Вывучаюць сузор’і на небе і будову цела чалавека. Чым здзіўляюць выхаванцаў у дзіцячым садзе № 1 Хойнікаў

- 9:00Главная, Образование

Педагогі дзіцячага сада № 1 Хойнікаў распрацоўваюць сцэнарыі заняткаў, ствараюць дыдактычныя дапаможнікі і гульні для выхаванцаў экалагічнага і патрыятычнага зместу, а бацькам прапаноўваюць кейсы для работы з дзецьмі дома, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».   

— З 2019 г. педагогі ўстановы ўваходзяць у творчую абласную групу, якая ўдзельнічала ў распрацоўцы прыкладнага каляндарна-тэматычнага планавання для выхавальнікаў дашкольнай адукацыі па адукацыйнай галіне «Дзіця і прырода», якая ўключае напрамкі: нежывая прырода, расліны, жывёлы і арганізм чалавека, — расказала Алена Глушакова, намеснік загадчыка дзіцячага сада.

Алена Сяргееўна выдала метадычны дапаможнік для педагогаў «Дзіця і прырода: прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне», стварыла серыю дыдактычных гульняў і канспекты заняткаў па адукацыйнай галіне «Дзіця і прырода» для дзяцей першай малодшай групы.

Педагог прадэманстравала сваю распрацоўку — дыдактычнае пано «Развіццё і будова кветкі», выкананае з фетру з выкарыстаннем гузікаў, ліпучак і кнопак. Дапаможнік фарміруе ў выхаванцаў уяўленні аб частках расліны, як з семечкі вырастае кветка, аб патрэбах раслін у святле, вільгаці і цяпле. Яшчэ адна дыдактычная гульня ад Алены Глушаковай — «Экалагічная сцежка» для дзяцей 2—6 гадоў, з дапамогай якой можна развіваць уменні пазнаваць па знешнім выглядзе і назве агародніну, садавіну, грыбы, кусты і дрэвы, групіраваць расліны па прыметах (жыццёвай форме, будове лісця, месцы вырастання), пазнаваць і называць дзікіх і свойскіх жывёл і часткі іх цела, а таксама выхоўваць беражлівыя адносіны да прыроды.

Алена Сяргееўна стварыла гульнявы дапаможнік «Чалавечак» для дзяцей 3—6 гадоў, які спрыяе развіццю ўмення адрозніваць часткі цела і твару чалавека, іх функцыі, вылучаць і называць мужчын (тата, дзед, дзядзька), жанчын (мама, бабуля, цётка), дзяцей (хлопчык, дзяўчынка). Дапаможнік навучыць заўважаць і называць непаўторнасць знешніх асаблівасцей чалавека, сфарміруе ўяўленні аб яго патрэбах у свежым паветры, чыстай вадзе, здаровай ежы, цяпле, руху, захаванні правіл асабістай гігіены і г. д. «Чалавечак» пакажа, як трымаць рукі, нос, рот у чысціні. Яго можна выкарыстоўваць і педагогам для візуалізацыі задач раздзела праграмы дашкольнай адукацыі «Арганізм чалавека».

Яшчэ адна аўтарская дыдактычная гульня для дзяцей 5—6 гадоў — «Сузор’і», якая развівае ўменні адрозніваць сузор’і на небе. Згодна з правіламі, выхаванцам раздаюцца карткі з малюнкамі, якія сімвалізуюць сузор’і. Неабходна падабраць да іх адпаведныя сузор’і. Затым можна ўскладніць задачу — знайсці сузор’е па памяці. Паказваецца карцінка, потым яна хаваецца. Дзіця па памяці знаходзіць патрэбнае сузор’е, а затым яго разглядае «на небе» праз «тэлескоп».

— Акрамя таго, мы прапануем бацькам кейсы па розных тэмах адукацыйнай галіны «Дзіця і прырода», — адзначае Алена Сяргееўна. —  Выхавальнік аддае адзін з кейсаў дамоў, каб бацькі з дзіцем вывучылі тэму, якую тое прапусціла альбо якая проста яму цікавая. Кейс складаецца з прэзентацыі па тэме і некалькіх інтэрактыўных гульняў на замацаванне. Усе гульні і прэзентацыі прадстаўлены ў выглядзе QR-кодаў, таму бацькоўскі кейс вельмі кампактны.

Дыдактычныя гульні патрыятычнага зместу стварыла выхавальніца Алена Косар. Гульня «Герб горада» для дзяцей 5—7 гадоў знаёміць з гербамі абласных гарадоў Беларусі і Хойнікаў.

Дзеці знаходзяць герб таго ці іншага горада, адзначаюць яго асаблівасці і размяшчаюць пэўным чынам. У выніку з частак збіраецца герб Хойнікаў. Яшчэ адна гульня — «Я — горад Хойнікі, ты — мая часцінка» для дзяцей 4—6 гадоў. Малышам прапануюцца карткі з фотаздымкамі славутасцей і знакавых месцаў горада. Педагог гаворыць: «Я — горад Хойнікі, ты — мая часцінка», а дзеці па чарзе бяруць любую картку і называюць, што на ёй намалявана і г. д.

***

Супрацоўнікі дзіцячага сада № 1 Хойнікаў сваімі рукамі зрабілі метэастанцыю. Штодзень дзеці праводзяць назіранні за небам і воблачнасцю. З дапамогай паветранага рукава даюць адносную ацэнку сілы ветру, а з дапамогай флюгера вызначаюць бакі свету і кірунак ветру. Вымяраюць і  колькасць ападкаў, выкарыстоўваючы дажджамер або снегамер, па тэрмометры вызначаюць тэмпературу паветра, робяць прагноз надвор’я на наступны дзень, абапіраючыся на паказчыкі барометра. Усе назіранні заносяцца ў спецыяльны дзённік. На метэастанцыі дзеці слухаюць музыку — гукі дажджу, храбусцення снегу, шум ветру, шамаценне лістоты на ветры, праводзяць доследы-эксперыменты («Колькі важыць паветра?», «Робім дождж»), удзельнічаюць у сюжэтна-ролевай гульні «Дыктар прагнозу надвор’я», знаёмяцца з прафесіяй метэаролага.

На тэрыторыі сада высаджваюцца лекавыя расліны, створаны агарод, ладзяцца даследаванні. За даследчыя работы «Сямейства Папялушак» аб жыццядзейнасці пчол і «Чаму дажджавыя чарвякі выпаўзаюць у дождж з зямлі?» выхаванцы атрымалі дыпломы ў намінацыі «Зялёныя слядкі» (дашкольны ўзрост) абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў «Зялёная школа».

***

У рамках абласнога адукацыйнага квеста «Жывая памяць пакаленняў» у дзіцячым садзе № 1 Хойнікаў летась быў рэалізаваны праект «Яны змагаліся за Радзіму», — расказала загадчык установы Таццяна Кутоўская. — Каб даступна расказаць малышам пра Вялікую Айчынную вайну, выхавальнікі сабралі музей у чамадане. Сярод першых экспанатаў — голуб, не толькі як сімвал міру, але і як памочнік нашых салдат. Педагогі расказваюць дзецям цікавыя факты з гісторыі.

Вось адзін з такіх прыкладаў. Атрад разведчыкаў, знаходзячыся ў глыбокім тыле праціўніка, трапіў у акружэнне і страціў сувязь са сваёй часткай. Адзіная рацыя была разбіта. На шчасце, у байцоў быў правераны ў справах трэніраваны шызы голуб пад нумарам 48. Лёгкі металічны кантэйнер з данясеннем, напісаным на тонкім скручаным аркушы паперы, прымацоўваўся да нагі паветранага сувязіста. Падчас палёту голуб быў атакаваны прызначаным для гэтых мэт фашысцкім ястрабам і паранены, але яму ўдалося выратавацца. На галубіную станцыю птушка прыляцела ў прыцемках і літаральна ўпала пад ногі дзяжурнаму салдату. Голуб цяжка дыхаў, адна лапка была зламана. Данясенне перадалі ў штаб, а голубу зрабілі аперацыю.

Шмат іншых жывёл дапамагалі людзям на вайне. Так, у Беларусі быў вядомы дыверсійны сабака — аўчарка па мянушцы Дзіна, удзельніца «рэйкавай вайны». Дзіна паспяхова ажыццявіла падрыў эшалона праціўніка на перагоне Полацк — Дрыса (19 жніўня 1943 г.). Выскачыла на рэйкі перад цягніком, у якім знаходзіліся нямецкія салдаты і баявая тэхніка, скінула ўюк з зарадам, зубамі вырвала загваздку і памчалася ў лес. Дзіна была ўжо побач з мінёрамі, калі прагрымеў выбух. У выніку былі знішчаны 10 вагонаў і вялікі ўчастак чыгункі. Дзіна вызначылася і пры размініраванні Полацка, дзе знайшла міну ў нямецкім шпіталі ў матрацы.

— У музеі-чамадане знаходзіцца энцыклапедыя «Помнікі жывёлам» аб мемарыялах у гонар жывёл, якія ўзводзілі пасля вайны: помнік каню, які плача, сабакам-знішчальнікам фашысцкіх танкаў, вярблюдам, галубам (помнік «Галубы міру» ў Расіі). Існуе і найвышэйшая ўзнагарода жывёлам — медаль Марыі Дзікін з надпісамі «Мы таксама служым» і «За мужнасць», — расказала выхавальніца Ірына Агіевіч.

Малышы з цікавасцю слухаюць аповеды выхавальнікаў. Летась да Дня Перамогі ва ўстанове былі падрыхтаваны паштоўкі ў выглядзе галубоў, запісаны відэавіншаванні ветэранам і віншаванні-дэпешы, якія дзеці адправілі сапраўднай галубінай поштай. А дзіцячы сад запусціў раённы чэлендж #Марафон памяці, які пачаўся з ускладання кветак да помніка землякам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара