Выхоўваць дзяцей трэба ўласным прыкладам — не проста словамі. У гэтым упэўнены педагогі Крупскага раёна

- 11:07Образование

Чарговая рабочая паездка прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” адбылася ва ўстановы адукацыі Крупак. Тут увазе журналістаў быў прадстаўлены рознабаковы вопыт работы настаўнікаў, выхавальнікаў, адміністрацыі ўстаноў адукацыі, кухараў дзіцячага харчавання.

Галоўнае — вучні

 У Крупскай раённай гімназіі рускую мову і літаратуру выкладае Святлана Хадатовіч. Сёлета на трэцім этапе Рэс­публіканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры яе навучэнцы паказалі добрыя вынікі.

Менавіта прафесійная кампетэнтнасць настаўніка і сістэматычная работа са здольнымі і адоранымі навучэнцамі на факультатыўных, стымулюючых і індывідуальных занятках па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, алімпіяд і канферэнцый дапамаглі дасягнуць высокіх вынікаў.

“Штогод мае навучэнцы паказваюць добрыя вынікі падчас здачы ЦТ, з’яўляюцца пераможцамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры”, — адзначае педагог.

Літаральна на мінулым тыдні навучэнкі Святланы Леанідаўны прывезлі ў гімназію чарговыя перамогі. Так, вучаніца 10 “А” класа Валерыя Цумарава стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце. Усяго за час работы С.Хадатовіч у гімназіі яе вучні атрымалі больш чым 20 дыпломаў на алімпіядах рознага ўзроўню. Безумоўна, за гэтымі дасягненнямі стаіць асоба педагога.

Настаўніцай Святлана Леанідаўна хацела стаць з дзяцінства, таму пасля заканчэння школы паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт. Пасля атрымання дыплома малады спецыяліст вярнулася праца­ваць у Крупскі раён і ўжо больш чым 35 гадоў выкладае ў Крупскай раённай гімназіі. Настаўніца дагэтуль з удзячнасцю ўспамінае сваіх школьных выкладчыкаў, якія прывілі ёй любоў да настаўніцтва. Разважаючы пра тое, што для яе з’яўляецца галоўным дасягненнем, педагог сціпла прызнаецца: “Вучні”.

“Для мяне важнае кожнае дзіця, — дадае настаўніца. — Стараюся да ўсіх знайсці індывідуальны падыход, зацікавіць прадметам. Для тых дзяцей, якія захоплены рускай мовай і плануюць здаваць яе на ЦЭ, праводжу дадатковыя заняткі, факультатывы. Я ўпэўнена, што для дасягнення высокіх вынікаў неабходна старанна працаваць”.

Акрамя ўдзелу ў алімпіядах, выхаванцы педагога займаюцца даследчай дзейнасцю. Калі ў гімназіі вучыўся сын Святланы Леа­нідаўны Юрый, ён таксама прымаў удзел у адпаведных конкурсах. Настаўніца дагэтуль беражліва захоўвае работу, у якой хлопец вывучаў і складаў свой радавод. Падчас даследавання ён знайшоў шмат звестак пра свайго прадзеда, які загінуў у канцлагеры. Значна, што многіх фактаў, якія высветліў хлопец, не ведалі ў сям’і.

Эрудыты і разумнікі

Цікавым вопытам работы з навучэнцамі гімназіі падзялілася настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Наталля Гардынская. Дзякуючы яе захапленнем інтэ­лектуальнымі гульнямі, у гімназіі ўжо больш чым 20 гадоў працуе клуб “Эрудыт”. У ім каманды “Мышарим”, “Алгарытмы думкі” вучацца быць кемлівымі і вынаходлівымі.

“Клуб у свой час стварыла настаўніца англійскай мовы Ларыса Віктараўна Карань, — знаёміць з дзейнасцю “Эрудыта” яго сённяшні кіраўнік. — Тады яна заклала традыцыю: дзеці гулялі супраць педагогаў. Пазней, калі Ларыса Віктараўна пераехала ў Мінск, я працягнула яе дзейнасць. Для мяне было важным развіваць інтэлектуальныя здольнасці навучэнцаў. Сёння нашы трэніроўкі праходзяць па суботах. Гуляць у інтэлектуальныя гульні — гэта маё хобі, якое дапамагае пашыраць веды па розных кірунках. Менавіта для пашырэння кругагляду дзяцей і быў створаны “Эрудыт”.

Дзякуючы грунтоўнай падрыхтоўцы і дасканалым ведам, гімназісты пастаянна перамагаюць на раённых спаборніцтвах, паказваюць добрыя вынікі на абласным этапе гульняў. Як і на ўроках, пасля трэніровак Наталля Рыгораўна задае вучням дамашнія заданні.

“На чарговыя заняткі ім трэба адшукаць тры цікавыя факты і прыдумаць тры пытанні для іншых, — тлумачыць педагог. — Тэмы для падрыхтоўкі бяром самыя розныя: Год навукі, навуковыя дасягненні, культура, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі і іншыя”.

Важны этап падрыхтоўкі да інтэлек­туальных спаборніцтваў — разбор пытанняў з выпускаў “Што? Дзе? Калі?”. Прагляд савецкіх фільмаў, чытанне кніг з серыі “Я спазнаю свет”, аналіз карцін мастакоў, творчасць якіх вывучаецца не толькі ў межах школьнай праграмы па мастацтве, праслухоўванне класічнай музыкі — гэта толькі невялікая частка таго, чым займаюцца школьнікі, калі рыхтуюцца выйграць чарговую саву.

Традыцыю, якую калісьці заклала Ларыса Карань, — гульню вучняў супраць настаўнікаў — у гімназіі захавалі. Часцей за ўсё каманды збіраюцца разам падчас канікул. І нечакана, і прыемна, калі дзеці выйграюць у дарослых. Аналізуючы кожную гульню, пераможцай у якой становіцца каманда вучняў, Наталля Гардынская прыходзіць да высновы, што прыйшоў час трэніраваць сваіх калег-педагогаў.

“Я заўсёды радуюся перамогам навучэнцаў і веру ў іх поспехі, — прызнаецца настаўніца. — Упэўнена: вучні павінны пераўзыходзіць настаўнікаў. У гэтым і ёсць сэнс педагогікі”.

Смачна есці

У Крупскай раённай гімназіі кухарам працуе Вольга Васільеўна Дубава. Не так даўно яна стала пераможцай раённага этапу абласнога конкурсу “Лепшы кухар дзіцячага харчавання” і сёння рыхтуецца да заключ­нага, абласнога, выпрабавання.

“На конкурсе мы гатавалі стравы з птушкі і яек, — расказвае В.Дубава. — Усе стравы былі прысвечаны Году якасці. Сёння думаю над тым, што згатаваць на наступным этапе”.

Са слоў галоўнага кухара гімназіі, навучэнцы вельмі любяць шашлык з птушкі, запяканку з тварагу “Зебра”, катлеты, тэфтэлі. Кожны раз, ідучы на кухню, Вольга Васільеўна думае, у якім выглядзе падаць снеданне ці абед. “Мы клапоцімся пра кожнае дзіця, перажываем, каб вучні не былі галоднымі”, — прызнаецца кухар.

Разважаючы пра тое, наколькі карысным для майстроў кухні з’яўляецца конкурс, які праводзіцца на Міншчыне, Вольга Васільеўна сказала, што “Лепшы кухар дзіцячага харчавання” — цудоўная ініцыятыва, якая дапамагае кожнаму кухару ўдасканаль­ваць сваё прафесійнае майстэрства і рабіць абеды для школьнікаў яшчэ больш смачнымі.

Лясныя казкі

Напрыканцы мінулага года ў дзіцячым садзе № 2 Крупак было створана першае ў раёне да­школьнае лясніцтва “Лесавічкі”.

“Быць лесніком — гэта не проста насіць форму, — гаворыць выхавальніца дашкольнай установы Вольга Каралькова. — Быць лесніком — значыць ахоўваць лес, жывёл, саджаць дрэвы і даглядаць іх. Гэтаму мы вучым нашых выхаванцаў, якія сталі ўдзельнікамі “Лесавічка”. Пасвячэнне дашкалят у юныя леснікі прайшло ўрачыста і ярка. Дзеці чыталі вершы і спявалі песні, прысвечаныя лесу, танцавалі. Дарэчы, пра тое, што ў нас выхоўваюцца маленькія леснікі, нагадвае спецыяльная форма зялёнага колеру”.

Падрабязней пра маленькіх абаронцаў прыроды чытайце ў адным з наступных нумароў “Настаўніцкай газеты”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА