Што аб’ядноўвае педагогаў і чым адрозніваюцца іх падыходы да класнага кіраўніцтва, высвятляла карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Абрады, экспедыцыі і мех цукерак
“Важна накіраваць энергію дзяцей у мірнае рэчышча, тады ўсё атрымаецца”. Так лічыць Васіль Ждановіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 10 Баранавіч.
Неверагодна, але факт: Васіль Анатольевіч 15 гадоў чакаў моманту, каб здзейсніць сваю запаветную мару — працаваць настаўнікам у школе.
— Цягу да настаўніцкай прафесіі заклалі яшчэ ў школе мае настаўнікі: намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Рэгіна Аляксандраўна Лаўрэнава, якая выкладала матэматыку, і Ніна Аляксееўна Касель, якая выхавала любоў да роднай мовы і літаратуры, да народных традыцый. Нізкі паклон усім маім педагогам! Я ведаю, што яны зараз вельмі рады за мяне, — расказвае настаўнік.
Затым былі складаныя і цікавыя гады навучання ў БДПУ імя Максіма Танка, у магістратуры. І зноў Васілю Ждановічу пашанцавала на педагогаў. Асабліва ўдзячны ён майстрам сваёй справы Мікалаю Фёдаравічу і Вользе Аляксееўне Галуцкім. Але ж так склалася, што вакантнага месца ў школах горада доўгі час не знаходзілася. І толькі ў гэтым навучальным годзе ён упершыню прыступіў да работы па атрыманай спецыяльнасці. І адразу ж яму даверылі класнае кіраўніцтва ў 5 “Б”.
— Пачынаць было цяжка. Хваляваўся, канечне. Неймаверную падтрымку атрымаў ад сваёй жонкі Таццяны Андрэеўны, у якой за плячыма амаль 15 гадоў педагагічнага вопыту. Мой 5 “Б” няпросты, шумны, мае вучні, як і ўсе дзеці — непаслухмяныя, але яны жывыя, у іх вочы гараць. Бяры, працуй з імі — і яны ахвотна
ідуць насуcтрач, — падкрэслівае настаўнік.
Ён адразу вызначыў для сябе, што выхоўваць дзяцей трэба на патрыятызме і адданасці Радзіме, каб кожны вучань ведаў свае карані, вытокі:
— У пачатку навучальнага года было прынята рашэнне аб стварэнні гуртка “Традыцыі роднага краю”. У ім займаюцца 15 маіх вучняў. Разам вывучаем традыцыі роднага краю, выязджаем у экспедыцыі па вёсках раёна, дзякуй бацькам — дапамагаюць з транспартам, запісваем і апрацоўваем сабраныя матэрыялы. Спрабуем аднавіць некаторыя абрады і звычаі. І ўжо ёсць першыя станоўчыя вынікі. На аснове тых матэрыялаў, якія мы сабралі восенню, аднавілі абрад “Шчадрэц” (“Калядкі”). Атрымаўся цікавы сцэнарый, на зімовых канікулах дзеці кожны дзень прыходзілі ў школу, каб вывучыць вершы, песні, рабілі касцюмы Казы, Мядзведзя, Цыганкі. І 12 студзеня адправіліся шчадраваць. Павіншавалі і ветэранаў педагагічнай працы. Сабралі мех цукерак, якія раздалі ў школе. Накалядавалі нават 75 рублёў і ўсе разам схадзілі ў піцэрыю, правялі разам час.
Настаўнік знаёміць сваіх гурткоўцаў і з традыцыйнымі стравамі беларусаў: разам яны гатуюць бабку, наліснікі, запечаныя яблыкі. Калі навучэнцы крыху падрастуць, педагог плануе далучыць іх да навукова-даследчай дзейнасці, прысвечанай народнай культуры. Цікавых ідэй і арыгінальных тэм у яго хапае. Напрыклад, у гэтым годзе васьмікласніца пад кіраўніцтвам Васіля Анатольевіча напісала работу, у якой даследавала праклёны.
Незабыўным па эмоцыях атрымаўся для 5 “Б” класа ўдзел у акцыі “Дай лесу новае жыццё”. Дзеці разам з класным кіраўніком пасадзілі тры соткі сасновага лесу, а потым, нягледзячы на халаднаватае надвор’е, з апетытам і добрым настроем абедалі на прыродзе.
Праявіў настаўнік сваю ініцыятыўнасць і ў яшчэ адным кірунку:
— У свой час мне не давялося быць піянерам, але вельмі хацелася. Таму я вырашыў узяць на сябе кіраўніцтва БРПА. Зараз мы актыўна працуем над праектам “Беларусь помніць. Помнім кожнага”. З надыходам цёплых дзянькоў плануем прыняць удзел у акцыях па добраўпарадкаванні помнікаў і памятных месцаў горада, тым больш што 2025-ы аб’яўлены Годам добраўпарадкавання.
Нягледзячы на невялікі вопыт класнага кіраўніцтва, настаўнік ужо вызначыў для сябе асноўныя метады і падыходы да выхавання дзяцей.
