Педагогі ясляў-сада № 5 “Буслік” Быхава Магілёўскай вобласці актыўна ўключыліся ў дзейнасць па фарміраванні ў дашкольнікаў навыкаў рэсурсазберажэння, эканомнага расходавання цеплавой і электраэнергіі, вады і іншых прыродных рэсурсаў, па зборы другаснай сыравіны.
З дашкольнікамі праводзяцца гутаркі па тэмах “Што я ведаю пра беражлівасць?”, “Жыццё не мука, калі беражлівасць навука”, “Навошта патрэбны грошы?”, “Эканомім цеплыню”, “Поле непатрэбных прадметаў”, “Сартаванне смецця”; арганізоўваюцца цыклы заняткаў “Вораг прыродзе — смецце”, гульні-спаборніцтвы “Хто хутчэй збярэ смецце” і іншыя мерапрыемствы. Разам з дзецьмі педагогі вырашаюць праблемныя сітуацыі: што здарыцца, калі знікне вада? чаму трэба берагчы цеплыню? як стаць беражлівым? У займальнай форме ў старшай групе праходзяць заняткі “Прырода просіць абароны”, “Будзьце беражлівымі”, “Беражыце ваду”, на якіх дзеці шукаюць новыя прызначэнні знаёмым рэчам, развіваюць даследчыя навыкі. Разам з дзецьмі педагогі старшай групы склалі правілы карыстання вадой, мудрыя парады па эканоміі цяпла і электрычнасці. Каб дапамагчы малышам разабрацца ў складаных эканамічных паняццях, прапанавалі даступную для іх разумення “Загадкавую азбуку”. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаюць забавы “У школе Берагошы”, “У гасцях у гаспадыні Эканомікі”, якія ўключаюць у сябе эканамічныя задачы.
Педагогі рыхтуюць разам з дзецьмі драматызацыі, напрыклад, па матывах верша “Мядзведзь-бадзяга”, нібыта ён застаўся ў халоднай і цёмнай бярлозе, таму што не плаціў за электраэнергію.
Для фарміравання практычных навыкаў па зборы другаснай сыравіны ў групах абсталяваны пляцоўкі з кантэйнерамі для збірання паперы і пластыку. Праводзяцца гутаркі аб тым, навошта смецце трэба сартаваць і складваць у розныя кантэйнеры.
Да работы ў гэтым напрамку падключыліся бацькі. Яны ўдзельнічаюць у акцыях па зборы макулатуры і пластыкавых бутэлек. Выхавальнікі праводзяць тэматычныя бацькоўскія сходы (“Пасееш звычку — пажнеш характар”) і кансультацыі (“PRO-адходы — сучасная праблема”).
Людміла ГРАБЦЭВІЧ,
выхавальніца ясляў-сада № 5 “Буслік” Быхава.