У Магілёве аднавілі некалі папулярную спартыўна-патрыятычную гульню “Зарнічка”. Ініцыятарамі гэтага выступілі абласны савет ГА “БРПА” і абласны Цэнтр творчасці пры актыўнай падтрымцы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.
— Мы надалі гульні, якая ў мінулым была часткай пачатковай ваеннай падрыхтоўкі школьнікаў, больш забаўляльны, агульнаадукацыйны характар. Аднак асноўнай яе мэтай, як і раней, засталося патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, — расказала старшыня абласнога савета “БРПА” Алена Малдаванава.
Па яе словах, удзел у гульні прынялі 17 каманд акцябрат, якія прадстаўлялі розныя раёны вобласці. “Зарнічка” для сучасных школьнікаў стала спаборніцтвам, дзе кожны, гуляючы ў камандзе, можа праявіць шэраг індывідуальных якасцей.
Магчымасцей паказаць сябе ва ўдзельнікаў хапала, бо арганізатары гульні прыдумалі шмат разнастайных заданняў. Прадэманстраваць страявую падрыхтоўку акцябраты маглі падчас аглядаў строю. А фізічныя здольнасці, камандны дух і згуртаванасць яны праяўлялі ў своеасаблівым ваенным мнагаборстве. Прайшоўшы ўсё выпрабаванні, навучэнцы на справе паказалі: атрымаць добры вынік можна толькі сумеснымі намаганнямі ўсёй каманды.
Увогуле, дружыны прадэманстравалі нядрэнную падрыхтоўку. Імёны пераможцаў заставаліся інтрыгай на працягу гульні. Вырашыць яе змаглі толькі суддзі, старанна падлічыўшы вынікі ўсіх заданняў. Першае месца заняла каманда Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, другімі сталі прадстаўнікі сярэдняй школы № 1 Крычава, а замкнулі тройку лідараў навучэнцы сярэдняй школы № 19 Бабруйска. Усе пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена абласным Цэнтрам творчасці.