Выкладчык з Горак падарожнічае па Беларусі на веласіпедзе і здымае відэа для TikTok

- 13:20Увлечения

“Вы прасілі — я прыехаў”. З гэтай фразы пачынаецца большасць відэаролікаў, якія выкладчык Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Руслан Даргель здымае падчас сваіх велападарожжаў. Ён праехаў ужо сотні беларускіх гарадоў і вёсак, але кожны дзень разам са сваімі падпісчыкамі з TikTok пракладвае новыя маршруты. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Абяцанне самому сабе

— Я скончыў нашу горацкую акадэмію 8 гадоў назад і захацеў адказаць сам сабе на пытанні: хто я, чаго чакаю ад новай прафесіі і ад жыцця? Па адказы адправіўся ў падарожжа — у Крым аўтастопам. Пакуль дабіраўся ад Гомеля да Керчы (дарэчы, усяго за рэкордныя 32 гадзіны) і ездзіў на паўвостраве, мяне часта падвозілі мясцовыя жыхары. Калі яны даведваліся, адкуль еду, пыталіся пра Беларусь, нашы славутасці. Але, на жаль, я мала што мог ім расказаць — на той момант амаль нідзе далей роднай Пастаўшчыны, Горак, Віцебска, дзе вучыўся ў каледжы, не бываў. Выязджаў хіба толькі на стандартныя школьныя экскурсіі. У маім кашальку захавалася старая 50-рублёвая банкнота з выявай Брэсцкай крэпасці. Я паказваў яе спадарожнікам і цішком разглядваў сам — на той момант на свае вочы я нават гэтую славутасць не бачыў. Мне стала вельмі сорамна, і я сам сабе паабяцаў: вярнуся дадому — дасканала вывучу родную краіну, пабываю ў розных гарадах і вёсках, каб мог кожнаму пра іх расказаць, — успамінае Руслан Сяргеевіч.

На выбар маім суразмоўнікам транспартнага сродку для паездак паўплываў Уладзімір Гусараў, дэкан факультэта  механізацыі сельскай гаспадаркі. Уладзімір Уладзіміравіч любіў ездзіць на веласіпедзе. Яго прыкладам і натхніўся Руслан Даргель і таксама купіў веласіпед.

— Паездка ў Брэсцкую крэпасць была для мяне першай вандроўкай. Я ўзяў з сабой тую самую банкноту, і цяпер, куды б ні ехаў, яна заўсёды са мной як талісман. Дух Брэсцкай крэпасці, яе маштаб, сімвалічнасць мужнасці беларусаў мяне тады вельмі ўразілі. І натхнілі на новыя паездкі. Пасля было шмат іншых маршрутаў па мясцінах славы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пракладваю маршруты я і цяпер. У прыватнасці, да 9 Мая запланаваў велапрабег па месцах баявой славы. Якраз на тым, што Беларусь памятае, я і раблю акцэнт, прыязджаючы ў кожную вёску, у кожны горад, — гаворыць Руслан Даргель.

У пошуках энергіі спакою

Мой суразмоўнік — чалавек веруючы, таму абавязковым складнікам падарожжаў сталі і паломніцкія экскурсіі. Палова яго сям’і — праваслаўныя, другая палова, уключаючы бабулю, — католікі, таму маладому чалавеку аднолькава важныя і касцёлы, і цэрквы.

— Першым быў Жыровіцкі манастыр. Яшчэ студэнтам я займаўся ў клубе праваслаўнай моладзі “Ступені” на базе нашай акадэміі і разам з іншымі любіў ездзіць па святынях Беларусі. Некалькі разоў бываў у Жыровічах, ведаў там многіх святароў. І мне вельмі захацелася прыехаць туды на веласіпедзе паломнікам і ўпершыню ў жыцці выпрабаваць сябе — акунуцца ў купель. Гэта былі неверагодныя ўражанні! Другой была купель пры храме ў Сынкавічах, дзе, як мне падалося, самая сцюдзёная вада. Потым акунанні ў купель сталі для мяне традыцыяй і свайго роду выпрабаваннем. Я не прапусціў ні адну купель пры храмах. Там заўсёды +4 у любую пару года, але такой сцюдзёнай, як у Сынкавічах, я больш нідзе не сустракаў, — адзначае вандроўнік.

Сёння Руслан Даргель ужо з веданнем справы можа парэкамендаваць вернікам маршруты, якія, па яго словах, насычаны энергіяй спакою.

Убачыў сам — пакажу і вам

Першыя велападарожжы Руслану Даргелю даваліся складана: фізічна ён яшчэ не быў загартаваны, таму праехаць нават сотню кіламетраў яму было цяжка. Цяпер жа і тысячы кіламетраў для яго не нагрузка. Акрамя мноства паездак, ён ужо тры разы аб’ехаў на веласіпедзе ўсю Беларусь. Адна з апошніх яго паездак доўжылася 17 дзён і 1650 км.

— Спачатку я хацеў задаво­ліць уласнае жаданне — спаз­наць Беларусь, а потым узнікла ідэя дзяліцца сваімі ўражаннямі падчас паездак з іншымі. Я здымаю беларускія славутасці ў розных куточках краіны і выкладваю на сваім канале ў TikTok. Людзі, якія глядзяць мае відэа, успамінаюць свой родны край. Па розных прычынах некаторыя з іх не мо­гуць часта бываць у роднай вёсцы, заўважаць, як яна мяняецца. Таму ў гэтым ім дапамагаю я, — расказвае блогер.

Выкладчык Руслан Даргель за гадзіну паміж парамі можа лёгка праехаць некалькі дзясяткаў кіламетраў у наваколлі Горак, каб проста зарадзіцца энергіяй ветру.

У Руслана Даргеля амаль 80 тысяч падпісчыкаў. Яны запрашаюць блогера да сябе ў госці, каб паказаць прыгожы храм, расказаць легенду пра курган, паказаць самае ўдалае месца для здымак світання… І веласіпедыст карэкціруе свае маршруты, каб адным ра­зам наведаць усе пункты, якія яму рэкамендавалі. “Заедзь у Вішова”, “Чакаем у Лядне”, “Сустракаемся на мелавых кар’ерах у Крычаве” — у адказ на сотні запрашэнняў блогер кожны дзень публікуе новыя ролікі з гэтых мясцін.

— Я заўсёды пакідаю дастаткова часу, каб паспець атрымаць асалоду ад новых мясцін. Стараюся адчуць іх, насыціцца іх энергетыкай. Нават калі еду не першы раз у нейкую мясцовасць, я не шкадую. Бо адна і тая ж дарога ў розныя поры года адметная, адзін і той жа храм на захадзе сонца не такі, як на світанні. Я не запісваю, дзе быў, — і так добра памятаю. А вось нязведаныя мясціны на карце мяне падштурхоўваюць як мага хутчэй іх убачыць. Напрыклад, я не быў у Высокім, што на Брэстчыне, нядаўна на выхадных закрыў гэты гештальт, — расказвае Р.С.Даргель.

У мінулым годзе спантанна трапіў у Брэст. Выйшаў з дому і… праехаў 1500 км. Тады ў мяне было 2 тыдні адпачынку і я так правёў сябра. Ён хацеў прае­хаць усю Беларусь на футбайку за 32 дні. Планаваў пракаціцца з ім толькі да Клімавіч, але ў мяне западала тэма ўсходняга падарожжа. Я ніколі не быў у Хоцімску — вельмі хацелася ўбачыць кола агляду, якое функцыянуе і сёння. Да таго дня я не бачыў і Дняпра. І не ведаў, што самы прыгожы ён, калі глядзець з Лоева. Гэта імба, як гаворыць моладзь. І так ад горада да горада праводзіў сябра да Брэста, — расказвае Руслан Даргель.

Яшчэ адна любімая тэма майго суразмоўніка — вадзяныя млыны.

— Мне цікава паглядзець, як раней людзі выкарыстоўвалі энергію вады ў якасці рухаючай сілы, бо млыны нярэдка выкарыстоўваліся не толькі для памолу зерня, але і як электрастанцыі, піларамы, кузні. Гэта можна ўбачыць, напрыклад, у вёсцы Казлоўшчына Пастаўскага раёна. Там ёсць млын 1859 года пабудовы — адна яго палова мураваная, а другая — драўляная. Знайшліся людзі, якія пачалі яго рэстаўрыраваць. У Жодзішках, што ў Смаргонскім раёне, стары млын ужо аднавілі, і цяпер ён цалкам рабочы — можна і муку змалоць, і паназіраць за гэтым працэсам. Адзін з самых вялікіх млыноў знаходзіцца ў Друцку, а самы цікавы, на на мой погляд, — у Гальшанах, — гаворыць блогер.

Сон пад фырканне вожыка

Руслан Даргель падарожнічае найчасцей не па гарадах, а па вёсках, таму ў яго куды больш магчымасцей па дарозе адчуваць саму прыроду:

Калі ты спіш у палатцы на ўзлеску, то чуеш кожны шорах — фырканне вожыка, трэск галінак пад капытамі лася… Пасля шумнага горада не так проста адаптавацца — мне на гэта звычайна патрэбна 10 першых дзён.

Я заўсёды сябе выпрабоўваю. Задачы, якія я стаўлю перад сабой, — аб’ехаць усю Беларусь, атрымаць асалоду ад велічнасці архітэктурных і прыродных славутасцей, святынь і падзяліцца ёй з іншымі.

Але найбольш мой суразмоўнік цэніць у такіх паездках зносіны з людзьмі:

— У мяне часта пытаюцца, ці не сумна падарожнічаць аднаму. Але я ніколі не бываю сам-насам — усюды жывуць людзі. У эпоху сацсетак мы страцілі жывыя зносіны адно з адным, адчуванне локця ці пляча. У дарозе зусім не абавязкова арыентавацца на даведнікі і інтэрнэт — мясцовыя людзі вам куды цікавей раска­жуць пра свой край, пака­жуць фотаздымкі, правядуць самымі маляўнічымі маршрутамі.

Дарэчы, неяк Руслан Даргель паставіў сабе мэту за адну паездку пабываць у кожнай з абласцей, каб параўнаць культуру і звычаі іх жыхароў. У сваіх відэа ён дзеліцца назіраннямі, дыялектычнымі здабыткамі, расказвае пра адметнас­ці мясцовых кулінарных страў і культурныя традыцыі.

Цікава, што ўжо на 1 курсе выкладчыка-блогера пазнаюць яго студэнты. Яны не толькі яго падпісчыкі — па іх запрашэннях Руслан Сяргеевіч здымаў стрымы з іх вёсак. Педагог расказвае:

— Мае калегі жартуюць: “Твая аўдыторыя — школьнікі”. Я кажу: якраз яны мне і патрэбны! У будучыні яны стануць студэнтамі, потым — спецыялістамі. Па сабе мяркую, наколькі важна ве­даць сваю Радзіму. Перш за ўсё для сябе. А яшчэ гэта дазволіць не разгубіцца, калі будзе нагода расказаць пра яе іншым.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і з архіва Руслана Даргеля