Выхоўваюць будучых алімпійцаў

Усе бацькі жадаюць вырасціць сваіх дзяцей здаровымі. Гэта з’яўляецца і адной з вядучых задач школы. Бадай, нішто так не збліжае бацькоў і дзяцей, як сумесныя святы і забавы. З мэтай развіцця алімпійскага руху і далучэння вучняў і іх сем’яў да здаровага ладу жыцця на базе Мокраўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Пружанскага раёна адбылося спартыўнае мерапрыемства “Мама, тата, я — алімпійская сям’я”. Месца яго правядзення было выбрана невыпадкова: установа адукацыі з’яўляецца занальным цэнтрам па арганізацыі работы ў шосты школьны дзень.

— Спачатку ўдзельнікі спартыўнага мерапрыемства ўспомнілі гісторыю і асноўныя сімвалы Алімпійскіх гульняў, адказалі на пытанні віктарыны і прагледзелі дакументальны фільм “Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі”, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кляпацкай сярэдняй школы Ж.А.Такарчук. — У лепшых традыцыях старажытнай Элады кожны юны ўдзельнік даў клятву гонару змагацца годна, сумленна і прыгожа, паважаць суддзяў і сапернікаў, а таксама прытрымлівацца алімпійскага прынцыпу: галоўнае не перамога, а ўдзел.

Каманды Кляпацкай сярэдняй школы і Мокраўскага ясляў-сада — сярэдняй школы праявілі мэтанакіраванасць, энтузіязм і самааддачу, літаральна вырываючы ў кожным конкурсе перамогу адно ў аднаго. Усе ўдзельнікі паказалі спартыўны азарт, загартоўку і імкненне да перамогі, упэўнена абаранялі гонар сваіх школ.

У перапынках паміж конкурсамі гучалі песні, выступалі чырлідары. Спартыўнае свята ператварылася ў грандыёзнае шоу, свята грацыі, душы і цела, у якім з вялікім задавальненнем удзельнічалі мамы і таты.

Па выніках спаборніцтваў з невялікім адрывам перамагла каманда Мокраўскага ясляў-сада — сярэдняй школы.

Пасля мерапрыемства дзеці адправіліся ў Мінск, дзе наведалі Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, Музей алімпійскай славы і спартыўна-забаўляльны комплекс “Мінск-Арэна”. Падчас паездкі школьнікі даведаліся, наколькі разнастайны і цікавы спартыўны свет роднай краіны. Педагогі спадзяюцца, што, магчыма, хтосьці з сённяшніх вучняў узнімецца ў будучыні на алімпійскі п’едэстал.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.