Выхаваўчыя і адукацыйныя складнікі “Спадчыны”

- 12:01Навіны рэгіёнаў

Нярэдка цікавыя праекты нараджаюцца раптоўна. Напрыклад, калі некалькі ідэйных людзей збіраецца за кубкам гарбаты. Менавіта так з’явіўся на Гомельшчыне Абласны конкурс сярод навучэнцаў і работнікаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па патрыятычным выхаванні “Спадчына”.

На адной з сустрэч намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Мамрукова і дырэктар абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Ірына Кузьміцкая разважалі пра неабходнасць вярнуць аўтарытэт і значнасць прафесійна-тэхнічнай адукацыі, паказаць, наколькі яна шматгранная і якія таленавітыя і творчыя дзеці вучацца ў каледжах і ліцэях. Хацелася неяк заахвоціць прафтэхаўцаў даследчай і творчай дзейнасцю. Галоўнае ж, каб займаліся гэтым навучэнцы і педагогі з задавальненнем, а дух саперніцтва прывабліваў, нараджаючы цікавыя ідэі. Назву мусілі выбраць такую, каб кожны год можна было мяняць тэматыку, не парушаючы асноўнага зместу. Так узнікла “Спадчына”. Праект падтрымала кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі, і хутка ў вобласці пачалася падрыхтоўка да першага конкурсу. Ён праходзіў якраз у год 70-годдзя вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму тэма ўзнікла сама сабой. У наступныя гады тэматыкай конкурсу былі 70-годдзе вызвалення Беларусі, Год культуры і Год навукі.

Сёлета тэму вызначыла святкаванне 80-годдзя Гомельскай вобласці. У пяці намінацыях навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з дапамогай сваіх педагогаў займаліся даследчымі работамі гістарычна-экскурсійнага і краязнаўчага кірунку “Традыцый жывая ніць”, рыхтавалі харэаграфічныя і вакальныя нумары пад агульнай назвай “Вяртанне да вытокаў”, усхвалялі сваю Радзіму ў паэтычных радках. У намінацыі “Сімвал рэгіёна” канкурсанты стваралі экспанаты дэкаратыўна-прыкладной творчасці — гербы абласнога і раённых цэнтраў, лялькі, якія праз касцюмы паказвалі жыццё і быт жыхароў гомельскай зямлі ў мінулыя часы. Пры гэтым творцы выкарыстоўвалі самыя розныя тэхнікі. У гэтым годзе ў рамках конкурсу з’явілася новая намінацыя — стварэнне відэаролікаў на тэму “Добрае сэрца Гомельшчыны”, у якіх прафтэхаўцы паказвалі валанцёрскую работу сваёй установы адукацыі. Магчымасць ствараць маленькія фільмы, паспрабаваць сябе ў ролі сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў і акцёраў выклікала вялікую цікавасць у дзяцей.

Увогуле, цікавасць да конкурсу “Спадчына” з кожным годам узрастае, а па змесце работ, якія прадастаўляюць на суд журы навучэнцы і выкладчыкі, можна з упэўненасцю сказаць, што цікавасць гэтая па-сапраўднаму жывая. Калі ў мінулым годзе налічвалася крыху больш за 250 работ, то сёлета іх 324. А ў ліку канкурсантаў — амаль 500 устаноў. Зразумела, што далёка не ўсім давялося выйсці ў фінал і атрымаць перамогу, прыняць удзел у заключным гала-канцэрце, але для многіх гэта паслужыць стымулам паказаць наступны раз больш высокі ўзровень. За пяцігадовую гісторыю конкурсу прафтэхаўцы паказалі, што яны не прывыклі здавацца. Большасць устаноў з году ў год прымаюць удзел у “Спадчыне”, прычым у некалькіх намінацыях.

Сёння, калі абласны конкурс адзначыў свой маленькі юбілей, можна з упэўненасцю сказаць, што яго значнасць як у адукацыйнай, так і выхаваўчай рабоце даволі вялікая. Як адзначыў галоўны рэдактар нашага выдання Вадзім Кнышаў, уручаючы прызы ў намінацыі, якую падтрымлівала сёлета рэдакцыя “Настаўніцкай газеты”, адзінства выхавання і адукацыі — гэта сапраўдны брэнд нашай краіны. А падтрымка такога конкурсу, безумоўна, спрыяе пошуку і развіццю новых форм і метадаў у педагагічнай дзейнасці.

Дарэчы, да ідэі такога шматграннага адукацыйна-творчага спаборніцтва далучыліся многія арганізацыі, таму зараз конкурс “Спадчына” мае вялікую партнёрскую падтрымку.

У гэтым годзе ў фінал трапілі 14 канкурсантаў, якія падчас гала-канцэрта атрымалі ўзнагароды за перамогу ў сваіх намінацыях. Прыз ад “Настаўніцкай газеты” ў гэтым годзе ў намінацыі “Традыцый жывая ніць” атрымаў Мазырскі дзяржаўны прафесійны ліцэй геалогіі. Гэтай установе было аддадзена гран-пры за дзве даследчыя работы. Педагог-псіхолаг ліцэя Наталля Салдаткіна і выкладчык інфарматыкі Вольга Анішчанка, сабраўшы гурток навучэнцаў, правялі цікавае даследаванне гісторыі і вядомых мясцін Хойніцкага раёна, так і назваўшы сваю работу — “Традыцый жывая ніць Хойніцкага раёна”. А выкладчык хіміі і біялогіі Яна Зізюк, выкладчык беларускай мовы Іна Картыннік у сваёй рабоце “Беларуская Амазонія” апісвалі прыгажосць невялічкай часткі беларускага Палесся — Петрыкаўскага раёна. У даследаванні ім таксама дапамагалі зацікаўленыя юнакі і дзяўчаты. Такім чынам, навучэнцы ліцэя атрымалі экскурсію па цікавых мясцінах, збіралі і апрацоўвалі звесткі пра гістарычныя помнікі і лю-дзей, а таксама абаранялі даследчыя работы на заключным этапе конкурсу.

— Мы наведвалі Хойніцкі раён, расказвалі аб гісторыі сядзіб і іх уладальніках, вядомых месцах рэгіёна, апісвалі, што з імі адбываецца сёння, — расказала ўладальніца гран-пры навучэнка 1 курса Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя геалогіі Дар’я Вараб’ёва. — Мне было асабліва цікава, бо мая бабуля з Хойніччыны, і гэта цудоўна, што я магла самастойна даследаваць гэты раён.

У гэтай жа намінацыі пераможцамі сталі Гомельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй рачнога флоту з работай “Турыстычны маршрут”, Гомельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй прыборабудавання за стварэнне велаэкскурсіі “Мы памятаем іх імёны”. 3-е месца журы падзяліла паміж Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам кулінарыі, які выступаў з работай “Архітэктурная спадчына Станіслава Шабунеўскага” і Акцябрскім дзяржаўным прафесійным ліцэем, навучэнцы якога прадставілі работу “Рудабелка гераічная”.

У намінацыі “Мая чароўная Беларусь” юнакі і дзяўчаты, а таксама выкладчыкі дэманстравалі свой талент у вершаскладанні. 1-е месца за оду “Гонар сэрца” атрымаў навучэнец Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Андрэй Баранаў. 2-е і 3-е месцы адпаведна ў аўтараў з Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Зоі Чыжык і Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа Кацярыны Кацуба.

Найбольш цікавыя і творча выкананыя відэаролікі “Добрае сэрца Гомельшчыны” прадэманстравалі канкурсанты з Гомельскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага і Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў.

Лепшымі ў выкананні вакальных твораў і харэаграфічных замалёўках кампетэнтнае журы назвала навучэнцаў Рэчыцкага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя, Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа, Рагачоўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў, Гомельскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Спецыяльным прызам быў адзначаны харэаграфічны нумар выканаўцаў з Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага.

У намінацыі экспанатаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Сімвал рэгіёна” таксама было заснавана гран-пры. Яго ўладальнікам стаў Гомельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй рачнога флоту. Далей у трох прызавых месцах вызначаліся па двое пераможцаў — за выкананне гербаў і за стварэнне гістарычных лялек. Так, 1-е месца падзялілі навучэнцы і выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага за герб Гомельскай вобласці і педагог Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі Аксана Рагінская за ляльку “Селянін-старавер, які займаецца адыходным промыслам”.

2-е месца — у Рагачоўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа і Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа. 3-е — у Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання і Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў.

Восенню наступнага года конкурс “Спадчына” зноў збярэ ўдзельнікаў у абласным доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. Хутка будзе аб’яўлена тэма і намінацыі, у якіх будуць працаваць канкурсанты. Што ж тычыцца арганізатараў, то яны чакаюць яшчэ большай колькасці даследчых і творчых работ.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.