Вызначылі лепшых выхавальнікаў

- 11:48Навіны рэгіёнаў

Творчыя і адказныя прафесіяналы — так можна ахарактарызаваць выхавальнікаў Глушчыны, якія дэманстравалі сваё майстэрства ў раённым конкурсе партфоліа.

Як паведаміла метадыст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Някрасава, спаборніцтва ладзілася з мэтай выяўлення і распаўсюджвання перадавога педагагічнага вопыту ў сістэме дашкольнай адукацыі.

— Конкурс праводзіўся ў два этапы на працягу амаль двух месяцаў. Удзел у ім узялі дзесяць выхавальнікаў. Кожнае партфоліа, прадстаўленае канкурсантамі, давала ўяўленне пра іх погляды на сваю прафесію, разуменне сутнасці працэсу выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту. Партфоліа ўключалі таксама эсэ “Мая педагагічная філасофія”, падрабязную інфармацыю аб адукацыі і прафесійным узроўні ўдзельнікаў, іх каштоўнасныя арыентацыі, жыццёвыя прыярытэты і разнастайнасць захапленняў. Акрамя таго, выхавальнікі прадстаўлялі ўласны педагагічны вопыт, аўтарскія распрацоўкі разнастайных навучальных заняткаў і мерапрыемстваў, — расказала Наталля Ульянаўна.

Канкурсанты пераканалі журы, што абраная некалі прафесія — іх прызванне, бо яны цалкам прысвячаюць сябе дзецям. Усе выхавальнікі гараць працай, клапоцячыся пра далікатны свет дзяцінства выхаванцаў. Кожны з іх імкнецца выгадаваць з малых будучых годных грамадзян.

Суддзям складана было вылучыць пераможцаў. Ганаровы дыплом І ступені атрымала выхавальнік ясляў-сада № 4 Глуска Жанна Галамака. Лаўрэатамі сталі прадстаўніца ясляў-сада № 3 райцэнтра Антаніна Зелянкова, выхавальнікі Заеліцкага ВПК Наталля Берднік і глускага ясляў-сада № 1 Таццяна Краснянская.

Перамаглі ў конкурсе не ўсе ўдзельнікі, але тых, хто прайграў, не было. Бо яны ўсе лепшыя. Лепшыя для сваіх выхаванцаў, любоў якіх служыць для кожнага выхавальніка самай каштоўнай узнагародай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Глускім аддзелам адукацыі, спорту і турызму.