Выхоўваем патрыётаў Беларусі!

- 15:32Навіны рэгіёнаў

У нашай школе вялікая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Калі нядаўна паўстала пытанне аб прыняцці ў шэрагі БРСМ дзевяцікласнікаў, дырэктар установы Т.Б.Страпко прапанавала наведаць мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, каб менавіта там хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі членскія білеты.

22 лепшыя вучні 4—10 класаў — выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, актыўныя ўдзельнікі агульнашкольных мерапрыемстваў — здзейснілі экскурсію ў Брэсцкую крэпасць-герой. Экскурсія пачалася ў музеі абароны Брэсцкай крэпасці. Аповед экскурсавода Э.Г.Піпко перанёс вучняў у час першых дзён вайны. Школьнікі атрымалі шмат карысных ведаў пра адну з самых жахлівых старонак нашай гісторыі. Музейныя экспанаты расказалі вучням пра бессмяротны подзвіг абаронцаў крэпасці, якія сваімі ўчынкамі паказалі сапраўдную адданасць Радзіме і любоў да яе. Асабліва дзяцей уразіў будзільнік, стрэлкі якога спыніліся за 5 хвілін да пачатку вайны, а таксама адзін з надпісаў у крэпасці: “Я паміраю, але не здаюся, бывай, Радзіма”. Экскурсія працягнулася на тэрыторыі мемарыяла, дзе вучні ўбачылі работу Паста Памяці № 1 ля Вечнага агню.

Уручэнне членскіх білетаў БРСМ было ўрачыстым і сімвалічным. Іх уручылі дзевяцікласнікам супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу Э.Г.Піпко і А.У.Карнялюк.

— Атрыманне членскага білета БРСМ на плошчы Цырыманіялаў — хвалюючы і кранальны момант, — падзяліўся ўражаннямі Аляксандр Русецкі. — Падчас экскурсіі я даведаўся шмат карыснага, бо цікаўлюся гісторыяй. Было прыемна азнаёміцца з ганаровай вахтай брэсцкіх школьнікаў ля Вечнага агню.

— Надзвычай хвалюючымі для мяне былі хвіліны, калі я падышла да Вечнага агню ўшанаваць хвілінай маўчання тых, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, — расказала Ірына Шэўчык. — Адным з самых урачыстых момантаў стала атрыманне членскага білета БРСМ. Гэта запомніцца на ўсё жыццё. Мы павінны ганарыцца тым месцам, дзе жывём.

Падчас экскурсіі дзеці наведалі таксама археалагічны музей “Бярэсце”, дзе азнаёміліся з побытам старажытнага горада. Вучняў вельмі ўразілі жаночыя ўпрыгажэнні продкаў: бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі. Цікава было ўбачыць прылады працы, абутак і элементы адзення. Асаблівую ўвагу вучні звярнулі на старажытнае Берасцейскае гарадзішча, дзе добра захаваліся драўляныя пабудовы сярэдзіны ХІІІ стагоддзя. Цяжка было ўявіць, што сучасны горад раней меў такі выгляд, а яго жыхары ўжо ў той час ведалі пісьменнасць і валодалі рознымі рамёствамі.

Аксана РОСЛЯК,
педагог-арганізатар;
Наталля КАРАГОДА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.