Многія кажуць: “Вучні цяпер няўдзячныя”. Я ж лічу, што да вучняў неабходна адносіцца як да ўласных дзяцей, тады будуць і павага, і добрыя ўзаемаадносіны з бацькамі і навучэнцамі. І я прыкладу ўсе намаганні, каб мае пяцікласнікі цягнуліся да вучобы і навукі, сталі выхаванымі і дастойнымі людзьмі.
Класнае кіраўніцтва як выклік самому сабе
“На кожнай класнай гадзіне не стамляюся паўтараць: “Наступныя шэсць гадоў мы з вамі адна вялікая сям’я”. Аляксей Кухарскі, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 10 Баранавіч, у класным кіраўніцтве робіць стаўку на даверлівыя адносіны і інтэлектуальнае развіццё.
Першым працоўным месцам Аляксея Ігаравіча пасля заканчэння гістарычнага факультэта Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна быў Баранавіцкі краязнаўчы музей. Восем гадоў ён як навуковы супрацоўнік фонду праводзіў шматлікія экскурсіі і музейна-педагагічныя заняткі для дзяцей самага рознага ўзросту.
— У дзяцей такая моцная энергетыка, столькі пазітыву ідзе ад іх, і гэта зараджае. Не падумайце, што я энергетычны вампір, — смяецца настаўнік. — Калі прыйшоў у школу тры гады назад, і сваю энергію прыйшлося патраціць, каб наладзіць зносіны са сваім класам. Мне тады дасталіся васьмікласнікі. Гэта ўжо сфарміраваныя асобы, кожны са сваім характарам, маглі і рожкамі крыху паўпірацца. Праўда, да канца навучальнага года яны пасталелі на вачах. У 9 класе сфарміраваўся актыў класа, і нам стала куды прасцей узаемадзейнічаць.
Зараз у яго 5 “А” клас. Як адзначае настаўнік, гэта клас з вялікім патэнцыялам. Дзеці вельмі актыўныя, таленавітыя, цікаўныя. Рыхтуюцца да гарадскіх алімпіяд, займаюцца ў творчых гуртках ці спартыўных секцыях. Прымаюць удзел у конкурсах малюнкаў, плакатаў, спяваюць і танцуюць на школьных святах, выступаюць вядучымі мерапрыемстваў.
— Я з’яўляюся кіраўніком школьнай каманды па інтэлектуальных гульнях. На змену выпускнікам прыйшлі новыя вучні, і зараз аснову каманды Callidus складаюць вучні майго 5 “А”. Пакуль набіраемся вопыту, але спадзяёмся ў хуткім часе выступаць на гарадскіх і рэспубліканскіх турнірах. Таксама вяду гурток па інтарэсах “Школа юнага экскурсавода”. У школе трэці год дзейнічае музейная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі нашага горада, яго ганаровым грамадзянам, піянерам-героям, генацыду. Разам з дзецьмі праводзім экскурсіі па музейнай экспазіцыі для іх бацькоў у рамках адкрытых урокаў патрыятызму, — расказвае настаўнік.
Навучальная ўстанова некалькі гадоў назад далучылася да Асацыяцыі школ Беларусі і Расіі, што дае магчымасць прымаць удзел у міжнародных канферэнцыях і праектах. 5 “А” ў гэтым годзе паспяхова праявіў сябе падчас дыстанцыйнай гульні па функцыянальнай адукаванасці, якую праводзіла школа № 139 Санкт-Пецярбурга, — занялі ганаровае 2-е месца.
Аляксей Кухарскі перакананы, што ў такім узросце важна выхаваць у дзяцей адказнасць, самастойнасць, уменне выказваць свой пункт погляду, пры гэтым дапамагчы класу аб’яднацца, стаць згуртаваным калектывам:
— На кожнай класнай гадзіне не стамляюся паўтараць: “Наступныя шэсць гадоў мы з вамі адна вялікая сям’я”. Мой клас сфарміраваўся з розных класаў, прыйшлі дзеці з іншых школ, таму так важна было пасадзейнічаць іх з’яднанню. Дапамагаюць у гэтым пазакласныя мерапрыемствы: разам ходзім на экскурсіі ў Цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства, на восеньскіх канікулах ездзілі ў Лідскі замак, вясной плануем яшчэ адно падарожжа па краіне. Ладзім навагоднія святы, дыскатэкі ў класе.
Сваім дасягненнем лічу тое, што мне ўдалося за такі кароткі час пабудаваць даверлівыя адносіны са сваімі навучэнцамі. Бачу, што большасць дзяцей мне давярае, дзеліцца сваімі радасцямі і хваляваннямі.
Аляксею Ігаравічу падабаецца быць класным кіраўніком па шматлікіх прычынах.
— Па-першае, я павінен увесь час развівацца сам, каб дзецям было цікава. Па-другое, класнае кіраўніцтва абавязвае быць спецыялістам шырокага профілю: ты і арганізатар, і псіхолаг, і настаўнік, і таварыш для сваіх навучэнцаў, — разважае педагог. — Гэта складаны, але вельмі цікавы і карысны вопыт.
Марына ЖДАНАВА