«Выконваю тэсты з розных зборнікаў». Як атрымаць 100 балаў на экзамене, расказала 11-класніца

- 10:35Образование

Вучаніца 11-га класа сярэдняй школы № 2 Круглага Вікторыя Смірнова па выніках рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену па англійскай мове атрымала 100 балаў. Дзяўчына ідзе на медаль, удзельнічае ў алімпіядах па рускай і англійскай мовах, дзе займае прызавыя месцы ў раёне, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Падчас маючай адбыцца ўступнай кампаніі я планую здаваць рускую і англійскую мовы, матэматыку, — расказала Віка. — З універсітэтам пакуль не вызначылася. Але выбрала для сябе эканамічны кірунак дзейнасці. Рашэнне прыняла яшчэ ў 7-м класе. Вучуся ў профільным матэматычным класе. У гэтым годзе не атрымалася паўдзельнічаць у раённай алімпіядзе, бо дата яе правядзення супала з датай першага этапу РТ, і я зрабіла выбар на карысць РТ. Англійскую мову здавала двойчы — у якасці РТ і РЦЭ. У параўнанні з першым этапам РТ на РЦЭ змест заданняў па англійскай мове трохі ўскладніўся. Былі моманты, дзе трэба было вельмі добра падумаць. Напрыклад, маглі сустрэцца неадназначныя пытанні па прапанаваным тэксце. Але ў прынцыпе ўсе заданні тычыліся школьнай праграмы: лексіка, граматыка, часы, артыклі, пераклад.

Па яе словах, 50 % поспеху на экзамене па замежнай мове — гэта наяўнасць багатага слоўнікавага запасу. Таксама неабходна дэталёва вывучыць усе правілы, унікнуць у нюансы, выконваць рэкамендацыі настаўніка. Пры гэтым многае залежыць ад вучня, яго ўпартасці і цярпення пры вывучэнні прадмета. І вядома ж, падчас самога іспыту патрэбны ўважлівасць і адсутнасць хвалявання.

Як я рыхтуюся да экзаменаў? Акрамя выканання патрабаванняў свайго школьнага педагога Марыі Віктараўны Папіч наведваю дадатковыя заняткі па мове ў настаўніцы сярэдняй школы № 1 Круглага Надзеі Пятроўны Міхайлавай, займаюся самастойна, шматразова выконваю тэсты з розных зборнікаў, прымаю ўдзел у РТ, якія праходзяць у тры этапы. Да таго ж чытаю мастацкія кнігі, гляджу фільмы на англійскай мове з субтытрамі, што не толькі развівае слоўнікавы запас, але і дапамагае разумець носьбітаў мовы. Зараз, напрыклад, чытаю па-англійску раман «Вакол света за 80 дзён» Жуля Верна. Пры падборы дадатковых крыніц інфармацыі ўлічваю, што ў школе вывучаецца брытанскі варыянт англійскай мовы. Анлайн-перакладчыкамі пры падрыхтоўцы стараюся не карыстацца. Калі працаваць з традыцыйнымі слоўнікамі, то запамінаецца лепш. Мне вельмі падабаецца сам працэс вывучэння мовы. У далейшым хацелася б асвоіць і іншыя замежныя мовы, павандраваць па свеце, прымяніць свае веды ў зносінах з носьбітамі мовы.

Надзея ЦЕРАХАВА