Вызначылі лепшых юных матацыклістаў

- 10:57Адукацыйная прастора

У горадзе над Бугам прайшоў абласны этап XIX Рэспубліканскай спартакіяды навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт” (матацыклетны спорт). Арганізатарамі спаборніцтва выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці.

— Спартакіяда праводзіцца з мэтай далучэння школьнікаў да рэгулярных заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах спартыўна-тэхнічнага профілю, павышэння ўзроўню спартыўнай падрыхтоўкі, удасканалення ўменняў, навыкаў і ведаў па ваенна-прыкладных відах спорту, — расказаў намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Д.А.Шастак. — У сёлетнім турніры ўдзельнічалі 5 каманд з ліку навучэнцаў ва ўзросце ад 13 да 18 гадоў. Юныя матацыклісты здавалі залік па правілах дарожнага руху (адказвалі на 10 пытанняў за 15 хвілін) і выконвалі 9 практыкаванняў па скорасным манеўраванні на дыстанцыі 180—200 метраў (“калідор”, “кола”, “габарыт”, “калейны мост”, “васьмёрка”, “тунэль”, “эстафета”, “зігзаг”, “стоп-лінія”).

У асабістым заліку лепшымі аказаліся Дзмітрый Буян з Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі (скораснае манеўраванне) і Ігар Арбуз з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска (правілы дарожнага руху).

У агульным заліку 1-е месца заняў Андрэй Снітавец з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска, 2-е месца — Уладзіслаў Саніковіч з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска, 3-е месца — Антон Геналюк з Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і края­знаўства дзяцей і моладзі.

У камандным заліку перамагла каманда навучэнцаў з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска. На 2-м месцы — прадстаўнікі Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, на 3-м — Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Брэсцкага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.