Выхаваўчы патэнцыял музейнай педагогікі

- 11:29Навіны рэгіёнаў

Гісторыя сядзібы Нямцэвічаў, размешчанай у вёсцы Скокі Брэсцкага раёна, налічвае амаль 240 гадоў і цесна звязана з мясцовай школай. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ўстанова адукацыі на працягу 40 гадоў працавала ў будынку палаца. Работа па вывучэнні гісторыі знакамітай сядзібы і дынастыі Нямцэвічаў пачалася яшчэ ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Вучні пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі В.І.Білевіч збіралі матэрыялы навуковых артыкулаў і архіўных фондаў, у тым ліку польскіх, успаміны старажылаў.

— Педагогі пазнаёміліся з нашчадкамі Юльяна Нямцэвіча ў 2002 годзе на канферэнцыі, прысвечанай вядомаму земляку, — расказвае дырэктар Скокаўскай сярэдняй школы В.А.Саявец. — Знакамітых дынастый у Беларусі шмат. Лёс і роля Нямцэвічаў у гісторыі нашай краіны — каштоўная спадчына, якой варта ганарыцца. Найбольшую вядомасць род атрымаў дзякуючы аднаму з яго прадстаўнікоў Юльяну Нямцэвічу — паэту і драматургу, асветніку і палітычнаму дзеячу, ад’ютанту Тадэвуша Касцюшкі. Нарадзіўся і вырас Юльян у Скоках, але значную частку жыцця быў вымушаны правесці ўдалечыні ад родных мясцін.

За 20-гадовую пошукава-даследчую работу быў сабраны багаты матэрыял пра Нямцэвічаў і створаны музейны куток. Так, педагогі перапісваліся з нашчадкамі роду, якія пражываюць у Польшчы і Канадзе. Вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў пераклалі на рускую і беларускую мову п’есы “Вяртанне пасла” і “Дзённікі майго часу”. Разам з прафесарам БрДТУ А.А.Гладышчуком, аўтарам кнігі “Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі”, арганізоўваліся шматлікія канферэнцыі, сустрэчы і паездкі. Распрацоўваліся экскурсіі, якія праводзілі вучні. З адкрыццём гісторыка-мемарыяльнага музея “Сядзіба Нямцэвічаў” усе сабраныя матэрыялы былі перададзены ў музейны фонд.

— Сёння музей — саюзнік школы ў навучанні і выхаванні дзяцей, — гаворыць В.А.Саявец. — Цеснае супрацоўніцтва дазваляе вырашаць многія педагагічныя праблемы: павышаць матывацыю да вучобы, развіваць патрыятычныя пачуцці і цікавасць да гісторыка-культурнай спадчыны Радзімы і свайго роду, далучаць да гісторыі роднага краю, вёскі і сям’і. Музейная педагогіка адыгрывае важную ролю ў сацыялізацыі школьнікаў, фарміраванні іх маральных і грамадзянскіх якасцей. Акрамя таго, музей з’яўляецца дзейсным сродкам адаптацыі падлеткаў у культурным асяроддзі, выступаючы антыподам зманлівага свету камп’ютарных гульняў.

Па словах В.А.Саявец, магчымасці музея актыўна выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі Беларусі. Так, на базе яго праводзяцца ўрокі ў 7—11 класах па тэмах “Падзеі паўстання 1794 года на Брэстчыне. Ю.Нямцэвіч і Т.Касцюшка” (у рамках тэмы “Паўстанне 1794 года і яго падзеі ў Беларусі”), “Раздзелы Рэчы Паспалітай у творах Ю.Нямцэвіча” (у рамках тэмы “Крызіс Рэчы Паспалітай і яе раздзелы”), “Развіццё сельскай гаспадаркі Брэстчыны ў перыяд уваходжання ў склад Расійскай імперыі (на прыкладзе вёскі Скокі)” (у рамках тэмы “Палітыка царскіх улад у Беларусі ў канцы ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзяў”), “Падзеі Першай сусветнай вайны. Падпісанне Брэсцкага міру”. Музейныя экспазіцыі выкарыстоўваюцца і пры вывучэнні айчыннай і сусветнай мастацкай культуры. Так, дзеці з цікавасцю знаёмяцца з інтэр’ерам і ўбраннем музея, яго архітэктурнымі асаблівасцямі.

— Гісторыка-мемарыяльны музей займае важнае месца не толькі ў патрыятычным і маральным, але і ў працоўным выхаванні школьнікаў, развіцці мастацкага густу і навыкаў эстэтычнай дзейнасці, — адзначае В.А.Саявец. — У рабоце з дзецьмі рознага ўзросту даволі эфектыўнымі з’яўляюцца спецыяльныя экспазіцыі і выставы. Так, разам з музеем праводзім выставы вучнёўскіх творчых работ.

Музей дапамагае і ў арганізацыі вольнага часу падлеткаў. Вечарыны, тэатралізаваныя святы, творчыя конкурсы, тэматычныя экскурсіі і балы з бацькамі дапамагаюць далучыцца да свету прыгожага. Школа ўдзельнічала ў рэканструкцыі ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны, прымеркаванай да 100-годдзя Брэсцкага перамір’я.

— Гісторыя Скокаў звязана з імёнамі і іншых знакамітых землякоў, — заўважае В.А.Саявец. — Гэта працаўнікі палёў, адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі. У вёсцы пражываюць 7 ардэнаносцаў. Іх імёны ведаюць усе вучні. Сярод выпускнікоў школы шмат вядомых людзей. 14 з 35 педагогаў установы — яе выхаванцы. Два супрацоўнікі музея таксама вучыліся ў Скокаўскай сярэдняй школе.

Вучні шануюць памяць салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У парку Нямцэвічаў знаходзіцца брацкая магіла воінаў, што аддалі жыццё пры вызваленні вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 48 імёнаў высечаны на гранітнай пліце помніка. Удзельнікі пошукавага атрада сабралі звесткі пра кожнага загінуўшага. Дзякуючы намаганням педагогаў і вучням, невядомыя байцы набылі імёны.

— Усё гэта выхоўвае ў школьнікаў павагу да падзей мінулага і продкаў, гонар за поспехі і дасягненні аднавяскоўцаў, — падсумоўвае В.А.Саявец.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.