Выхаванне праз творчасць

- 11:49Навіны рэгіёнаў

Перад сучаснай школай сёння стаяць задачы выхавання ў вучняў камунікабельнасці, уменняў творча адносіцца да складаных жыццёвых сітуацый, прымаць нестандартныя рашэнні. На думку педагагічнага калектыву Раснянскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна, дасягнуць гэтых мэт можна праз якасную работу па развіцці творчых здольнасцей вучняў.

Як паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Яжова, у іх навучальнай установе гэты кірунак работы наладжаны дастаткова паспяхова. Да стымулявання навучэнцаў на творчасць далучаны ўсе настаўнікі.

— Сумесна мы стварылі ў школе неабходныя ўмовы, а таксама выбудавалі сістэму, якая стымулюе навучэнцаў да заняткаў творчасцю. У выбары дзейнасці мы прадстаўляем дзецям поўную свабоду і падтрымліваем усе іх пачынанні. У класах пануе цёплая, прыязная атмасфера. Педагогі развіваюць магчымасці кожнага вучня, заўсёды гатовы аказаць неабходную дапамогу. На першым месцы ў нас стаіць асоба дзіцяці, — адзначыла Ірына Васільеўна.

Паводле яе слоў, дзяцей матывуе на творчасць і шэраг традыцыйных штогадовых выхаваўчых мерапрыемстваў. Адно з такіх — восеньскі КВЗ. Правядзенню гульні папярэднічае двухтыднёвая падрыхтоўчая работа: каманды прыдумваюць сваю назву, прывітанне, візітную картку, эмблему, выконваюць дамашняе заданне.

— Падчас рэпетыцый адпрацоўваюцца сцэнкі, жарты, мініяцюры, музычныя элементы. КВЗ абавязвае дзяцей быць вясёлымі і знаходлівымі не толькі на сцэне, але і ў жыцці, — запэўніла Ірына Яжова.

Творчыя пачынанні, фантазію раснянскіх навучэнцаў развівае таксама выстава “Шчодрая восень”. Прадстаўленыя на ёй работы дзяцей заўсёды незвычайныя і арыгінальныя. З агародніны і садавіны, лісця, ягад і іншых прыродных матэрыялаў ствараюцца сапраўды цудоўныя вобразы і кампазіцыі.

Наогул, мясцовыя педагогі імкнуцца рабіць пазаўрочную занятасць навучэнцаў максімальна разнастайнай. У школе функцыянуюць шматлікія аб’яднанні па інтарэсах. Акрамя таго, тут пастаянна арганізоўваюцца тэматычныя святы і канцэрты, конкурсы песні, чытальнікаў, інтэлектуальныя гульні, прадметныя тыдні. Усе гэтыя мерапрыемствы прыносяць масу пазітыву, станоўчых эмоцый, развіваюць музычныя, танцавальныя, сцэнічныя, мастацкія здольнасці хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Падрыхтоўка да ўсіх мерапрыемстваў — не менш займальны працэс, чым само іх правядзенне. У гэты час выяўляюцца ініцыятыўнасць, калектывізм, адказнасць дзяцей, хуткасць і паспяховасць засваення творчай задачы, арыгінальнасць і крэатыўнасць мыслення. Часам узнікаюць праблемы з некаторымі вучнямі з-за іх недысцыплінаванасці, безадказнасці, але ў сумеснай творчай працы гэтыя складанасці пераадольваюцца, — падкрэсліла Ірына Васільеўна.

Сумесная творчасць аб’ядноўвае ўвесь калектыў установы, згуртоўвае настаўнікаў і вучняў. Такі падыход істотна ўплывае на раскрыццё патэнцыялу дзяцей. Разнастайнасць выхаваўчых мерапрыемстваў дапамагае кожнаму вучню школы знайсці прымяненне сваім здольнасцям і талентам, што спрыяе іх паспяховаму жыццёваму станаўленню.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.