Вынік любой работы залежыць ад адносін да яе

- 14:25Дашкольная адукацыя, Рознае

“Усё больш узрастаюць патрабаванні бацькоў да адукацыі сваіх дзяцей. Яны ўважліва ставяцца не толькі да выбару школы, але і да дашкольнай установы для дзіцяці. Іх цікавіць і непакоіць многае: і прафесійны ўзровень педагогаў, і наколькі шырока прадстаўлены ў дзіцячым садзе комплекс адукацыйных паслуг — усё, што дапаможа іх дзецям рэалізаваць здольнасці і стаць паспяховымі ў будучыні”, — расказала загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 30 Гродна Рэгіна Карленаўна Машкоўская.

“Каралева” дзіцячых сэрцаў

З прыходам Рэгіны Карленаўны ва ўстанову ў 2006 годзе (да гэтага яна на працягу 15 гадоў працавала на пасадзе намесніка загадчыка ў яслях-садах № 41 і № 27, а таксама чатыры гады загадчыкам ясляў-сада № 80 Гродна) шмат што змянілася ў рабоце калектыву, з’явіліся новыя цікавыя кірункі, педагогі сталі больш творчымі і апантанымі, зацікаўленымі ў выніках сваёй дзейнасці. А бацькі зрабіліся галоўнымі памочнікамі выхавальнікаў у пытаннях адукацыі і выхавання дзяцей. Па агульных выніках работы за 2014 год дашкольны цэнтр заняў першае месца ў Гродне сярод дашкольных устаноў.

“Вынік любой работы залежыць ад адносін да яе і ад таго, які мікраклімат пануе ў калектыве, дзе ты працуеш, — адзначыла Рэгіна Карленаўна. — Калі чалавек ідзе на работу з настроем, то і працаваць ён будзе з большай аддачай. А як стварыць сабе добры настрой на ўвесь дзень? Часам ён залежыць ад звычайных жыццёвых момантаў. Калі, напрыклад, выхаванцы, якія раніцай ідуць мне насустрач, радасна вымаўляюць “Добры дзень, Рэгіна Каралеваўна!” (малышам складана бывае правільна вымавіць маё імя па бацьку) — як тут не ўсміхнуцца і не адчуць добры зарад бадзёрасці. Гэта дарагога каштуе. Па сутнасці, дашкольная ўстанова — другі дом для дзіцяці, таму што яно праводзіць тут большую частку свайго актыўнага часу. І калі чулыя і разумныя педагогі сапраўды заменяць яму ў садзе маму і тату, то гэтыя гадзіны прынясуць малышу найвялікшую карысць і запомняцца на ўсё жыццё”.

Рэгіна Карленаўна ведае імя кожнага выхаванца цэнтра (а іх 186), што малышы вельмі цэняць і заўсёды радасна адгукаюцца на яе зварот. Яе рэдка можна ўбачыць у кабінеце, яна заўсёды ў віры падзей, што адбываюцца ў цэнтры. Ніколі не пройдзе міма гучнага дзіцячага плачу, пацікавіцца, што здарылася, супакоіць малога. Калі ж дзіця канфліктуе з педагогам, не слухаецца яго, Рэгіна Карленаўна абавязкова разбярэцца ў сітуацыі, але з пазіцыі невінаватасці дзіцяці — значыць, дарослыя не знайшлі належны падыход да яго, нешта зрабілі не так.

“Адзначу, што часам існуюць непрафесійныя адносіны да сваёй працы работнікаў. Калі заўважаю падобныя факты, то сур’ёзна прапаноўваю такім спецыялістам перагледзець свае адносіны да работы, — гаворыць Рэгіна Карленаўна. — Калі мае заўвагі не ўлічваюцца, то проста развітваюся з такімі людзьмі. У нашай установе не прынята пераходзіць пры размове на крык, усе праблемы абмяркоўваем спакойна і культурна. Недапушчальныя ў нас і крыўдныя словы ў адрас малышоў — дзіцячая памяць можа захаваць іх на ўсё жыццё. Самае важнае — адносіцца да дзяцей з душой, тады і заўвагу ад педагога яны ўспрымуць лёгка, як належыць, і паслухаюцца. Заўсёды вучу гэтаму выхавальнікаў, асабліва маладых. Сёння магу сказаць, што наш калектыў — адна каманда. Працавалі мы над гэтым доўга — і падчас сумесных мерапрыемстваў, і падчас шматлікіх экскурсій, з якімі аб’ехалі амаль усю Беларусь”.

