WorldSkills: падзея, якая аб’ядноўвае свет

- 11:45World Skills

У бразільскім горадзе Сан-Паўлу 11 жніўня прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця Міжнароднага чэмпіянату прафесійнага майстэрства WorldSkills. У гэтай падзеі прынялі ўдзел 59 каманд з краін усіх кантынентаў, у тым ліку з Аўстраліі. Побач з камандамі самых розных краін упершыню была прадстаўлена каманда Рэспублікі Беларусь.

WorldSkills — вядомая ў свеце арганізацыя, якая займаецца папулярызацыяй рабочых прафесій і аб’ядноўвае ў сваіх радах 72 краіны. У мінулым годзе да складу WorldSkills далучылася і Рэспубліка Беларусь.
Прафесійны конкурс WorldSkills — гэта своеасаблівыя алімпійскія гульні працоўных рэсурсаў, якія праводзяцца кожныя два гады на працягу 60 гадоў. У спаборніцтве ўдзельнічаюць маладыя рабочыя, студэнты, навучэнцы ва ўзросце да 22 гадоў. Вядомыя прафесіяналы, спецыялісты, майстры вытворчага навучання і педагогі выступаюць у якасці экспертаў і ацэньваюць выкананне заданняў.13
Беларуская зборная прадстаўляе сваіх удзельнікаў у 15 кампетэнцыях (аўтамабільныя тэхналогіі, мехатроніка, фрэзерныя і такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем, мабільная робататэхніка, электроніка, кабельная сістэма інфармацыйнай сеткі, адміністраванне сеткавых інфармацыйных сістэм, тэхнічнае праектаванне CAD, сталярныя работы, цырульніцкая справа, кулінарнае і кандытарскае мастацтва, рэстаранны сэрвіс, дызайн касцюма).7
Месцам для правядзення гэтай урачыстасці стаў адзін з найбуйнейшых стадыёнаў Сан-Паўлу, які ўмяшчае тысячы гледачоў. На гэты раз стадыён быў запоўнены да канца, як і звычайна, калі там праходзілі самыя папулярныя спартыўныя спаборніцтвы. Як аказалася, баявы дух быў уласцівы і для адкрыцця не менш захапляльных спаборніцтваў WorldSkills. Над стадыёнам развівалася мноства сцягаў, усюды былі размешчаны велізарныя банеры з тэматыкай WorldSkills , маштабныя тэлеэкраны, на якіх трансліравалася дзейства, якое адбывалася на стадыёне. Бразільскі тэмперамент хварэць за любімую каманду перахапілі іншыя краіны, і ў час мерапрыемства панавала сапраўдная байцоўская атмасфера. Стадыён, дзе было арганізавана мерапрыемства, быў закрытым і меў спецыяльны дах, але ад павышанай тэмпературы, якая ўзнікла ад прыліву эмоцый гледачоў, назіраць за дзеяннем было б не холадна ў любым выпадку, хаця цяпер у Бразіліі зіма, але не ў тым разуменні, якое ўласціва для нашага краю: там аб зіме нагадвае толькі апалае лісце на пальмах ды і больш нізкая тэмпература паветра, якая вагаецца ў памеры 25°C цяпла.Так што ўмовы для правядзення спаборніцтва для ўсіх канкурсантаў, не зважаючы на тое, якія кантыненты і краіны яны прадстаўляюць, будуць, безумоўна, камфортнымі.2
Кожная каманда была прадстаўлена на адкрыцці чэмпіянату па сцэнарыі спартыўнай алімпіяды: канкурсанты выходзілі згодна з алфавітным парадкам сваіх краін. Кожную каманду адрознівала форма з сімволікай дзяржаўнага сцяга і клятва, якую давалі канкурсанты ў час цырымоніі адкрыцця прафесійнага конкурсу. Гэта быў пранікнёны зварот да сваёй краіны аб гатоўнасці дастойна прадстаўляць Радзіму на такім вялікім форуме і ў адкрытай барацьбе атрымаць перамогу. Аб гэтым мараць, канечне, усе ўдзельнікі спаборніцтва. І наша каманда таксама. 8Хоць нашы канкурсанты ўпершыню ўдзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве, але кожны з 17 чалавек марыць прывезці дамоў залаты медаль. Канкурсанты з Беларусі ўжо прадставілі сваё майстэрства ў час першага чэмпіянату WorldSkills-СНД і пачынаючы з вясны ва ўзмоцненым рэжыме рыхтаваліся да спаборніцтва ў Сан-Паўлу. Нарэшце доўгачаканая падзея пачнецца, спаборніцтвы ўступяць у сваю рашаючую фазу, і тады, магчыма, будзем лічыць медалі. На гэта настроены каманды ўсіх краін: і тых, хто з’яўляецца старажылам арганізацыі WorldSkills, і тых, хто толькі-толькі стаў членам гэтай арганізацыі, а тое, што яна магутная, аўтарытэтная, можна было заўважыць яшчэ на цырымоніі адкрыцця. Чым не доказ гэтага, калі бачыш тысячы ўдзельнікаў, экспертаў, педагогаў, валанцераў, прадстаўнікоў кіраўніцтва краін, якія прыехалі на конкурс. 14Безумоўна, не зможаш сумнявацца ў значнасці гэтай арганізацыі, у правядзенні такіх спаборніцтваў, калі бачыш прадстаўленыя каманды эканамічных лідараў, такіх як Вялікабрытанія, Францыя, Японія, Германія, ЗША, якія з адказнасцю ставяцца да гэтага конкурсу. Відавочна, гэта дае істотны вынік у фарміраванні іх працоўных рэсурсаў кваліфікаванымі кадрамі. Аб гэтым адзначыў кіраўнік руху WorldSkills Сайман Бартлі, які назваў алімпіяду працоўных рэсурсаў не толькі вызначэннем прафесійных кампетэнцый, а той знамянальнай падзеяй, якая аб’ядноўвае свет.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” Ала Клюйко атрымала акрэдытацыю на сусветным чэмпіянаце WorldSkills у Сан-Паўлу і будзе весці прамыя рэпартажы з гэтага мерапрыемства. Чытайце іх у найбліжэйшых нумарах нашай газеты і на нашым сайце.

1

3

19

22