Выхаваўчая лабараторыя. Гасцёўня «Адкрыем нашчадкам схаваныя скарбы»

- 16:11Журнал "Народная асвета", Образование

Немагчыма ўявіць сабе культурнага, адукаванага чалавека, які б не ведаў гісторыі, звычаяў і абрадаў, мовы свайго народа. Але, на жаль, часта сустракаешся з тым, што маладыя людзі дасканала ведаюць падзеі з гісторыі іншых краін, свабодна валодаюць замежнай мовай, а пра тую краіну, дзе жывуць самі, ведаюць вельмі мала, абыякава ставяцца да беларускіх звычаяў і роднай мовы.

А. В. ГРАДОЎКІНА, настаўнік пачатковых класаў першай кваліфікацыйнай катэгорыі СШ № 28 г. Віцебска імя Е. С. Зяньковай

Цікавасць да гісторыі роднага краю, абрадаў і звычаяў беларускага народа, любоў і павагу да мовы продкаў неабходна выхоўваць з дзяцінства. Гэта не азначае прыярытэтнага знаёмства, напрыклад, з гісторыяй Беларусі ў параўнанні з сусветнай гісторыяй. Маецца на ўвазе выхаванне ў першую чаргу пачцівых, беражлівых адносін да свайго мінулага, зацікаўленасці ў набыцці гістарычных, краязнаўчых, этнаграфічных, моўных ведаў.

Асабліва гэта датычыцца дзяцей 6–10 гадоў. У гэтым узросце можна і нават неабходна выклікаць у дзяцей пэўную эмацыянальную спагадлівасць пры знаёмстве з падзеямі мінулага. Станоўчы настрой і зацікаўленасць гісторыяй роднага краю, абрадамі і звычаямі беларускага народа, мовай, на якой размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, стане надзйным падмуркам, што дазволіць набываць у далейшым больш глыбокія веды. Прыярытэт выхаваўчых мэт патрабуе спецыфічных для малодшых школьнікаў арганізацыйных форм знаёмства з родным краем: гэта гутаркі, экскурсіі, віктарыны, святы.

У нашай школе рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект «Укараненне мадэлі развіцця кампетэнтнасці педагогаў у фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці навучэнцаў». Адзін з напрамкаў работы педагогаў – правядзенне беларускіх нацыянальных свят.

А. П. АСТАШОНАК, настаўнік пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі СШ № 28 г. Віцебска імя Е. С. Зяньковай

Мы імкнёмся пазнаёміць вучняў з народнымі традыцыямі, асаблівасцю побыту беларусаў, раскрыць багацце і непаўторнасць роднага краю, мовы, гісторыі, садзейнічаць выхаванню павагі да маральных каштоўнасцей. Акрэсленыя задачы рашаюцца з апорай на гульнявыя тэхналогіі і выкарыстанне розных відаў дзейнасці вучняў (музычнай, драматычнай).

Падчас свят у атмасферы творчага супрацоўніцтва ўдзельнікі паказваюць свой артыстычны талент, запал і захопленасць.

Бацькі прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні свят, падтрымліваюць эмацыянальны настрой, бо і настаўнікі, і бацькі разумеюць: школа і сям’я з’яўляюцца асноўнымі інстытутамі выхавання, і яны закліканы фарміраваць у дзяцей найлепшыя рысы нацыянальнага характару.

Прапануем вашай увазе гасцёўню для вучняў пачатковых класаў, прысвечаную нацыянальным традыцыям беларусаў.

Тэма. Адкрыем нашчадкам схаваныя скарбы.

Мэта: выхаванне ў вучняў нацыянальнай самасвядомасці праз асэнсаванне нацыянальных каштоўнасцей.

Задачы:

  • актуалізаваць веды вучняў пра Беларусь, яе прыроду, мову, славутых людзей, побыт беларусаў;
  • выклікаць цікавасць да вывучэння беларускага фальклору;
  • развіваць маўленне, эстэтычны густ, творчае мысленне;
  • выхоўваць пачуццё нацыянальнай годнасці і гонару за сваю Радзіму.

Ход гасцёўні

Вядучы (чытае верш А. Канапелькі).

Беларускае роднае слова,

Пералівістае – як каменьчык,

Вясёлкавае – як ручай,

Цёплае – як агеньчык

Добрых тваіх вачэй,

Светлае – як маланка,

Гнеўнае – як пярун,

Ціхае – як калыханка,

Вечнае – як Беларусь!

Усім добры дзень! І ў добры час! Мова родная ў нас! «У каго веды – у таго і сіла» – гаворыць прыказка. Сёння вы, шаноўныя ўдзельнікі гасцёўні, папоўніце скарбонку ведаў па беларускай мове і літаратуры, пазнаёміцеся з некаторымі абрадамі і звычаямі беларусаў. Гасцёўня запрашае вас!

Конкурс 1. Назаві каманду

Назвы каманд вызначаюцца па адказах на пытанні, звязаныя з беларускімі народнымі песнямі.

  • Што сеяла Ульяніца? (Лянок.)
  • Якую кветку палола Купалінка? (Ружа.)

Конкурс 2. Загадкі з роднай хаткі

Вядучы. Напярэдадні народнага свята гукання вясны гаспадыні гатавалі пячэнне ў выглядзе птушак – так званыя жаваронкі. Іх падкідвалі дагары і пелі вяснянкі. Лічылася, што так можна паскорыць прылёт птушак. Давайце і мы паспрабуем паспяваць.

Карагод «Жавароначкі, прыляціце»

Жавароначкі, прыляціце,

вясну красную прынясіце.

Каб сонейка засвяціла,

каб снег белы растапіла,

каб садзікі расквяціла.

 

Жавароначкі, прыляціце,

зямлю-матухну абудзіце

і дожджыкам напаіце.

Каб травачкі нарасціла,

каб волікаў накарміла.

 

Жавароначкі, прыляціце,

цёпла лецейка прынясіце.

А зімачку прыбярыце,

бо зімачка надаела –

наш хлебушак пераела.

Пасля карагоду ўдзельнікі разгадваюць загадкі пра птушак.

 

Загадкі для каманды «Лянок»

Загадкі для каманды «Ружа»

1. Што за важны франт там крочыць,

Мерае балоты?

Чорны фрак, як снег, сарочка

Ды чырвоны боты. (Бусел.)

1. Жэўжык крошкі падбірае,

Бо свайго стала не мае.

А ў марозы не гаруе:

Пад страхой зімой начуе. (Верабей.)

2. Хто ля хаткі на галінцы

Песняй сонейка вітае?

Хто вясну прынёс на крыльцах

І так радасна спявае? (Шпак.)

2. Белабокая пляткарка

Скокнула з галіны

І, спяшаючыся, шпарка

Выдала навіны. (Сарока.)

3. Лічыць гады варажбітка,

Сеўшы ў цяньку на суку.

Рэхам крыштальным нібыта

Гукаецца тое «ку-ку». (Зязюля.)

3. Не акорды і не гамы

У вяршынях дрэў чутны:

Выбівае тэлеграмы

Паштальён лясны. (Дзяцел.)

Інфармацыйная хвілінка «Ці ведаеце вы, што…». Існуе старажытная беларуская прымаўка «праглынуў як бусел жабу». Так кажуць пра чалавека, які вельмі спрытна з’еў пачастунак.

Конкурс 3. Віктарына «Падарожжа па народных святах»

Пытанні для каманды «Лянок»

  1. Як называецца галоўная страва Калядаў – каша з ячменю або пшаніцы? (Куцця.)
  2. Якое народнае свята прысвечана провадам зімы і набліжэнню вясны? Яно святкуецца ў другой палове лютага – першай палове сакавіка. (Масленіца.)
  3. Якое прыгожае народнае свята адзначаецца з 6 на 7 ліпеня? Адзін з самых вядомых звычаяў – пошук папараць-кветкі. Лічылася, што той, хто знойдзе яе, зможа бачыць скарбы, схаваныя пад зямлёй, разумець мову птушак і звяроў. (Купалле.)
  4. На якое свята фарбуюць яйкі ў розны колер, пякуць святочныя пірагі? (Вялікдзень.)
  5. На якія святы беларусы ўшаноўваюць памяць сваіх продкаў? (Вясной – на Радаўніцу, восенню – на Дзяды.)

Пытанні для каманды «Ружа»

  1. Якое старажытнае народнае свята адзначаецца с 7 па 19 студзеня і ахоплівае Нараджэнне Хрыстова, Новы год і Вадохрышча? (Каляды.)
  2. Якое свята працягваецца цэлы тыдзень? Кожны дзень мае сваё прызначэнне. Напрыклад, у трэці дзень усе багата частуюцца смачнай ежай, асабліва блінамі. (Масленіца.)
  3. Што сімвалізуюць бліны, якія традыцыйна пякуць на Масленіцу? (Вясенняе сонца.)
  4. Людзі верылі, што вада на гэтае свята валодае ачышчальнай сілай. Таму імкнуліся выкупацца менавіта ў гэтую святочную ноч. Што гэта за свята? (Купалле.)
  5. Якія народныя святы ўраджаю вы ведаеце? (Яблычны спас, Багач.)

Інфармацыйная хвілінка «Ці ведаеце вы, што…». У свой час псеўданім «Агняцвет» прыдумаў Янка Купала, якому 16-гадовая Эдзі прынесла пачытаць свае вершы. Паэт, калі вяртаў творы, сказаў: «Ты сама як агняцвет!» Так у народзе называлі купальскую кветку. Сапраўднае імя беларускай мастачкі слова Эдзі Агняцвет – Эдзі Сямёнаўна Каган.

Конкурс 4. Рыфмаванка-забаўлянка

Вядучы. Кожны нацыянальны характар мае тыповыя рысы. Памяркоўнасць, гасціннасць, працавітасць, здольнасць да творчасці, уменне пастаяць за сябе – адметныя рысы беларусаў.

Талент народа складаецца з талентаў асобных творцаў. Паслухайце небыліцу «Цікаўны кот» паэта Уладзіміра Іванавіча Карызны і паспрабуйце па першым радку скласці свой працяг небыліцы.

Цікаўны кот

Кот па небе лятаў,

лапцем неба падмятаў, –

набраў торбу зорак,

заснуў на дзён сорак.

Адказы

  1. Кот па небе лятаў,

па аблоках скакаў.

Як убачыла варона,

дык зрабілася зялёнай.

  1. Кот па небе лятаў,

па-птушынаму спяваў.

Чыў-чыў-чыў ды кра-кра-кра –

вяртацца на зямлю пара.

  1. Кот па небе лятаў

ды на скрыпачцы іграў.

Потым у барабаны біў,

нават дожджык разбудзіў.

Дождж прайшоў, заззяла сонца,

расквяцілася вясёлка.

  1. Кот па небе лятаў,

з месяцам пасябраваў,

І ад вечара да ранку

пеў кот зоркам калыханкі.

Інфармацыйная хвілінка «Ці ведаеце вы, што…». Уладзімір Карызна працаваў на Віцебскай зямлі. У 1961 годзе па размеркаванні ён паехаў у Опсаўскую сярэднюю школу Браслаўскага раёна выкладаць беларускую і рускую мову і літаратуру.

Вядучы. Ні адно беларускае свята не абыходзіцца без гульні. Давайце і мы пагуляем.

Гульня «Шуляк». Гульцы выбіраюць «матку» і «шуляка». «Матка» становіцца спераду, а за ёю астатнія ўдзельнікі гульні, моцна трымаючы адзін аднаго за паясніцу. «Шуляк» садзіцца на кукішкі перад «маткаю» і ўмоўна капае ямку. Адбываецца размова «маткі» з «шуляком»:

– Шуляк, шуляк, што ты робіш?

– Ямку капаю.

– Навошта табе ямка?

– Мяса варыці.

– Навошта табе мяса?

– Дзяцей карміці.

– А дзе ты мяса возьмеш?

– А ў цябе за спінаю.

– А я не дам!

– А я вазьму!

– Мяса хачу!

– З’еш жабу на карчу!

Са словамі «А я вазьму» «шуляк» пачынае лавіць апошняга ў чарадзе. «Матка» імкнецца перашкодзіць гэтаму. Чарада кідаецца з боку ў бок. Усе сочаць за рукамі «шуляка». Злоўлены ўдзельнік гульні адыходзіць убок. «Шуляк» такім чынам стараецца пералавіць усіх.

Конкурс 5. Трапнае слова – мудрасці аснова

Каманды злучаюць часткі сказаў, каб атрымаліся прыказкі: 1. Лепш сто сяброў … (чым сто рублёў). 2. У гасцях добра … (а дома лепш). 3. Чалавек без Радзімы … (што салавей без песні). 4. Якая справа … (такая й слава). 5. Няма смачнейшай вадзіцы … (як з роднай крыніцы).
6. Навука хоць намучыць … (але жыць навучыць).

Інфармацыйная хвілінка «Ці ведаеце вы, што…». Раней пяклі хлеб у печы. Існавала павер’е, што калі дастаць хлеб з печы і ён перавернецца, то будзе прыбытак.

Конкурс балельшчыкаў

  1. Возера – жамчужына Беларусі. (Нарач.)
  2. Калі поле бывае блакітным? (Калі цвіце лён.)
  3. Калі вясна сустракаецца з зімой? (15 лютага; адзначаецца Стрэчанне.)
  4. Самае распаўсюджанае дрэва ў Беларусі. (Сасна.)
  5. Не агонь, а пячэцца. (Крапіва.)
  6. Без агню, а варыць. (Галава.)
  7. Другі хлеб у Беларусі. (Бульба.)
  8. Што нас корміць, а есці не просіць? (Зямля.)
  9. Якое дрэва ў Беларусі завуць дрэвам-шаптуном? (Асіну.)
  10. З якога матэрыялу звычайна робяць чучала на Масленіцу? (З саломы.)

Конкурс 6. Цікавыя беларускія словы

Трэба растлумачыць лексічнае значэнне слоў.

Словы для каманды «Лянок»: бондар (майстар па вырабе драўлянай пасуды – бочак, дзежак), шчадрэц (звычай адзначаць вечар напярэдадні Новага года), гіль (снягір).

Словы для каманды «Ружа»: капец (куча агародніны, накрытая ад марозу саломай і зямлёй), валошка (васілёк), гутнік (работнік, які працаваў на гуце, вырабляў шкло).

Вядучы (чытае верш У. Мазго).

– Ты адкуль бруішся, Мова?..

– 3 сініх нёманскіх крыніц…

Па зямлі збіраю словы,

Нібы россыпы суніц.

Мілая, адзіная,

Нам, нашчадкам,

Дадзена

Любаю Радзімаю

Ад дзядоў і прадзедаў.

Хай вядзьмараць навальніцы,

Снегападаў касякі,

А табе вякі бруіцца –

А затым –

Яшчэ вякі!..

Вось і закончылася наша размова ў гасцёў­ні – свята сустрэчы з роднай мовай, з беларускай культурай. Якая багатая і чароўныя наша мова! Яна вучыць нас любіць сваю Радзіму, з павагай адносіцца адзін да аднаго, марыць і дабівацца поспехаў. Яна – наша сапраўднае багацце. Давайце будзем разам яго берагчы.

ЛІТАРАТУРА

  1. Кажура, В. В. Дзівы розныя на свеце… : загадкі / В. В. Кажура. – Мінск: Конкурс, 2022. – 88 с.
  2. Лапіцкая, Т. М. «Буслік» для цікаўных і дапытлівых: пазнавальныя артыкулы і творчыя заданні для вучняў 5–11 классаў / уклад. Т. М. Лапіцкая. – Мінск: Конкурс, 2021. – 48 с.

Фота на прэўю з архіва рэдакцыі,
выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі