Абласны педагагічны форум прайшоў у Гродне ў фармаце адкрытага дыялогу. У абмеркаванні актуальных пытанняў развіцця сістэмы адукацыі прынялі ўдзел больш за 800 прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці Гродзеншчыны.
Форум пачаўся з ускладання кветак да мемарыяльнага ансамбля воінам-пагранічнікам. У абласной філармоніі віншаванні і заслужаныя ўзнагароды прымалі педагогі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі вобласці.
У рабоце жнівеньскага форуму прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Міхаіл Мірончык, а таксама дэпутаты, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання і прафсаюзаў, палітолагі, кіраўніцтва УВА і ўстаноў сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ветэраны педагагічнай працы.
Узнагароды педагогам з вялікай літары
Уручаючы ўзнагароды лепшым педагогам вобласці, Уладзімір Каранік падкрэсліў:
— Педагог — вельмі няпростая, але такая патрэбная прафесія. Гэта чалавек не толькі адукаваны, але і з высокімі маральнымі якасцямі. Разгледзець у вучні яго здольнасці і дапамагчы іх раскрыць, знайсці падыход да кожнага — справа не з лёгкіх. І настаўнік не мае права на памылку, бо ад яго работы залежыць будучае паспяховае жыццё сённяшняга вучня. Згодны з выказваннем, што бацькі даюць дзіцяці жыццё, а настаўнікі робяць гэтае жыццё паспяховым, таму гэта вельмі важная прафесія. На абласным педагагічным форуме сабраліся лепшыя з лепшых, педагогі, якія бачаць у сваіх вучнях будучых спецыялістаў, развіваюць іх здольнасці, фарміруюць маральна-псіхалагічны мікраклімат у калектыве. Закаладзеныя вамі арыенціры дазволяць моладзі знайсці правільную дарогу ў жыцці.
Узнагароды Міністэрства адукацыі лепшым педагогам Гродзенскай вобласці ўручыў Міхаіл Мірончык.
— Патэнцыял, які ёсць у педагогаў Гро-дзеншчыны, дарагога варты, — падкрэс-ліў М.У.Мірончык. — А што гэты патэнцыял ёсць, відаць па выніках прадметных алімпіяд, цэнтралізаванага тэсціравання. Мы бачым, наколькі якасна падчас правядзення дзяржаўных акрэдытацый працуе сіс-тэма адукацыі рэгіёна. Я заўсёды сачу за вашымі поспехамі і ганаруся імі. Ад імя Міністэрства адукацыі хачу перадаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву аблвыканкама за ўвагу, якая ўдзяляецца сістэме адукацыі. Дзякуй калектывам і кожнаму педагогу за вашу складаную, шматгранную, цікавую і заўсёды творчую працу. Упэўнены, што вы здольны вырашаць пытанні, якія сёння пастаўлены перад сістэмай адукацыі.
У фармаце тэматычнай дыскусіі
Працягнуўся форум у вялікай зале Гро-дзенскай абласной філармоніі, дзе не было прывычных для ўсіх дакладаў і выступленняў. Ганаровыя госці былі запрошаны на сцэну і ў якасці спікераў адказвалі на пытанні мадэратара мерапрыемства і педагогаў, акрэслівалі сваю пазіцыю ў такой важнай для ўсіх справе, як адукацыя.
Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык прапанаваў у фармаце тэматычнай дыскусіі абмеркаваць задачы, якія былі пастаўлены перад сістэмай адукацыі на Рэспубліканскім педагагічным савеце з удзелам кіраўніка дзяржавы.
Адкрываючы дыскусію, старшыня Гро-дзенскага аблвыканкама яшчэ раз выказаў павагу ўсім настаўнікам і прызнаўся, што яму асабіста пашанцавала ў жыцці з педагогамі, а правядзенне жнівеньскага форуму ў фармаце адкрытага мікрафона дае магчымасць не толькі выказаць павагу людзям гэтай прафесіі, але і адказаць на пытанні, якія іх хвалююць.
— Сістэма адукацыі Гродзеншчыны гатова да пачатку новага навучальнага года. Першага верасня пачнуць работу 789 устаноў адукацыі, у тым ліку 317 школ. За парты сядуць 118 тысяч вучняў, сярод іх — 12,5 тысячы першакласнікаў. Сёлета школьнікаў вобласці стала больш амаль на тысячу. Ва ўсіх школах падпісаны серты-фікаты гатоўнасці, а ў гэтым го-дзе такі дакумент з’явіўся і ва ўстановах дашкольнай адукацыі, якія таксама гатовы прыняць дзяцей. На першае месца работы прыбылі 829 маладых спецыялістаў. Матэрыяльную дапамогу з бюджэту і іншых крыніц на суму больш як 3 млн рублёў атрымалі ўсе мнага-дзетныя сем’і, дзе выхоўваюцца школьнікі. Новы навучальны год стане калі не пераломным, то вельмі знакавым для сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. Чакаюцца сур’ёзныя змяненні ў арганізацыі выхаваўчай работы, у змесце адукацыі, — адзначыў Р.Ю.Абрамчык.
У працэсе будаўніцтва ў вобласці знаходзяцца 3 навучальныя ўстановы: школа ў мікрараёне Грандзічы ў Гродне, дзіцячыя сады ў Гродне і Скідзелі. Вы-значаны аб’екты будаўніцтва на наступную пяцігодку, вядзецца праектаванне новых дзіцячых садоў у Лідзе, з’явяцца яны і ў Слоніме, Ваўкавыску, гэтая работа будзе прадоўжана ў Гродне. У цэлым на падрыхтоўку школ да новага навучальнага года гэтым летам накіравана больш як 9 млн рублёў. Выкананы праграмы рамонтаў харчаблокаў, за сродкі абласнога і раённых бюджэтаў зроблены ўсе неабходныя капітальныя рамонты ва ўстановах. Працягнуцца работы на аб’ектах Сусветнага банка. У найбліжэйшы час пасля рэканструцыі адкрыецца Раціцкая школа ў Гродзенскім раёне.
На форуме ішла гаворка пра поспехі, якіх удалося дасягнуць сістэме адукацыі рэгіёна ў мінулым навучальным годзе. У скарбонцы вобласці 4 медалі міжнародных алімпіяд, 40 стабальных сертыфікатаў на ЦТ — больш, чым у папярэднія гады. Вобласць мае дыплом I ступені Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, яна лепшая ў школьным спорце, як і вядучая рэгіянальная УВА ГрДУ імя Янкі Купалы — у студэнцкім. Гран-пры Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі” — у Гродзеншчыны. Два з васьмі суперфіналістаў конкурсу “Настаўнік года” — педагогі рэгіёна. Лепшы лагер краіны, важаты, педагагічны атрад таксама на Гродзеншчыне. Лепшы ў краіне сайт органаў кіравання адукацыяй — у галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Гімназія № 10 Гродна занесена на Рэспубліканскую дошку гонару.
З 1 верасня ў рэжыме поўнай функцыя-нальнасці пачне працаваць адзі-ны адукацыйны рэсурс краіны. 980 вучэбных модуляў, 120 творчых груп, больш як 500 лепшых настаўнікаў — уклад Гро-дзеншчыны ў стварэнне новай для краіны структуры навучання школьнікаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
— На Рэспубліканскім педагагічным савеце вызначаны асноўныя напрамкі работы галіны на наступны год: адукацыя ў інтарэсах асобы, грамадства і, галоўнае, дзяржавы павінна стаць стандартам работы сістэмы, — падкрэсліў Руслан Абрамчык. — Адукацыя — апора дзяржаўнасці. У школе ёсць месца толькі дзяржаўнай палітыцы. У выхаваўчае ўзаемадзеянне з дзіцем і сям’ёй павінен быць уцягнуты кожны работнік установы — ад вахцёра і нянечкі да настаўніка і дырэктара, кожны куток школы або дзіцячага сада. Кожны ўрок павінен несці выхаваўчую місію. Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу ўрока — задача нумар адзін на бягучы год. Дзяцей не выхавае YouTube, а бацькоў — Viber. Якас ць бацькоўскіх сходаў, іх змест — яшчэ адна зона адказнасці кіраўнікоў школ. Класныя і інфармацыйныя гадзіны павінны пагружаць дзяцей у канструктыўны інфармацыйны парадак дня краіны, расказваць пра грамадскія і сусветныя працэсы, фарміра-ваць грамадзяніна. Якасная работа класнага кіраўніка бу-дзе падтрымана.
На пытанні, кім павінен стаць у школе кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, засяродзіў увагу Юрый Караеў:
— Гэта чалавек, які павінен дапамагчы кіраўніцтву і ўсяму персаналу школы арганізаваць работу па выхаванні школьнікаў — патрыётаў сваёй краіны. Вельмі важна, каб у школе захоўваўся парадак, каб былі створаны ўсе ўмовы для бяспечнай жыццядзейнасці калектыву, не было перадумоў для здзяйснення правапарушэнняў. Для мяне настаўнік — святы чалавек, пра яго нават думаць дрэнна нельга, не тое што крытыкаваць. Не павінна быць выпадкаў, калі баць-кі без прычыны ўмешваюцца ў адукацыйны працэс.
Новы час патрабуе новых падыходаў у рабоце з моладдзю. Як падкрэсліў Віктар Лісковіч, на Рэспубліканскім педагагічным савеце прэзідэнт абазначыў задачы, якія мы павінны вырашаць. Перш за ўсё гэта выхаванне дзіцяці, другое — адукацыя і падрыхтоўка яго да жыцця ў соцыуме. У нас ёсць усё для таго, каб прывіць дзіцяці любоў да роднай краіны, прыцягнуць да грамадскага жыцця.
— У найбліжэйшы час мы павінны вярнуцца да правядзення інфармацыйных га-дзін. Рыхтаваць іх будуць дзеці, а даць ацэнку па-дзеям у краіне і свеце, у розных галінах нашага жыцця ім дапамогуць класныя кіраўнікі, настаўнікі. Спраў, якія зацікавяць школьнікаў, шмат. Напрыклад, спартыўныя спаборніцтвы, футбольныя матчы паміж школамі, мікрараёнамі, арганізаваныя дарослымі сумесна з дзецьмі, прыня-суць толькі карысць. Не трэба забываць і пра дапамогу грамадскіх арганізацый у выхаванні школьнікаў, — адзначыў В.А.Лісковіч.
Уключыўшыся ў дыскусію пра выхаванне патрыётаў, палітолаг Пётр Пятроўскі адзначыў, што ў апошнія гады больш увагі ўдзялялася прафесійнай адукацыі, а грамадзянскае выхаванне было адсунута на другі план:
— Мы выхоўваем не проста інжынера, настаўніка, агранома, праграміста, а перш за ўсё грамадзяніна Рэспублікі Бе-ларусь. Сёння калектывы навукоўцаў пачынаюць трансфармаваць падручнікі. Другі момант — інтэрактыўнасць. Калі вучань проста чытае падручнік гісторыі і бачыць там даты, без карцінкі, без эмоцый, яны так і застаюцца абстрактнымі датамі. А калі ён трапляе ў музей Вялікай Айчыннай вайны або мемарыяльны комплекс “Хатынь”, ён бачыць гэтую гісторыю і тады па-іншаму ўспрымае факты. Мы ўсвядомілі некаторыя свае пралікі і паставілі задачы, каб іх выправіць, зрабіўшы акцэнт на грамадзянска-патрыятычным выхаванні.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама заўважыў, што нельга блытаць эфектнасць і эфектыўнасць. Ён прапанаваў вы-значыць базавыя прынцыпы, якія ўплываюць на развіццё дзіцяці, фарміруюць у яго гордасць за папярэдняе пакаленне, за дасягненні незалежнай Беларусі, а нам ёсць чым ганарыцца. Гэтыя прынцыпы дапамогуць дзіцяці рухацца наперад і знайсці сваё месца ў жыцці.
Рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка дадала: “Каб выхаваць патрыёта, мала адных ведаў, мала ўбачыць, трэба, каб дзіця заўсёды ставіла перад сабой пытанне: “А што я магу зрабіць для таго, каб краіна квітнела?”. І пачынаць трэба з малога — з павагі да сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў”. Дырэктар гімназіі № 10 Гродна Алена Зінчук адзначыла, што важную ролю ў патрыя-тычным выхаванні школьнікаў адыгрывае “Школа актыўнага грамадзяніна”.
— Мы захавалі сістэму адукацыі, яна даказала сваю эфектыўнасць, сёння стаіць задача прыўнесці ў яе тое, што патрабуе час, — адзначыў, падводзячы вынік размовы з педагогамі, Уладзімір Каранік. — Самае галоўнае, што ёсць у адукацыі, — кадры, нераўнадушныя людзі. Сёння ў зале — настаўнікі, якія толькі робяць першыя крокі ў прафесіі, і заслужаныя педагогі, ветэраны. Сплаў маладосці і вопыту зробіць нашу адукацыю яшчэ больш устойлівай, высакакласнай. У нас ёсць усе перадумовы для таго, каб ісці наперад і дынамічна развівацца.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.