Высокая ацэнка добрых спраў

- 11:42Навіны рэгіёнаў

На працягу чатырох гадоў абласны дабрачынны фестываль-марафон “Крылы анёла” праводзіцца на Міншчыне і аб’ядноўвае людзей з вялікімі сэрцамі і высакароднымі мэтамі. Падчас правядзення марафону было здзейснена мноства добрых спраў, і гэта не засталося без увагі: Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узнагародзіў найбольш актыўных удзельнікаў і арганізатараў чацвёртага фестывалю-марафону “Крылы анёла” граматамі і падзякамі.

У прыходзе іконы “Усіх тужлівых радасць” уладыка сустрэўся з прадстаўнікамі сістэмы адукацыі Міншчыны — начальнікам упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галінай Мікалаеўнай Казак, рэктарам Мінскага абласнога ІРА Святланай Уладзіміраўнай Сітнікавай, метадыстам МАІРА, заснавальнікам фестывалю “Крылы анёла” Вячаславам Рыгоравічам Бабковым.

Абласны дабрачынны фестываль-марафон “Крылы анёла” з’яўляецца сумесным праектам упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, інфармацыйнага агенцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы, прыхода іконы “Усіх тужлівых радасць”, Цэнтра сучаснай хрысціянскай культуры “Дабравест”. Ужо чацвёрты год марафон “Крылы анёла” праводзіцца на Міншчыне і прыцягвае ўвагу грамадства да праблем маральнасці. У рамках марафону ў вобласці прайшло больш за 3500 дабрачынных мерапрыемстваў, усе яны праводзіліся пры цесным узаемадзеянні з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Ладзіліся дабрачынныя канцэрты, творчыя сустрэчы, мастацкія выставы і майстар-класы, была аказана адрасная дапамога дзецям-сіротам, інвалідам, адзінокім пажылым людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Разнастайныя мерапрыемствы былі аб’яднаны агульнай мэтай — актывізаваць узаемадзеянне царквы, дзяржавы і грамадскіх аб’яднанняў, устаноў культуры і адукацыі для фарміравання грамадскай думкі ў падтрымку традыцыйных духоўна-маральных і сямейных каштоўнасцей, каб дапамагчы бацькам і сем’ям выхоўваць дзяцей у духу хрысціянскай традыцыі міласэрных і клапатлівых адносін адно да аднаго і навакольнага свету.

Чырвонай ніткай праз усе творчыя праграмы фестывалю праходзіў дэвіз “Праз творчасць — да духоўнага яднання народа Беларусі, свету, спагады і міласэрнасці”.

— Мерапрыемствы фестывалю-марафону адпавядаюць высокім ідэалам хрысціянскай любові і пабожнасці, судакрананне з якімі здольны абуджаць душу, саграваць сэрца, выхоўваць у дзецях, моладзі і дарослых любоў да Бога, блізкіх і Айчыны, — расказвае заснавальнік фестывалю “Крылы анёла” Вячаслаў Рыгоравіч Бабкоў. — Канцэртныя праграмы фестывалю былі накіраваны на папулярызацыю маральна-арыентаванага мастацтва, цэнтральная ідэя якога можа быць выказана слоганам “Аб сям’і, за сям’ю, для сям’і”.

Некалькі месяцаў назад былі падведзены вынікі фестывалю-марафону “Крылы анёла”, працавала творчая група, якая вызначыла раёны, што прынялі найбольш актыўны ўдзел у мерапрыемствах. Яны былі прызнаны пераможцамі фестывалю-марафону. Цяпер пераможцаў знайшла і высокая ўзнагарода — граматамі патрыяршага экзарха адзначаны аддзелы адукацыі, спорту і турызму Вілейскага і Маладзечанскага райвыканкамаў, падзякі ўладыкі ўдастоены аддзелы адукацыі, спорту і турызму Барысаўскага, Мінскага, Стаўбцоўскага і Клецкага райвыканкамаў.

Заснавальнік і арганізатар фестываляў “Крылы анёла” і “Дабравест”, шчыры падзвіжнік сваёй справы Вячаслаў Рыгоравіч Бабкоў узнагароджаны медалём свяціцеля Кірылы Тураўскага.

У фестывалі мастацка і творча раскрываліся такія тэмы, як сям’я, мнагадзетнасць, мацярынства, бацькоўства, вернасць і сіла сямейных асноў, патрыятызм, духоўнасць, маральнасць. Фестываль-марафон уключаны ў праграму супрацоўніцтва Мінскага аблвыканкама і Мінскай мітраполіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сферы адукацыі на 2015—2020 гады. “Крылы анёла” і далей будуць несці людзям дабрыню, любоў і свет.

Дар’я РЭВА.
Фота з інфармацыйнага партала sobor.by.