Да самага любімага свята ўсіх маленькіх і дарослых — Новага года — застаўся ўсяго месяц, і адпаведны настрой пачынае распаўсюджвацца. Навучэнцам устаноў адукацыі і жыхарам Жодзіна сёлета вельмі пашанцавала. Менавіта ім непаўторную атмасферу падарыла абласная выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная зорка”.
У Жодзіна прывезлі лепшыя экспанаты з усіх раёнаў Міншчыны, якія сталі пераможцамі рэгіянальных тураў “Каляднай зоркі”. Цэлы тыдзень выстава экспанавалася ў сярэдняй школе № 8. Многія жодзінцы пажадалі паглядзець на калядныя цуды — прыходзілі на выставу класамі, сем’ямі, сяброўскімі кампаніямі. Прыязджалі на выставу і гледачы з іншых раёнаў.
А паглядзець тут, безумоўна, было на што. На выставе тут і там радавалі вочы навагоднія ёлкі з самых неверагодных матэрыялаў, зіхацелі ёлачныя цацкі, гатовыя ўпрыгожыць навагодняе дрэва, усюды былі навагоднія персанажы, якія, здаецца, вось-вось ажывуць і завядуць карагод, цікавыя сюжэты паўставалі на чароўных карцінках, дызайнам здзіўлялі навагоднія касцюмы. Цікавыя ідэі знайшлі дзеці для таго, каб адлюстраваць тэму беларускай зімы, зімовага спорту. Творчасць і арыгінальнасць праявілі майстры пры стварэнні сувеніраў-падарункаў, калядных кампазіцый, арт-аб’ектаў, навагодніх паштовак. Свае думкі юныя творцы ўвасаблялі з дапамогай саломкі, гліны, паперы, кары, лазы, дрэва, шкла, нітак і наогул самых разнастайных і часам нечаканых матэрыялаў.
Перад экспертамі стаяла няпростая задача вылучыць сярод гэтага мноства цудоўных работ найлепшыя. У склад журы ўвайшлі спецыялiсты Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Мінскага абласнога ІРА, вядучыя педагогі дадатковай адукацыі Міншчыны. Яны і выбралі 70 работ, якiя будуць прадстаўлены на XXІ Рэспубліканскай выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. Калі вам не хапае калядных цудаў ці каляднага настрою, прыходзьце на Рэспубліканскую выставу “Калядна зорка”, якая пройдзе з 12 снежня 2017 года па 20 студзеня 2018 года ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены МАІРА.