Высокі градус

- 17:13World Skills

14 кастрычніка адбылося адкрыццё чэмпіянату WorldSkills Abu Dhabi — 2017, у якім удзельнічала наша нацыянальная каманда з 27 канкурсантаў. Разам з удзельнікамі каманды ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты прыбылі эксперты, прадстаўнікі навучальных устаноў, органаў кіравання адукацыяй нашай краіны, у прыватнасці, першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш і міністр прамысловасці В.М.Воўк. Яны прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па тэме фарміравання працоўных рэсурсаў і развіцця прафесійнай адукацыі на найбліжэйшую перспектыву.

У час цырымоніі адкрыцця чэмпіянату над небам Абу-Дабі ўзняўся наш дзяржаўны сцяг, які пранёс на чале калоны беларускай зборнай яе капітан Дзмітрый Пескароў. Гледзячы на гэтую ганаровую місію прадстаўлення каманд — удзельніц чэмпіянату, сярод якіх былі члены нашай нацыянальнай зборнай, цяжка было стрымаць эмоцыі і не адчуць гонару за краіну. Гаспадары чэмпіянату стварылі атмасферу пранікнёнага свята, як кажуць, з высокім градусам у прамым і пераносным сэнсе. Беларуская дэлегацыя была не толькі зачаравана прыгажосцю ААЭ, традыцыямі і звычаямі гэтай краіны, але і незвычайнымі краявідамі, дзе нараўне з вярблюдам, які можа шпацыраваць па вуліцы, можна разглядаць будынкі ў сотню паверхаў. Было цяжка пераадольваць кліматычны бар’ер: ад’язджалі з Мінска, дзе было 8 градусаў, а прыляцелі ў 40-градусную спякоту. Як быццам восеньскае лета наступіла, толькі ўжо на іншым кантыненце. У першыя дні знаходжання ў Абу-Дабі ў каманды праходзіла акліматызацыя: адаптоўваліся да наваколля, высокай тэмпературы. І ўжо на адкрыцці чэмпіянату нашы канкурсанты падымалі гэтую тэмпературу сваімі эмоцыямі і ўражаннямі.

На адкрыцці спаборніцтваў WorldSkills, як правіла, дэманструюцца найноўшыя тэхналогіі, якія прымяняюцца сёння ў сучаснай эканоміцы. Акрамя гэтага, краіна-гаспадыня спаборніцтваў імкнецца пазнаёміць гасцей з гісторыяй развіцця і фарміравання сваіх працоўных рэсурсаў, пачынаючы ад традыцыйных старажытных рамёстваў і заканчваючы высокімі тэхналогіямі. У свеце сёння ўсё больш увагі ўдзяляецца развіццю прафесійнай адукацыі, падрыхтоўцы высакакласных рабочых і спецыялістаў, у якіх мае патрэбу сучасная высокатэхналагічная вытворчасць. Таму да руху WorldSkills падключаюцца ўсё новыя і новыя краіны. На адкрыцці чэмпіянату прысутнічалі як вялікія каманды з краін, што маюць магутную эканоміку, так і каманда, у склад якой уваходзіў толькі адзін чалавек. Сайман Бартлі, прэзідэнт WorldSkills International, у прывітальным слове да канкурсантаў назваў WorldSkills не толькі спаборніцтвам, але і маладзёжным форумам, які не мае межаў і ахоплівае маладых прафесіяналаў з усяго свету.

***

Выставачны цэнтр Adnes, дзе пачаўся чэмпіянат, на сваёй плошчы больш за 21 500 мІ умяшчае сотні конкурсных пляцовак у залежнасці ад колькасці прафесійных кампетэнцый. На кожнай пляцоўцы спецыяльна абсталявана месца для канкурсантаў, сканцэнтравана самае сучаснае абсталяванне. Многія пляцоўкі загароджаны шклом, і толькі праз яго можна паназіраць, як будуць спраўляцца з заданнем канкурсанты.

Першы конкурсны дзень пакуль істотных вынікаў не прынёс. Канкурсанты з усіх краін толькі пачыналі сваю работу па кожнай з кампетэнцый, таму пра лідарства таго ці іншага ўдзельніка гаварыць яшчэ рана. Наперадзе складаныя заданні, многія з якіх будуць выконвацца нават некалькі дзён. Рэктар РІПА В.М.Галубоўскі паведаміў, як праходзілі папярэднія дні падрыхтоўкі да конкурсу. Кожная пляцоўка, якая прызначана для дэманстрацыі прафесійных навыкаў, аснашчалася неабходным абсталяваннем, сыравінай. Удзельнікі прывыкалі да свайго рабочага месца, рыхтавалі сябе псіхалагічна, паўтаралі свае тэарэтычныя веды і практычныя навыкі. Эксперты прынялі ўдзел у абмеркаванні новых конкурсных заданняў, якія будуць прапанаваны ўдзельнікам наступнага чэмпіянату, што пройдзе ў Казані (Расійская Федэрацыя) у 2019 годзе. Акрамя таго, сёлета падымаюць свой статус беларускія эксперты. Яны ўжо не толькі заваявалі ганаровае месца ў міжнароднай экспертнай супольнасці, але і прэтэндуюць на выступленне ў ролі міжнародных суддзяў на нацыянальных чэмпіянатах па запрашэнні іншых краін.

У шумным натоўпе чэмпіянату можна сустрэць, як кажуць, родныя твары. Інеса Леанідаўна Кузьміна, дырэктар Мінскага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва, прыляцела ў Абу-Дабі падтрымаць ажно трох сваіх выхаванцаў з ліку канкурсантаў і двух экспертаў. Ліцэй рыхтуе кадры па будаўнічых і электратэхнічных спецыяльнасцях. Дзмітрый Расцюшэўскі, майстар вытворчага навучання, рыхтаваў да чэмпіянату канкурсантаў па кампетэнцыях “Мэблевая вытворчасць” і “Сталярныя работы”, а майстар вытворчага навучання Уладзімір Дудараў — па кампетэнцыі “Каменныя работы”. Сярод іх выхаванцаў — канкурсанты Арцём Капуста, Іван Скорб, Андрэй Пяткоўскі. Што тычыцца заданняў, то, як расказаў Дзмітрый Расцюшэўскі, напрыклад, у кампетэнцыі “Каменныя работы” змест задання стаў вядомы толькі перад пачаткам спаборніцтва. У заданне па мэблевай вытворчасці карэктывы былі ўнесены на 40%, па сталярных работах — на 64%. Арцём Капуста на конкурсе павінен зрабіць аконную раму 2D на працягу 11 гадзін і 3D-праект — трыбуну, на якую адводзіцца таксама 11 гадзін. Іван Скорб будзе ствараць драўляную тумбачку на працягу 22 гадзін.

Мінскі ліцэй № 5 прадаставіў матэрыяльную базу, абсталяванне, а таксама свае педагагічныя кадры ў падрыхтоўцы канкурсантаў. Дапамагалі таксама іншыя аднапрофільныя навучальныя ўстановы прафесійнай адукацыі. І.Л.Кузьміна плануе падрыхтаваць навучэнца з ліцэя да ўдзелу ў прафесійнай кампетэнцыі “Электратэхнічныя работы” ў нацыянальным чэмпіянаце наступнага года. Інеса Леанідаўна адзначыла, што падрыхтоўка да чэмпіянату такога ўзроўню не павінна быць самамэтай для навучальнай установы. Галоўнае — укараніць у вучэбны працэс міжнародныя стандарты WorldSkills, што, безумоўна, станоўча паўплывае на якасць прафесійнай адукацыі нашай краіны.

Ала КЛЮЙКО.
Абу-Дабі.
Фота аўтара.