Выхавальніца з Ляхавіч распрацавала тэматычныя комплексы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення

- 17:12Образование

Выхавальніца дзіцячага сада № 1 Ляхавіч Галіна Зубарык назапасіла эфектыўны вопыт работы па фарміраванні ў дашкольнікаў з цяжкімі парушэннямі маўлення ўяўленняў пра жывую прыроду. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— З-за асаблівасцей развіцця такія дзеці не заўсёды правільна ўзнаўляюць гукі навакольнага свету, недакладна выкарыстоўваюць прыметнікі і дзеясловы для апісання яго аб’ектаў, часам не ўмеюць устанавіць залежнасць паміж імі і з’явамі прыроды, — гаворыць педагог. — На дапамогу прыходзяць спецыяльныя маўленчыя гульні і практыкаванні, адабраныя і сістэматызаваныя ў адпаведнасці з лексічнымі тэмамі пра жывую прыроду, а таксама метады і прыёмы, накіраваныя на паспяховае фарміраванне ў дзяцей уяўленняў пра яе.

Галіна Зубарык распрацавала тэматычныя комплексы, якія складаюцца з маўленчых гульняў і практыкаванняў прыродазнаўчага зместу, прызначаных для правільнага гукавымаўлення і замацавання гукаў у словах, сказах і звязным тэксце, удасканалення слоўнікавага запасу, фразавага і дыялогавага маўлення, развіцця граматычнай будовы маўлення (словазмяненне, словаўтварэнне, дапасаванне) і звязнага маўлення. Выра­шаць пастаўленыя задачы педагогу дапамагае казачны персанаж Лесавічок, які прыносіць дзецям канверты з заданнямі і падарункі за іх паспяховае выкананне.

Да падбору і правядзення маўленчых гульняў выхавальніца падыходзіць паслядоўна: спачатку прапаноўвае гульню, якая вучыць адрозніваць немаўленчыя гукі прыроды, а затым — гульню, якая вучыць чуць і адрозніваць маўленчыя гукі прыроды. Далей Галіна Зубарык звяртаецца да гульняў, якія замацоўваюць уяўленні пра жывую прыроду праз правільнае вымаўленне гукаў.

— Гэта могуць быць гульні-гукаперайманні, сказы і невялікія вершы, тэкст якіх спалучаецца з выкананнем пэўных рухаў па сэнсе, пасля чаго ідуць гульні, дзе дашкольнікі папаўняюць слоўнік прыметнікамі, дзеясловамі і прыслоўямі, што дапамагае найбольш поўна ўявіць і апісаць аб’ект прыроды, — заўважае педагог. — Даволі эфектыўныя гульні-дыялогі “Кветка і кропелька” і “Кошка і кацяня”.

Асаблівую ўвагу Галіна Зубарык удзя­ляе характару выказванняў: кожнае дзіця павінна выразна выконваць сваю ролю, каб у маўленні перадаваліся здзіўленне і захапленне, неўразуменне і абурэнне. Акрамя таго, дзеці павінны вучыцца павышаць ці паніжаць вышыню голасу для паўнагучнасці дыялогу.

— Добрыя вынікі даюць маўленчыя гульні і практыкаванні для фарміравання навыкаў словаўтварэння, — працягвае педагог. — Так, утвараючы дзеясловы ад гукаперайманняў, дзеці больш даведваюцца пра гукі розных птушак і звяроў: варона каркае, жаба квакае і г.д. Дзякуючы маўленчай гульні “Чый хвост, чыя галава, чые лапы?”, замацоўваюцца ўяўленні пра асаблівасці знешняга выгляду жывёл: лісіны, ільвіны, вавёрчын, мядзведжы, кошчын, заечы, сабачы і інш. Развіваць звязнае маўленне і фарміра­ваць уяўленні пра жывую прыроду дапамагае практыкаванне “Закончы сам”: дзецям прапануецца пачатак казкі ці апавядання, які трэба дапоўніць сюжэтам.

Галіна Зубарык выкарыстоўвае гульні комплексна ў адпаведнасці з тэмамі (“Зімуючыя птушкі”, “Свойскія жывёлы і іх дзіцяняты”, “Лес. Дрэвы”, “Кветкі. Ягады”) у розных рэжымных момантах, нерэгламентаваных відах дзейнасці і спецыяльна арганізаванай дзейнасці.

Каб дасягнуць высокіх вынікаў у рабоце, педагог актыўна ўзаемадзейнічае з баць­камі выхаванцаў на аснове пераемнасці: маўленчыя гульні і практыкаванні, праве­дзе­ныя ў дашкольнай установе, паўтараюцца дома. Для гэтага падчас кожнага тэматычнага тыдня рыхтуюцца індывідуальныя заданні і памяткі.

— Дзякуючы сумеснай дзейнасці, мамы і таты разам з дзецьмі стварылі калекцыі лісця, макеты прыродных супольнасцей, экалагічныя газеты, тэматычныя плакаты і самаробныя кнігі, заснаваныя на маўленчых гульнях, — адзначае Галіна Зубарык. — Узаемадзеянне з бацькамі павышае іх псіхолага-педагагічную кампетэнтнасць, што станоўча ўплывае на выніковасць адукацыйнага працэсу ў цэлым.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