Навацыі трымаюцца на захопленасці людзей

Чым дашкольны цэнтр развіцця адрозніваецца ад звычайнай дашкольнай установы? У чым яго асаблівая роля і місія? Педагогаў ДЦРД № 30 Гродна аб’яднала адна галоўная думка: цэнтр павінен забяспечваць высокі ўзровень якасці адукацыі, прадастаўляць шырокі спектр адукацыйных паслуг, якія запатрабаваны ў бацькоў і патрэбны дзецям. А для гэтага неабходны трывалая матэрыяльная база і добры калектыў педагогаў з вышэйшай дашкольнай адукацыяй, з першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, якія, калі спатрэбіцца, перадавалі б свой вопыт маладым.

“Бацькі заўсёды чакаюць ад педагогаў вельмі шмат, — гаворыць Рэгіна Карленаўна, — таму мы не павінны спыняцца на дасягнутым, нам неабходна пастаянна развівацца. Але любыя навацыі трымаюцца на захопленасці і апантанасці людзей. Нашы педагогі шукаюць новыя кірункі ў працэсе выхавання і навучання дашкольнікаў, якія адпавядалі б сучасным патрабаванням, прадугледжвалі б укараненне новых форм адукацыі. Усе выхавальнікі, у прыватнасці, прымяняюць на занятках элементы ТРВЗ. Яны пачалі асвойваць праектную дзейнасць. Пакуль ствараюць свае педагагічныя праекты, а потым плануюць зацікавіць праектнай і даследчай дзейнасцю выхаванцаў. У найбліжэйшы час цэнтр павінен стаць інавацыйнай пляцоўкай па развіцці гульнявой дзейнасці, а дакладней, сюжэтна-ролевых гульняў. Менавіта падчас іх дзеці становяцца актыўнымі ўдзельнікамі розных сюжэтаў, атрымліваюць шмат ведаў, якія пасля спатрэбяцца ім у дарослым жыцці. Аднак сюжэтна-ролевыя гульні павінны адпавядаць часу. Традыцыйныя для дашкольнікаў гульні ў сям’ю, магазін, бальніцу варта напаўняць новым зместам, а таксама распрацоўваць сюжэты новых гульняў, напрыклад, у банк.

Выхаванцы цэнтра маюць магчымасць вывучаць англійскую мову, асвойваць азы ткацтва, займацца харэаграфіяй. Установу аснасцілі неабходнай камп’ютарнай тэхнікай, хутка будзе набыта інтэрактыўная дошка. Педагогі распрацавалі для дзяцей дыдактычныя развіццёвыя гульні на камп’ютары, якія ўключаюць у свае заняткі. Інфармацыйныя тэхналогіі, у гэтым упэўнены педагогі, садзейнічаюць большай самастойнасці дзяцей пры набыцці ведаў.


Усе дзеці цэнтра вучацца плаваць. Кіраўнік фізвыхавання Дар’я Анатольеўна Маскальцава выкарыстоўвае на занятках элементы аквааэробікі і гідрапластыкі. На працягу навучальнага года ва ўстанове дзейнічаюць клубы па інтарэсах, у якіх малышы развіваюць свае пеўчыя навыкі (у ансамблі “Салавейкі”), займаюцца ў тэатральнай студыі. Заняткі творчасцю разнявольваюць дзяцей, вучаць прыгожа рухацца, карыстацца правільна жэстамі, мімікай і голасам.

Педагогі ДЦРД № 30 шукаюць новыя формы работы з сям’ёй. Ва ўстанове працуе адаптацыйная група для будучых выхаванцаў цэнтра. На працягу навучальнага года дзейнічае гульнявая пляцоўка “Малышок” для дзяцей ад 1,5 да 3 гадоў. Пляцоўка карыстаецца вялікім попытам, для многіх бацькоў яна стала лепшай альтэрнатывай прыватнага цэнтра развіцця. Тут 2 разы на тыдзень на платнай аснове арганізоўваюцца заняткі “У гасцях у казкі” (па развіцці маўленчай дзейнасці), “У свеце эмоцый” (па фарміраванні сацыяльна-асобасных і музычна-гульнявых уяўленняў ), “Здаравячок” (праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы), “Вясёлка” (арганізоўваецца мастацка-выяўленчая дзейнасць), “Пазнавайка” (адбываецца азнаямленне з навакольным асяроддзем), “У госці з Антошкай” (практыкуюцца развіццёвыя гульні сенсорнага кірунку). Настаўнік-дэфектолаг Ірына Міхайлаўна Талочак праводзіць дыягностыку маўленчага развіцця дзяцей і кансультуе бацькоў па гэтым пытанні. Педагог-псіхолаг Вольга Мікалаеўна Кашко вызначае ўзровень развіцця пазнавальных працэсаў дзяцей і таксама адказвае на пытанні бацькоў. З кастрычніка 2015 года яна, у прыватнасці, праводзіла курс лекцый “Ад калыскі да школы” ў рамках праграмы “Паспяховае бацькоўства”, якую яна распрацавала. Мэта гэтай праграмы — аказанне падтрымкі бацькам праз навучанне іх метадам выхавання сваіх дзяцей ва ўсе перыяды сямейнага жыцця, наладжванне канструктыўных узаемаадносін з дзецьмі без пакаранняў і гвалту. Праграма “Паспяховае бацькоўства” адпавядае нацыянальнай заканадаўчай базе, яна практыка-арыентаваная, для работы па ёй ёсць усе неабходныя метадычныя матэрыялы, як друкаваныя, так і відэаматэрыялы. Вольга Мікалаеўна ўдзяляе шмат увагі не толькі пытанням псіхалогіі, але і фізічнага, інтэлектуальнага, эмацыянальнага і сацыяльнага развіцця дзяцей.

“Наша мэта — не столькі даць бацькам інфармацыю, колькі сфарміраваць і замацаваць у іх правільныя навыкі і ўменні зносін са сваімі дзецьмі, — гаворыць Вольга Мікалаеўна. — Важна, што большасць навыкаў і ўменняў, якія засвойваюць бацькі, можна прымяняць як да немаўлят, так і да дзяцей ранняга дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Заняткі праводзяцца раз у тры тыдні. Працягласць кожных прыблізна адна гадзіна. Пра тэмы мяркуйце самі: “Уплыў жорсткага абыходжання на развіццё дзіцяці”, “Што гэта за паводзіны?”, “Падтрымайце сваё дзіця”, “Слухаць — значыць разумець”, “Пагавары са мною, мама”, “Дысцыпліна”, “Сумесны вольны час”.

Вольга Мікалаеўна Кашко — актыўны ўдзельнік педагагічных нарад, яна праводзіць семінары для калег, кансультуе і тэсціруе іх. Сярод нядаўніх падрыхтаваных ёю мерапрыемстваў — семінар-трэнінг “Здароўезберагальныя тэхналогіі ў прафілактыцы праблемы эмацыянальнага выгарання педагогаў у дзіцячым садзе”, падчас якога спецыялісты пазнаёміліся з асноўнымі тэхнікамі папярэджання эмацыянальнага выгарання педагогаў, спосабамі атрымання станоўчых эмоцый, з прыкладамі элементарных жыццёвых сітуацый, якія могуць узнікнуць пры рабоце з дзецьмі і паспрыяць рабоце педагога.

Камфортныя ўмовы для ўсіх дзяцей

Дзверы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 30 Гродна адкрыты для розных катэгорый дзяцей. Ва ўстанове працуе адна санаторная група, дзве групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, а таксама дзве групы для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.

З дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця займаюцца настаўнікі-дэфектолагі. Што тычыцца выхаванцаў з парушэннямі маўлення, то пасля заняткаў у цэнтры 68% з іх прыходзяць у школу з нармальным развіццём маўлення. Карэкцыйныя заняткі тут праводзяцца нават з малышамі, якія наведваюць 1-ю і 2-ю малодшыя групы. У рамках дзейнасці гуртка іх арганізоўвае настаўнік-дэфектолаг Аляксандра Генадзьеўна Пашкоўская, якая на Х Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” была адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “ЭАР у спецыяльнай адукацыі”. Яна прадстаўляла праект “Фарміраванне правільнага гукавымаўлення ў дашкольнікаў з агульным недаразвіццём маўлення 3-га ўзроўню праз выкарыстанне мультымедыйных гульнявых заданняў”.


Сёння ўстанову наведваюць 16 дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату, ёсць сярод іх і тыя, якія перамяшчаюцца ў калясках. Для іх у цэнтры створаны ўсе неабходныя камфортныя ўмовы. У групах, якія яны наведваюць, дзякуючы дапамозе дабрачыннай каталіцкай арганізацыі “Карытас” быў зроблены рамонт, абсталявана безбар’ернае асяроддзе. Усе дзеці з АПФР актыўна ўдзельнічаюць у святочных і забаўляльных мерапрыемствах, якія праходзяць у цэнтры. Прычым выступаюць у ролі не толькі ўдзячных гледачоў, але і таленавітых артыстаў.

3 снежня ў Міжнародны дзень інвалідаў ва ўстанове па традыцыі праходзіць дабрачынная акцыя, у якой прымаюць удзел бацькі з усіх груп.

“Прымаючы ў сябе дзяцей з АПФР, мы робім дзве вялікія справы, — падкрэслівае Рэгіна Карленаўна. — Па-першае, даём магчымасць асаблівым дзецям выхоўвацца ў калектыве, а не дома, а па-другое, прывіваем бацькам здаровых дзяцей разуменне таго, што іх дзеці побач з асаблівымі стануць больш добрымі, чулымі, спагадлівымі. Ёсць выхаванцы, якія блізка да сэрца ўспрымаюць хваробу. Назірала сітуацыю, як дзяўчынка, пакуль яе аднагрупнікі гулялі на вуліцы на дзіцячай пляцоўцы, сама не прымала ўдзел у гульнях, а ўсё не адыходзіла ад хлопчыка ў інваліднай калясцы. Я звярнулася да яе: “Чаго так доўга стаіш каля Альберта? Ідзі гуляй!” “Ведаеце, яму напэўна, вельмі сумна, — адказала дзяўчынка. — Я лепш пастаю побач з ім”. А хлопчык той не мог ні размаўляць, ні нават рухацца. Што я магла сказаць на гэта?”

***

Напрыканцы размовы Рэгіна Карленаўна падзялілася добрай навіной: нядаўна яе намеснік Наталля Віктараўна Скорб атрымала дыплом ІІ ступені І Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без межаў” у Санкт-Пецярбургу ў намінацыі “Лепшы намеснік загадчыка”. На конкурс яна прадставіла свае практычныя распрацоўкі: сцэнарый свята для дзяцей, мерапрыемства па згуртаванні калектыву і вучэбныя прэзентацыі. Усе гэтыя матэрыялы прайшлі апрабацыю ў цэнтры. Наталля Віктараўна курыруе ва ўстанове работу інфармацыйна-метадычнага кабінета, збірае медыятэку. Дзякуючы лакальнай сетцы, супрацоўнікі цэнтра маюць доступ да ўсёй багатай электроннай базы метадычнага кабінета.

Надзея ЦЕРАХАВА.