Вывучэнне акісляльна-аднаўленчых рэакцый на ўроках хіміі: педагог распрацавала шэраг лайфхакаў

- 17:09Образование

Каб аблегчыць вывучэнне акісляльна­-аднаўленчых рэакцый на ўроках хіміі ў 8 класе, настаўніца Вольга Шукеловіч з сярэдняй школы № 2 імя Герояў Дняпроўскай флатыліі Пінска распрацавала шэраг лайфхакаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Гэтыя рэакцыі выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго школьнага курса хіміі, таму вельмі важна своечасова засцерагчы дзяцей ад магчымых праблем пры іх правядзенні, — гаворыць педагог. — Безумоўна, існуюць метадычныя рэкамендацыі і алгарытмы складання такіх рэакцый, да якіх настаўнікі звяртаюцца ў сваёй рабоце. Але я сутыкнулася з праблемай, калі вучні блытаюць знакі ступеней акіслення пры запісе працэсаў акіслення і аднаўлення. Часта ў школьнікаў узнікае пытанне, чаму электрон дадаецца, а знак ступені акіслення “мінус”.

Растлумачыць гэта можна па-рознаму, але Вольга Шукеловіч знайшла найбольш зручны спосаб, ці, як сёння кажуць, лайфхак.

Педагог прыдумала наглядную мадэль на магнітах, якая размяшчаецца на працягу ўсяго навучальнага года на дошцы, дазваляючы візуалізаваць акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі. Вучні могуць карыстацца ёй пры складанні электроннага балансу.

— Мадэль уяўляе сабой умоўнае ядро, унутры якога знаходзяцца станоўчыя зарады (пратоны) — “плюсы” чырвонага колеру, а асобна ўмоўныя электроны — “мінусы” сіняга колеру, — працягвае настаўніца. — Мадэль паказвае, што электроны не ўвахо­дзяць у склад ядра і менавіта яны (валентныя) удзельнічаюць ва ўтварэнні сувязей. Наглядным чынам можна пераканацца: ступень акіслення залежыць ад колькасці “сышоўшых” ці “прыйшоўшых” электронаў. Так, калі ступень акіслення атама роўная нулю, то ўсе чырвоныя “плюсы” будуць закрыты сінімі “мінусамі”, паколькі нуль — гэта аднолькавая колькасць “плюсоў” і “мінусаў” на мадэлі. Калі ж ад атама з нулявым зарадам адабраць два сінія “мінусы” (два электроны), то дзеці выразна ўбачаць два чырвоныя “плюсы”, а гэта і ёсць ступень акіслення (+2). Але калі, напрыклад, трэба зрабіць ступень акіслення (-1), то неабходна ўлічыць электрон, які не знаходзіцца на агульным крузе-ядры.

У якасці прыкладаў Вольга Шукеловіч прапаноўвае разгледзець некалькі працэсаў акіслення і аднаўлення:

  1. Zn0 – 2e = Zn+2 (працэс акіслення).

Калі мадэль-ядро закрыта “мінусамі” (электронамі), то ступень акіслення атама цынку роўная нулю. Далей адбіраюцца два “мінусы” (два электроны), і вучні бачаць два чырвоныя “плюсы”. Гэта і ёсць новая ступень акіслення атама цынку (+2) пасля працэсу акіслення.

  1. K+ + 1e = K0 (працэс аднаўлення).

У выпадку з каліем на мадэлі пакідаюцца два закрытыя “плюсы”. Убачыўшы адзін чырвоны “плюс”, вучні павінны зразумець, што гэта ступень акіслення (+1). А дадаўшы адзін “мінус” (электрон), дзеці ўбачаць, што чырвоныя “плюсы” ўсе перакрываюцца “мінусамі”, а значыць, колькасць “плюсоў” роўная колькасці “мінусаў” — і ступень акіслення становіцца (0).

  1. S-2 – 6e = S+4 (працэс акіслення з удзелам вялікай колькасці электронаў).

На прыкладзе серы можна ўбачыць, як адмоўная ступень акіслення мяняецца на станоўчую. Мадэль-ядро закрываецца “мінусамі” (электронамі), а побач размяшчаюцца яшчэ два “мінусы”: ступень акіслення серы (-2). Забраўшы шэсць “мінусаў” (электронаў), агаляюцца чатыры “плюсы”. А гэта і ёсць ступень акіслення атама серы (+4) у працэсе акіслення, які разглядаецца.

— Такім чынам, школьнікі заўсёды мо­гуць візуалізаваць рашэнне, калі ў іх узніка­юць праблемы, — заўважае Вольга Шукеловіч. — Мадэль знаходзіцца на дошцы ў полі зроку вучняў, і яны могуць нават у думках перамяшчаць па ёй электроны (“мінусы”). Дзякуючы гэтай мадэлі, дзеці даволі камфортна адчуваюць сябе на ўроках, прысвечаных акісляльна-аднаўленчым рэакцыям.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі