькі. Маленькая настаўніца садзіла іх за стол, раскладвала сшыткі і кнігі, а на імправізаванай дошцы пісала заданні.

“Выбар прафесіі педагога не быў для мяне выпадковым, — расказвае пра сябе Кацярына Толкач. — У дзяцінстве я вельмі любіла гуляць у школу. Ужо тады разумела, што мне падабаецца быць настаўнікам. А прыклад захопленасці работай, натхнення і энтузіязму маёй першай настаўніцы Лідзіі Васільеўны Бяляўскай, яе цярплівасць, стрыманасць, увага, чуласць і павага да асобы кожнага вучня яшчэ больш умацавалі жаданне стаць педагогам. 

На мове малышоў

Сваю першую групу, у якую прыйшла працаваць, Кацярына Толкач дагэтуль успамінае з усмешкай. З самага першага дня педагог імкнулася да якаснага выканання працоўных абавязкаў, адказна падыходзіла да вырашэння любога пытання і даручэнняў, з энтузіязмам бралася за рэалізацыю новых і цікавых ідэй. Адабрэнне з боку адміністрацыі, падтрымка калег, добразычлівыя і даверлівыя адносіны з усімі бацькамі выхаванцаў, а таксама шчасце ў вачах кожнага малыша — усё гэта яшчэ больш зараджала на поспех у працы.

“Дзеткам, да якіх я прыйшла працаваць, было крыху больш за тры гады, — успамінае педагог. — Ім было вельмі складана вымаўляць маё імя і імя па бацьку — Кацярына Канстанцінаўна. Як толькі яны мяне не называлі! Кожны раз у іх гэта атрымлівалася вельмі пацешна”.

У апошнія гады педагог усё часцей стала заўважаць, што малышам цяжка ўспрымаць і дыферэнцыраваць блізкія па гучанні або падобныя па артыкуляцыі гукі. Калі такое здараецца, дзеці сутыкаюцца з праблемамі ў вымаўленні і ў граматычнай пабудове сказаў. У далейшым гэта адмоўна адбіваецца на развіцці іх слоўнікавага запасу і звязнага маўлення, выклікае цяжкасці ў складовым і гукавым аналізе слоў.

“Сфарміраванасць маўленчых уменняў і навыкаў — адзін з паказчыкаў асобаснага, сацыяльнага і інтэлектуальнага развіцця дзіцяці, — упэўнена Кацярына Толкач. — Менавіта таму вялікую ўвагу ва ўзаемадзеянні з дашкольнікамі ўдзяляю развіццю іх маўлення. У працэсе зносін фарміруецца індывідуальнасць малыша, наладжваюцца кантакты, развіваецца мысленне.

Даследаванні лінгвістаў, псіхолагаў і педагогаў, якія я вывучала, а таксама асабісты вопыт дазваляюць гаварыць пра значнасць і неабходнасць выхавання ў дзяцей гукавой культуры мовы ў агульнай сістэме работы па развіцці маўлення. Акрамя гэтага, даследаванні і ўласныя назіранні пацвярджа­юць неабходнасць арганізацыі сістэматычнай дзейнасці па развіцці слыхавой увагі і ўсіх кампанентаў маўленчага слыху разам з фарміраваннем у дзяцей правільнага вымаўлення гукаў і слоў. Важнасць такой работы тлумачыцца яшчэ і тым, што з дапамогай маўленчага слыху ўспрымаюцца ўсе тонкасці мовы, якая гучыць, рэгулюецца і кантралюецца гаворка таго, хто размаўляе з малышом”.

Сістэматычную работу па развіцці ўспрымання мовы Кацярына Толкач праводзіць падчас спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцаў. На занятках па адукацыйнай галіне “Дзіця і прырода” педагог фарміруе ў дзяцей здольнасць пазнаваць і адрозніваць нямоўныя гукі ў рамках тэмы “Поры года. Восень”. Тут дзеткі вучацца вызначаць на слых, які ліст заляцеў у групу — сухі ці не, а таксама распазнаюць гукі ліўня і восеньскага дробнага дажджу.

“Гульнявыя прыёмы на пазнаванне і распазнаванне нямоўных гукаў выкарыс­тоўваю і падчас правядзення заняткаў па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” пры вывучэнні тэм “Дзіцячы сад. Цацкі”, “Мэбля. Бытавыя прыборы”, “Навагодняе свята” і іншых”, — дзеліцца настаўніца.

Нерэгламентаваная дзейнасць выхаванцаў стварае яшчэ больш шырокія магчымасці для выкарыстання гульнявых прыёмаў на пазнаванне і распазнаванне нямоўных гукаў, для арганізацыі гульняў і практыкаванняў на развіццё фанематычнага слыху.

“Пры арганізацыі пазнавальнай практычнай дзейнасці, у працэсе назірання за жывой і нежывой прыродай, звяртаю ўвагу выхаванцаў на гукі, якія можна пачуць на прагулцы: як гудзе пчала, камар, муха, — дзеліцца вопытам Кацярына Толкач. — Доследным шляхам вучу вызначаць, якія гукі чуюцца, калі высыпаць з вядзерца камяні, пясок. Прашу дзяцей паўтарыць рытм, прастукваючы яго камянямі, а пасля назірання за аб’ектамі жывой і нежывой прыроды вымаўляю словы і прапаноўваю дзецям вызначыць колькасць складоў у іх, а потым начарціць на пяску адпаведную колькасць прамавугольнікаў. У працэсе арганізацыі гульнявой дзейнасці многія рухавыя гульні пераводжу ў фармат рухава-дыдактычных. Напрыклад, у гульні “Зайцы і ліса” зайцы бегаюць па палянцы, пакуль я вымаўляю галосныя, а як толькі вымаўляецца зычны гук — на палянку выбягае ліса і даганяе зайцоў”.

Усё нармальна, мама!

На пытанне, у якім узросце лепш за ўсё аддаваць малыша ў сад, Кацярына Толкач упэўнена адказвае, што гэта лепш рабіць пасля трох гадоў. Менавіта ў гэты перыяд дзіця пачынае ўсведамляць сябе як асобу, у яго ўзнікае жаданне мець зносіны з аднагодкамі, удзельнічаць у сумесных сюжэтна-ролевых гульнях, прымаць чужыя правілы і самастойна выконваць нескладаныя задачы.

“Важна загадзя настроіць дзіця на наведванне дашкольнай установы, — раіць педагог. — Неабходна часцей гуляць каля дзіцячых садоў, разам назіраць за дзецьмі, якія весела гуляюць на пляцоўках, як мага больш расказваць станоўчых гісторый пра дзіцячы сад. Таксама неабходна загадзя прывучыць свайго малыша да правіл і рэжымных момантаў, прынятых у да­школьнай установе. Немалаважным бу­дзе паспрабаваць згатаваць дома і пачаста­ваць дзіця некаторымі стравамі, як у садку, а таксама навучыць элементарным навыкам самаабслугоўвання”.

Што рабіць, каб дзіця, якое паступае ў садок, з задавальненнем бегла ў групу і не плакала каля мамы? Кацярына Толкач гаворыць, што тут ёсць толькі адно правіла, але вельмі дзейснае: калі будзе спакойная мама, то будзе спакойны і малыш. Вельмі важна данесці да бацькоў, што пра­цэс адаптацыі дзіцяці да дашкольнай установы непазбежны, толькі ва ўсіх ён будзе працякаць па-рознаму. Хтосьці ўжо на наступны дзень адчуе сябе як у сваёй талерцы і захопіцца гульнямі, а камусьці на гэта можа спатрэбіцца не адзін месяц. У любым выпадку даросламу неабходна запасціся цярпеннем, спакоем і вытрымкай. Упэўненасць у сваім дзіцяці, падтрымка яго старанняў, прыняцце і разуменне яго страхаў, не абясцэньванне перажыванняў будуць як мага лепш спрыяць больш хуткаму прывыканню дзіцяці да калектыву групы, да распарадку і правіл дзіцячага сада.

“Каб дапамагчы дашкольнікам асвоіцца ў непрывычных умовах, карыстаюся сваімі прыёмамі, — канстатуе Кацярына Толкач. — Стараюся ўцягваць дзяцей у групавыя і індывідуальныя гульні, цікаўлюся іх інтарэсамі, самаадчуваннем і настроем, падба­дзёрваю і хвалю за любыя, нават самыя маленькія, поспехі. А яшчэ выкарыстоўваю прыём “Званок любай матулі”: бяру цацачны тэлефон і “тэлефаную” маме, расказваю, як добра сябе паводзіць яе сын ці дачка, і пытаюся, ці не забылася яна пра сваё дзіцятка. Малых такая размова вельмі падбадзёрвае. Разглядванне сямейных фатаграфій, на якіх ёсць мама, тата, любімыя брацікі і сястрычкі, таксама вельмі доб­ра дапамагае супакоіцца трывожнаму малышу”.

Разважаючы пра тое, ці не складана быць мамай не толькі для сваіх дзяцей, але і для выхаванцаў, Кацярына Толкач падзялілася назіраннямі: “Быць выхавальнікам дашкольнай установы — гэта вельмі адказна, бо педагогі павінны зрабіць усё, каб маленькі чалавек быў шчаслівы. Быць выхавальнікам — значыць знахо­дзіцца ў пастаянным пошуку лепшага сябе ў прафесіі, у бесперапынным працэсе сама­адукацыі і самаразвіцця. Свет вакол нас не стаіць на месцы, ён увесь час мяняецца, з’яўляюцца новыя тэндэнцыі ў дашкольнай адукацыі, удасканальваюцца падыходы да навучання сучасных дзяцей. Выхавальнік проста абавязаны ўмець арыентавацца ў навакольным свеце, умець хутка распазнаваць нешта новае, арыгінальнае і эфектыўнае. Без падтрымкі сям’і ўсё гэта было б вельмі складана рэалізаваць. Мае родныя — гэта стымул да дзеяння. Яны заўсёды знаходзяць для мяне не толькі патрэбныя словы, але і самі часта ўключаюцца ў некаторыя моманты маёй прафесіі: аказваюць дапамогу ў вырабе нагляднасці, дапамагаюць у складанні цікавых і павучальных гісторый для малышоў. Мой сын з вялікім энтузіязмам папаўняе групу арыгінальнымі і цікавымі атрыбутамі з канструктара. Для мяне гэта не проста дапамога, а выдатная магчымасць правесці час разам”.

Цікавыя і арыгінальныя ідэі, якія пасля прымяняюцца ў педагагічнай практыцы, у Кацярыны Толкач з’яўляюцца падчас бегу на далёкія дыстанцыі. Гэта своеасаблівая тэрапія, якая дазваляе ёй заставацца ў рэсурсе. Яшчэ адно захапленне педагога — вязанне кручком. Усе цацкі і атрыбуты, якія ёсць у групе для дыдактычных гульняў, а таксама многія дапаможнікі Кацярына стварыла сваімі рукамі.

“Ад таго, як прайшло дзяцінства, хто вёў малыша за руку ў дзіцячыя гады, што ўвайшло ў яго розум і сэрца з навакольнага свету, у вырашальнай ступені залежыць, якім чалавекам стане сённяшні малыш, — прыводзіць любімую цытату В.Сухамлінскага Кацярына Толкач. — Я буду вельмі шчаслівая, калі праз многа гадоў мае выхаванцы будуць успамінаць сваё каляровае дзяцінства і мяне ў ім з пяшчотай, любоўю і даб­рынёй”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА