У Нацыянальным мемарыяльным комплексе “Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі” прайшла сумесная нарада прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы і сістэмы адукацыі.
У размове прынялі ўдзел супрацоўнікі Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, епархіяльных аддзелаў адукацыі і катэхізацыі БПЦ, работнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абласных інстытутаў развіцця адукацыі, рэгіянальных органаў кіравання адукацыйнай галіны.
— Мы невыпадкова сабраліся менавіта перад пачаткам новага навучальнага года, — пачаў сустрэчу протаіерэй Фёдар Поўны, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі. — Нам бы хацелася зверыць гадзіннікі, падсумаваць, якія здабыткі ёсць у нашай скарбонцы, і вызначыць, што трэба зрабіць.
Айцец Фёдар падкрэсліў, што ў працэсе работы важна не толькі рэалізоўваць найбольш эфектыўныя напрамкі духоўна-маральнага выхавання маладога пакалення, але і ўдасканальваць прафесійныя навыкі педагагічнай супольнасці, праводзіць сярод педагогаў і бацькоў асветніцкую работу, узмацняць і пашыраць узаемадзеянне ўсіх зацікаўленых.
За час цесных зносін Праваслаўнай царквы і адукацыйнай галіны назапашаны вялікі вопыт у выхаванні падрастаючага пакалення. Многія напрамкі сталі ўжо традыцыйнымі. Сярод іх ёсць тыя, што набываюць новыя рысы, насычаюцца сучасным зместам. Выкарыстоўваюцца больш эфектыўныя формы работы з улікам патрабаванняў часу. Сёння расце сетка рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, удасканальваецца іх работа, колькасць удзельнікаў павялічваецца. Папулярнасць набылі Рэспубліканскія Свята-Ефрасіннеўскія педагагічныя чытанні па тэме духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. У школах у дзяцей выклікаюць цікавасць факультатывы “Асновы праваслаўнай культуры” і “Духоўнасць і патрыятызм”, вядуцца метадычныя распрацоўкі факультатываў для пачатковай школы і старшых класаў.
Сапраўды, нельга ў выхаванні задавальняцца ўжо здабытым. Жыццё не стаіць на месцы, і трэба прадугледжваць новыя запыты педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў, працаваць на апярэджванне, прапаноўваць яшчэ больш эфектыўныя напрамкі выхаваўчай работы, сучасныя прыёмы і метады яе арганізацыі.
Аб’ядноўвае асветніцкі савет
Асветніцкі савет — новая арганізацыйная мадэль узаемадзеяння паміж сістэмай адукацыі і БПЦ у сферы выхаваўчай работы, апрабаваная Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Згодна з распрацаваным палажэннем, прэрагатыва арганізаваць асветніцкі савет належыць ініцыятыўным групам, створаным на розных узроўнях. Рэспубліканскі асветніцкі савет ствараецца на базе АПА і Сінадальнага аддзела, абласныя — на ўзроўні ўпраўлення адукацыі і епархіяльнага аддзела адукацыі і катэхізацыі БПЦ, раённыя — на ўзроўні раённага аддзела адукацыі і благачыння.Усе саветы будуць цесна ўзаемадзейнічаць. Важна, што асветніцкі савет аб’ядноўвае шмат людзей з боку свецкага грамадства і прадстаўнікоў БПЦ. Гэта дазваляе вырашаць пытанні з улікам розных меркаванняў і прапаноў. Менавіта саветы прызваны забяспечыць сістэмную работу ў выхаваўчым працэсе, спрасціць камунікатыўныя сувязі, забяспечыць адзінства мэт і задач, весці адпаведны кантроль.
Трэба імкнуцца аб’яднаць намаганні ў выхаванні маральна сталай, духоўна развітой асобы, здольнай усведамляць сваю адказнасць за лёс Айчыны, гатовай захоўваць гістарычную спадчыну, нацыянальную культуру, быць сапраўдным грамадзянінам і патрыётам. Гэтыя фундаментальныя асновы набываюць яшчэ большую значнасць у Год гістарычнай памяці.
— Мэта асветніцкага савета — кансалідацыя сіл і намераў усіх зацікаўленых у выхаванні дастойнага грамадзяніна сваёй краіны, — падкрэсліў Фёдар Поўны. — Такі савет павінен арганізоўваць шматлікія мерапрыемствы па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні навучэнцаў, удзельнічаць у розных педагагічных праектах і інавацыйнай дзейнасці, узаемадзейнічаць з грамадскімі, дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі.
Для выхаваўчай работы з навучэнцамі Сінадальны аддзел прапанаваў у новым навучальным годзе выкарыстоўваць такія формы работы, як відэатэка духоўна-маральнай тэматыкі, лялечны тэатр батлейка, кінаўрокі.
Самабытная батлейка
Сінадальны аддзел БПЦ падрыхтаваў поўны вучэбна-метадычны комплекс па выкарыстанні ў выхаванні лялечнага тэатра батлейкі. Да пачатку новага навучальнага года будзе выдадзена 6 кніг па гэтай тэматыцы, якія рэкамендаваны Нацыянальным інстытутам адукацыі. У адным з дапаможнікаў выкладзены рэкамендацыі, як арганізаваць у школе батлеечны тэатр. Такая забаўляльная форма выхаваўчай работы дазваляе далучаць дзяцей да нацыянальнай культуры, духоўнасці, самабытнасці і фарміраваць на гэтай культурнай спадчыне маральнае аблічча нашых дзяцей.
— Батлейка як від народнай творчасці можа стаць для педагога ганаровым метадычным інструментам і адрадзіцца ў нашай культуры як нацыянальны здабытак, — заявіў Фёдар Поўны. — Нашай батлейцы пад сілу вырашаць пытанне выхавання гарманічнай асобы на аснове нацыянальнай культуры і тым самым умацоўваць духоўныя каштоўнасці.
У якасці вучэбнай літаратуры па выкарыстанні батлейкі можна вылучыць зборнік лепшых работ удзельнікаў Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу праектаў навучэнцаў пад назвай “Нашчадкі традыцый” у рамках культурна-адукацыйнага праекта “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”. Кнігу можна выкарыстоўваць як у пачатковай, так і ў сярэдняй школе.
Простымі словамі аб галоўным
Выкарыстанне кінаўрокаў у выхаваўчай рабоце спрыяе фарміраванню ўстойлівых духоўна-маральных якасцей асобы, засваенню маральных і этычных норм. У прадстаўленых кінастужках падзеі, узаемаадносіны персанажаў адлюстроўваюць маральны выбар чалавека, адказнасць за свае ўчынкі, бескарыслівасць, вернасць ідэалам, шчырасць, талерантнасць і гуманнасць. Метадычныя распрацоўкі да кожнага фільма дазволяць педагогу весці з вучнямі творчую работу пасля прагляду фільма. Прадстаўлены метадычны комплекс можа служыць асновай для распрацоўкі асабістых метадычных і дыдактычных матэрыялаў заняткаў, накіраваных на выхаванне навучэнцаў. У НІА прайшлі экспертызу 20 дзіцячых кароткаметражных мастацкіх фільмаў, якія рэкамендаваны для выхаваўчай работы. Такая форма выхавання, безумоўна, выкліча ў школьнікаў эмацыянальны водгук, дасць магчымасць глыбока ўспрыняць, здавалася б, простыя рэчы.
Такі ж уплыў могуць аказваць на дзяцей відэаролікі, у якіх выступаюць педагогі, бацькі, святары, якія валодаюць талентам гаварыць пранікнёна, перадаваць свой эмацыянальны пасыл, даносіць сваю думку так, каб яна запала ў душу. Відэатэку неабходна ствараць у кожнай школе. Праз відэа можна выступіць перад неабмежаванай аўдыторыяй. Адну і тую ж тэму можна падаць у розных ракурсах у залежнасці ад кантынгенту гледачоў (навучэнцы, бацькі, педагогі). Важна, каб кожнае відэа было напоўнена сапраўдным духоўным сэнсам, а змест быў выкладзены максімальна проста, коратка і пераканаўча.
Рэгіён у сугуччы
Рэктар Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро адзначыў важнасць праектаў ва ўзаемадзеянні паміж галоўным упраўленнем па адукацыі і рэгіянальнымі епархіямі БПЦ. Ён таксама звярнуў увагу на важнасць арганізацыйна-метадычнага суправаджэння выхаваўчага працэсу і ролю ў гэтым інстытута. Ва ўстанове актыўна рэалізуюцца праграмы факультатыўных курсаў, праводзяцца мерапрыемствы ў рамках дадатковай адукацыі дарослых.
Асобу можа выхаваць толькі асоба, сапраўдны педагог, духоўна багаты чалавек, які сваім прыкладам вядзе за сабой выхаванцаў. Вялікі дзякуй нашаму настаўніцтву за падзвіжніцкую дзейнасць.
Ад Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі выступіла прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Вольга Волкава. Яна падрабязна спынілася на ключавых момантах рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва Віцебскай і Полацкай епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы і галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. У інстытуце працуе ініцыятыўная творчая група супрацоўнікаў па духоўна-маральным выхаванні. А з нядаўняга часу на базе інстытута створаны і актыўна працуе рэсурсны цэнтр, у які ўваходзяць установы адукацыі, вызначаныя ў якасці пляцовак для правядзення мерапрыемстваў па духоўна-маральным выхаванні.
На духоўнай аснове
Новыя кірункі работы на наступны навучальны год акрэсліла прарэктар АПА Галіна Нікалаенка. Несумненна, ролю АПА ў развіцці і ўмацаванні супрацоўніцтва паміж сістэмай адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой цяжка пераацаніць. Акадэмія стаяла ля вытокаў гэтых адносін, фарміравала іх прававую аснову, аб’ядноўвала аднадумцаў. Па сутнасці, акадэмія — ініцыятар і арганізатар гэтай работы, генератар ідэй і памкненняў і мае ў педагагічнай супольнасці і царкоўным асяроддзі вялікі аўтарытэт. Адным са знакамітых праектаў, натхняльнікам якога выступіла АПА, з’яўляюцца Свята-Ефрасіннеўскія педагагічныя чытанні. А факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, уведзены ў мінулым навучальным годзе, можна назваць увасабленнем і працягам гістарычных традыцый і культурных каштоўнасцей.
— Мы служым самай высакароднай справе — выхоўваць падрастаючае пакаленне нашай краіны, — адзначыў айцец Фёдар. — Мы фарміруем і выхоўваем асобу чалавека, грамадзяніна, патрыёта, і гэтая місія святая. Але асобу можа выхаваць толькі асоба, сапраўдны педагог, духоўна багаты чалавек, які сваім прыкладам вядзе за сабой выхаванцаў. Вялікі дзякуй нашаму настаўніцтву за падзвіжніцкую дзейнасць. Мы і надалей будзем працаваць поруч дзеля росквіту нашай краіны.
У адрас “Настаўніцкай газеты” былі выказаны словы ўдзячнасці за інфармацыйную падтрымку супрацоўніцтва паміж адукацыйнай галіной і Беларускай Праваслаўнай Царквой.
Ала КЛЮЙКО.