Хто пабудуе прыгожы і трывалы дом і напоўніць яго зручнымі рэчамі? Хто зробіць нас прыгожымі — ад прычоскі да касцюма? Гэта зробяць яны — маладыя людзі, якія сёння авалодваюць прафесіяй у сценах ліцэяў, каледжаў, вучылішч. Лепшыя з іх прадэманстравалі сваё майстэрства на абласным этапе конкурсу WorldSkills.
37 навучэнцаў прафесійных устаноў Гродзенскай вобласці і адзін малады рабочы прынялі ўдзел у рэгіянальным этапе адкрытага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. У гэтым годзе яны спаборнічалі ў шасці кампетэнцыях.
На ўрачыстым адкрыцці конкурсу, якое адбылося ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1, удзельнікаў пазнаёмілі з умовамі яго правядзення, гісторыяй сусветнага чэмпіянату, прадставілі членаў журы — а гэта былі прызнаныя майстры сваёй справы, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, будаўнічых арганізацый, сферы бытавога абслугоўвання. Вітаючы маладых прафесіяналаў, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алег Рахунок адзначыў, што ўдзельнікі конкурсу ўжо з’яўляюцца пераможцамі, таму што зрабілі адзін з галоўных выбараў жыцця — вызначыліся ў прафесіі.
І спаборніцтва пачалося… Заданні ўдзельнікі атрымалі складаныя. Член экспертнай групы электразваршчык 5 разраду ААТ “Гроднажылбуд” Руслан Данцоў паказвае чарцяжы-заданні: зварыць трубу ў незваротным становішчы, таўровае злучэнне, сасуд. Гэтыя заданні патрабуюць ад удзельнікаў прадэманстраваць валоданне ўсімі відамі зваркі. Ад абліцоўшчыкаў патрабавалася ўменне абліцаваць пліткай вертыкальную і гарызантальную паверхню па прапанаваным эскізе, улічвалася і веданне тэхнікі бяспекі. Цырульнікі рабілі прычоскі для вяселля, сталяры — аконныя рамы.
Два дні напружанай працы выявілі пераможцаў. У маі на рэспубліканскім этапе конкурсу ў Мінску Гродзеншчыну будуць прадстаўляць: у кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва” — навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва Аляксандра Тарасевіч, “Дызайн адзення” — Вольга Кушнер з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну. Лепшым у кампетэнцыі “Абліцовачныя работы” стаў прадстаўнік Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Віталь Каралько, а Артур Аксень з Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа лідзіраваў у кампетэнцыі “Каменныя работы”. Пацвярджэннем ісціны, што дома і сцены дапамагаюць, стала першынство двух прадстаўнікоў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 — Андрэй Жамойдзік прызнаны лепшым зваршчыкам, а Раман Лебедзь — лепшым сталяром.
Запомнім гэтыя імёны. Яны ўпрыгожаць наша жыццё… І яны ж, магчыма, прадставяць Беларусь на сусветным фінале WorldSkills у Абу-Дабі. Хварэем за сваіх!
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.