Амаль 10 гадоў Галіна Восіпаўна Грынкевіч узначальвае прыватную дашкольную ўстанову “Дзіця будучыні”. Яна адносіцца да сваёй справы не толькі як да бізнесу і крыніцы даходаў. Колькі часу, маральных і фізічных сіл аддае сваёй дзейнасці! Галіна Восіпаўна ўпэўнена: у выхаванні дзяцей толькі тады дасягнеш поспеху, калі да глыбінь спасцігнеш дзіцячую псіхалогію, калі твая прафесія педагога-дашкольніка стане галоўным стрыжнем твайго жыцця. І ўзнагародай будзе задавальненне ад таго, што ты здзяйсняеш. Але вельмі важна, каб побач была каманда прафесіяналаў высокага ўзроўню, якія заўсёды дапамогуць. Аб тым, што сёння прапаноўваюць дзецям і іх патрабавальным бацькам педагогі садка “Дзіця будучыні”, расказвае Галіна Восіпаўна Грынкевіч.
Ад самых вытокаў
— Вытокі нашай прыватнай дашкольнай установы — з лінгвістычнай гімназіі Мінска, у якую як падраздзяленні ўваходзілі і дзіцячы сад, і школа, — расказвае Галіна Восіпаўна. — У далёкім 1991 годзе лёс занёс мяне, журналістку, у гэтую гімназію. У мяне на мэце было напісанне матэрыялаў пра яе жыццё-быццё. На той час гэта была моцная ўстанова, у якой вучыліся амаль 300 дзяцей. Я добра ведала заснавальніка гімназіі, які, разгледзеўшы ўва мне арганізацыйныя здольнасці, запрасіў стаць выканаўчым дырэктарам. Шмат гадоў я працавала на гэтай пасадзе, атрымала другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, каб афіцыйна пацвердзіць сваё права займацца гэтай дзейнасцю. Ішоў час, і лінгвістычнай гімназіі было ўсё цяжэй канкурыраваць з іншымі аналагічнымі ўстановамі Мінска, якіх з кожным годам станавілася ўсё больш. Колькасць дзяцей у гімназіі ўсё змяншалася, і стала цяжка выжываць у фінансавым плане. Разам з заснавальнікам гімназіі мы прынялі рашэнне: гімназію закрыць, але дзіцячы сад пакінуць. Вырашылі, што ўзначальваць яго буду я. Спачатку працавала ў статусе індывідуальнага прадпрымальніка, а ў 2008 годзе зарэгістравала сад як прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Дзіця будучыні”.
Сёння памяшканні груп нашай установы знаходзяцца (згодна з арэндным дагаворам) на базе аднаго з садоў ААТ “Гарызонт”. У гэтага ж сада на пагадзіннай аснове мы арандуем басейн, спартыўную і музычную залы і часткова кухню. У верасні мінулага года ў прыгарадзе, у Бараўлянах, быў адкрыты філіял нашага сада, разлічаны на 40 дзяцей. Ён займае тэрыторыю ў паўгектара, на якой ёсць і яблыневы сад, і парк, і шматлікія прыгожыя алеі. Дзеці маюць магчымасць пабегаць уволю, пакатацца на электрамабілях, якія былі спецыяльна для гэтага закуплены. На базе бараўлянскага філіяла мы арганізоўваем заняткі школы выхаднога дня.
За апошнія восем гадоў Галіна Восіпаўна не размяшчала рэкламу ў прэсе аб сваёй установе. У яе ёсць свой сайт, інфармацыя пра сад унесена таксама ў асноўныя базы даных краіны аб прыватных адукацыйных установах. Аднак лепш за ўсё спрацоўвае рэклама “з вуснаў у вусны”. У сад прыходзяць у асноўным па рэкамендацыях сяброў і знаёмых.
Чаму бацькі выбіраюць прыватны сад?
Бацькі выбіраюць “Дзіця будучыні” мэтанакіравана. Іх прывабліваюць умовы знаходжання дзяцей: у групах па 14—15 малышоў, усе заняткі праводзяцца па падгрупах, для арганізацыі выхавання і навучання ёсць неабходны развіццёвы матэрыял; наладжана пяціразовае паўнацэннае харчаванне дзяцей; з малышамі заўсёды побач два выхавальнікі і адзін памочнік выхавальніка; ёсць шмат дадатковых паслуг (заняткі па музыцы, харэаграфіі, англійскай мове, спартыўныя заняткі, шахматны клуб, студыя вакалу і навучання ігры на фартэпіяна і г.д.). Такім чынам, бацькам не трэба думаць, у якія б гурткі ўладкаваць сваё дзіця пасля сада ці ў выхадныя дні.
Галіна Восіпаўна прапаноўвае бацькам пабыць разам з дзіцем дзень-два ў садзе перад прыняццем рашэння аб уладкаванні. І іх падкупляе атмасфера добразычлівасці, цёплых адносін да дзяцей.
— Прычыны, па якіх бацькі выбіраюць прыватны сад, розныя, — гаворыць Галіна Восіпаўна. — Некаторыя робяць гэта ўпэўнена і свядома. А для кагосьці гэта ледзь не адзінае выйсце з праблем. Сярод тых, хто прыходзіць да нас, ёсць дзеці, якія ўжо наведвалі дзяржаўныя дзіцячыя сады, прычым і самыя прэстыжныя. Асаблівасцю нашай установы з’яўляецца тое, што для кожнага выхаванца, у якога ёсць праблемы развіццёвага ці псіхалагічнага плана, мы распрацоўваем індывідуальную праграму навучання і на працягу ўсяго перыяду наведвання сада яны знаходзяцца ў камфортным для іх асяроддзі.
Ёсць у нас і дзеці з парушэннямі маўлення, якім неабходна асаблівая ўвага. З імі праводзіць індывідуальныя заняткі лагапед. Працуем мы і з ляўшамі, для якіх таксама патрэбны свая методыка і індывідуальны падыход. Ёсць і лёгкаўзбуджальныя дзеці, з прыкметамі гіперактыўнасці (але не ў моцнай ступені). Нервовая сістэма такіх малышоў хутка стамляецца. Мы гатовы сёння працаваць і з дзецьмі з прыкметамі аўтызму, і з тымі, хто слаба бачыць або слаба чуе. Ёсць вопыт па выхаванні і навучанні дзяцей з парушэннямі зроку. Мы стварылі для іх асаблівыя ўмовы на занятках, выхавальнікі строга адсочвалі гэта, і праблем не ўзнікала. Неяк наш сад наведвала дзіця з цукровым дыябетам, прычым у інсуліназалежнай форме. Ведаю, што такіх малышоў не кожная дашкольная ўстанова бярэ, бо гэта вялікая адказнасць. Але і мы таксама не ўсіх дзяцей прымаем — мы не можам браць на сябе адказнасць за дзяцей, у якіх вельмі сур’ёзныя парушэнні здароўя. Каб выхоўваць такіх дзяцей, патрэбны спецыяльныя ўмовы. Іх прыём у нашу ўстанову створыць праблемы, у тым ліку для многіх іншых нашых выхаванцаў. Пры ацэнцы дзіцячых магчымасцей і магчымасцей установы стараюся зыходзіць з аб’ектыўных паказчыкаў. Папярэдне на субяседаванні прашу бацькоў, каб яны падрабязна і сумленна расказалі пра здароўе свайго малыша.
Знайсці і ўтрымаць спецыялістаў
Кожны кіраўнік дашкольнай установы імкнецца запрасіць да сябе на работу сапраўдных прафесіяналаў. Іх сёння знайсці нялёгка, а яшчэ цяжэй утрымаць. Разумны кіраўнік ведае, наколькі важна стварыць у калектыве ўмовы для заахвочвання супрацоўнікаў і іх прафесійнага самаразвіцця.
— У нашых педагогаў ёсць і час, і ўмовы для таго, каб праявіць сябе, самарэалізавацца і арганізаваць непасрэдную работу з дзецьмі належным чынам, — адзначае Галіна Восіпаўна. — Выхавальнікі амаль не займаюцца “паперамі”, усё гэта я бяру на сябе. Я накіроўваю іх на курсы павышэння кваліфікацыі, іх атэстоўваюць. Пры прыёме педагога ў сад я прапаноўваю яму правесці з дзецьмі пробныя заняткі і ўважліва назіраю, як рэагуюць на новага чалавека дзеці. Я не звяртаю ўвагу на ўзрост таго, хто ўладкоўваецца, на катэгорыю. Самае важнае для мяне — уменне педагога знаходзіць паразуменне з дзецьмі, тое, наколькі даходліва ён можа даносіць малышам патрэбную інфармацыю. Што тычыцца спецыфічных прафесійных навыкаў, то лічу, што калі ў чалавека ёсць жаданне набыць іх, то ён хутка навучыцца ўсяму неабходнаму. У нашым садзе не проста стабільны калектыў, гэта каманда, моцная і згуртаваная. Часам нават немагчыма патлумачыць, што ж такое асаблівае робіць выхавальнік, чаму дзеці ловяць кожнае яго слова. Як жанглёр-віртуоз, умелы педагог кіруе дзіцячай увагай, і ў выніку дзеці бясконца радуюцца сваім поспехам, задаволены іх навучаннем і бацькі.
Кожны з нашых спецыялістаў моцны ў нечым сваім: адзін педагог выдатна навучае грамаце і чытанню, другі — матэматыцы, трэці — цудоўна вядзе фізкультуру. Хтосьці лепіць, малюе, выразае з малышамі. Адны бяруць маладосцю і энергіяй, а іншыя — вопытам і памяркоўнасцю, ведамі, як авалодваць увагай дзяцей і больш эфектыўна трансліраваць веды. У некаторых педагоў ёсць уласныя аўтарскія напрацоўкі. Яны працуюць згодна з дзяржаўнай праграмай, але выкарыстоўваюць пры гэтым і свае напрацоўкі, умела камбінуюць іх з элементамі розных методык. Я не ўмешваюся ў гэтыя працэсы, галоўнае, каб быў вынік. Нашы педагогі прымяняюць такія сучасныя тэхналогіі, як ТРВЗ-РТУ, элементы методыкі Мантэсоры і сістэмы Зайцава. У Бараўлянскім філіяле мы арганізавалі пакой Мантэсоры. Яго стварыла выхавальніца Людміла Паўлаўна Царова — аўтар праграмы і вучэбнага дапаможніка “Мама, навучы чытаць”, якая даўно супрацоўнічае з італьянскім цэнтрам Мантэсоры, не раз была ў Італіі.
Англійскую мову для “дзяцей будучыні” выкладае спецыяліст высокага класа, якая мае шмат грантаў і ўзнагарод. Працуе яна па оксфардскай методыцы па ліцэнзійнай праграме. Галоўны персанаж, ад імя якога вядзецца выкладанне, — Тэдзі. Заняткі па англійскай мове праходзяць у нас амаль штодзённа. Мэта, да якой імкнецца педагог, — каб дзеці засвоілі лексіку па розных тэмах, маглі складаць сказы і адказваць на пытанні. Яны вучацца па-англійску называць колеры, віды агародніны і садавіны, а таксама дзікіх і свойскіх жывёл, формы і віды адзення, часткі цела. У дашкольнікаў пераважае кароткачасовая памяць, але па якой бы тэме ні былі заняткі — яны ўсё роўна развіваюць дзіця і трэніруюць яго памяць.
Не забываемся мы і пра родную мову і культуру. Праводзім фальклорныя святы на беларускай мове, арганізоўваем паходы дзяцей у тэатр беларускай драматургіі. У сем’ях некаторых нашых выхаванцаў прынята размаўляць на беларускай мове. Такім малышам мы даручаем вывучыць, напрыклад, да ранішніка верш на беларускай мове, а падчас заняткаў даём ім індывідуальныя заданні.
Педагагічны працэс у садзе ідзе, я лічу, у патрэбным рэчышчы. З большасцю бацькоў склаліся даверлівыя, добразычлівыя адносіны. У нас няма бацькоўскага камітэта. І бацькоўскіх сходаў тут не праводзяць, усе пытанні вырашаюцца ў індывідуальным парадку — і з загадчыкам, і з педагогамі. Асноўныя арганізатарскія функцыі мне даводзіцца браць на сябе. Калі трэба правесці з дзецьмі экскурсію або паход у тэатр — уся культурная праграма на маіх плячах. Закупка падарункаў на Новы год таксама мая задача. Удзел жа бацькоў у дзейнасці ўстановы — гэта перш за ўсё дапамога ў навучанні і выхаванні дзяцей і арганізацыя дзён нараджэння малышоў. Іншы раз лагапед просіць іх пазаймацца з дзецьмі, паколькі адпаведных заняткаў у садзе недастаткова, а трэба трэніравацца і адпрацоўваць гукі штодзённа. Можа, хто з бацькоў і лічыць, што гэта нонсэнс: маўляў, я заплаціў — значыць, усім павінны забяспечыць. Але практыка паказвае, што калі і дома падтрымліваць у дзіцяці інтарэс да набыцця ведаў, то і вынік будзе лепшы.
Сёння мы ганарымся сваімі выпускнікамі, якія вучацца пераважна ў гімназіях Мінска. Яны не забываюць і пра нас, прыходзяць і расказваюць пра свае поспехі і дасягненні.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.