Вынікі работы падвялі на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

- 12:21Образование

На сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю абмяркоўвалі вынікі работы галіны адукацыі Гомельшчыны ў 2023 годзе і задачы, якія неабходна рэалізаваць у Год якасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У рабоце калегіі прынялі ўдзел начальнік упраўлення развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы Міністэрства адукацыі Андрэй Дзем’яновіч і намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў.

У цэнтры ўвагі былі грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, работа з адоранымі дзецьмі, педагагічнымі кадрамі, падрыхтоўка да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, ЦЭ, пабудова сучаснай сістэмы прафесійнай адукацыі ў адпаведнасці з патрэбамі эканомікі рэгіёна. Таксама абмяркоўваліся стварэнне неабходных умоў для забеспячэння якасці адукацыі, у тым ліку для дзяцей з асаблівас­цямі псіхафізічнага развіцця, ажыццяўленне канцэпцыі іх падрыхтоўкі да працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця, іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадстве.

— Выхаванне грамадзяніна і пат­рыёта — першачарговая задача ў сферы адукацыі, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. — Пашыраецца геаграфія класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, дзейнасцю ахоплена больш за 1700 навучэнцаў, сетка аб’яднанняў па інтарэсах праваахоўнага профілю аб’ядноўвае больш за 11 тысяч дзяцей.

Руслан Іванавіч чарговы раз адзначыў высокі ўзровень прафесіяналізму педагогаў, нагадаўшы, што другі раз запар ганаровага звання “Настаўнік года Беларусі” ўдастоены прадстаўнік Гомельшчыны. Яшчэ адзін паказчык якасці адукацыі — выніко­васць удзелу школьнікаў у алімпіядах па вучэбных прадметах. На працягу трох гадоў вобласць займае лідзіруючыя пазіцыі і ў гэтым напрамку. У мінулым годзе навучэнцамі заваявана 96 дыпломаў, што дало рэгіёну магчымасць увайсці ў тройку лідараў у рэспубліканскім рэйтынгу. Дарэчы, штогод пераможцамі становяцца прадстаўнікі 12 раёнаў вобласці, стабільна высокія вынікі дэманструюць школьнікі Жлобінскага і Мазырскага раёнаў.

— Прывесці кожнае дзіця да пос­пеху — наша агульная задача, — адзначыў Руслан Смірноў.

На сустрэчы таксама гаварылі аб умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, ранняй прафарыентацыйнай рабоце з навучэнцамі, новых прынцыпах арганізацыі харчавання, пытаннях бяспекі, бягучага і капітальнага рамонту школ і дзіцячых садоў, аснашчэнні аўтапаркаў для падвозу дзяцей у сельскай мясцовасці.

Было адзначана, што за апошнія тры гады колькасць школьнікаў вобласці павялічылася на 2025 чалавек, разам з тым у рэгіёне намецілася ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння колькасці выхаванцаў у дашкольных установах. У бягучым навучальным годзе дашкольную адукацыю атрымліваюць каля 52 тысяч дзяцей. Штогод прымяняюцца меры па рацыя­нальным выкарыстанні існуючых памяшканняў, рамонце, рэканструкцыі ўстаноў, арганізацыі падвозу дзяцей, адкрыцці груп кароткачасовага знаходжання. У выніку праведзенай работы дадаткова створана 460 месцаў для дзяцей дашкольнага ўзросту.

На першы план выходзіць пытанне прафарыентацыі дзяцей. На пасяджэнні падкрэслівалася, што ў гэтым напрамку неабходна забяспечыць цеснае ўзаемадзеянне школ, кале­джаў, УВА з заказчыкамі кадраў.

— Задача — наладзіць работу з прадпрыемствамі і арганізацыямі такім чынам, каб яны сталі пастаяннымі гасцямі ва ўстановах адукацыі, — звярнуў увагу прысутных начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі.

Дарэчы, з 1 верасня пачалі функцыянаваць 30 класаў інжынернай накіраванасці ў Гомелі і 16 раёнах.

Сур’ёзны спектр задач стаіць і перад сістэмай прафесійнай адукацыі. У Гомельскай вобласці функцыяну­юць 49 каледжаў, у якіх падрыхтоўку па 50 спецыяльнасцях і 89 кваліфікацыях праходзяць больш за 20 тысяч навучэнцаў. План набору на гэты год павялічаны і складае 4135 чалавек.

Разуменне неабходнасці навучання будучых спецыялістаў на сучасным абсталяванні стала імпульсам для даўкамплектавання цэнтраў кампетэнцый на базе Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа і Гомельскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі. У бягучым годзе запланавана аснашчэнне сучасным абсталяваннем яшчэ чатырох лабараторый цэнтраў кампетэнцый. Такім чынам будуць удасканалены тэхналогіі швейнай вытворчасці на базе Гомельскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання.

У мінулым годзе навучэнцы 11-х класаў прайшлі ЦЭ па вучэбных прадметах, экзамен стаў своеасаблівым маштабным зрэзам ведаў для выпускнікоў. Атрыманы вынік паказаў работу кожнага педагагічнага калектыву. Самымі паспяховымі ў названым выпрабаванні сталі навучэнцы Нараўлянскага, Жлобінскага раёнаў і Цэнтральнага раёна Гомеля. Да старту экзаменаў гэтага года засталося некалькі месяцаў, таму педкалектывы ва ўстановах павінны правесці вельмі сур’ёзную дадатковую работу з выхаванцамі з улікам вынікаў РЦЭ.

У дадатак прагучалі выступленні кіраўніка Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Алены Капа, старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Жанны Ждановіч. Вопытам работы падзяліліся прарэктар па навукова-метадычнай рабоце ГАІРА Лідзія Нікіфарава, начальнік аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама Аляксандр Салаўёў, дырэктар Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа Генадзь Казлоў.

Падводзячы вынікі пасяджэння, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў адзначыў, што якасны падыход ва ўсіх напрамках дзейнасці працоўных калектываў павінен быць пастаўлены ў аснову асноў. Рэалізаваць агучаныя задачы на высокім узроўні — справа гонару сістэмы адукацыі рэгіёна.

Прыемным акордам сустрэчы стала ўра­чыстая цырымонія ўшаноўвання лепшых педагогаў, кіраўнікоў устаноў і аддзелаў адукацыі. Нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” ўзнагаро­джаны прарэктар па навукова-метадычнай рабоце абласнога інстытута развіцця адукацыі Лідзія Нікіфарава, дырэктар Гомельскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання Аляксандр Гурын, загадчыца дзіцячага сада № 6 Добруша Вольга Давыдава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рэчыцкага раённага ліцэя Ірына Яўсеенка. Больш як 30 спецыялістам уручаны Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі, аблвыканкама, галоўнага ўпраўлення адукацыі, абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара