Яе планіда — “Мацейка”

- 11:18Культура

Два першыя месцы на рэспубліканскіх аглядах-конкурсах “Прывітанне, свет!” у 2016 і 2017 гадах, гран-пры на фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод” у намінацыі “Лепшы фальклорны калектыў”, першае месца на ІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні”, грант Баранавіцкага гарвыканкама “Лепшы кіраўнік гуртка” ў 2006 годзе і яшчэ каля 80 іншых прэстыжных узнагарод… Гэта — прызнанне карпатлівай работы кіраўніка ўзорнага ансамбля танца “Мацейка” баранавіцкай сярэдняй школы № 13 Таццяны Іванаўны Варашылавай.

Усе гады існавання калектыву хлопцы і дзяўчаты дораць гледачам сваё бліскучае майстэрства, асляпляльныя ўсмешкі, цудоўныя танцавальныя нумары. “Мацейка” на сцэне — гэта заўсёды свята і феерверк пачуццяў. “Мацейка” — гэта беларуская душа.

А з чаго ж усё пачалося? Вядома ж, з велізарнай мары! Маленькая дзяўчынка Танечка з Новай Мышы з заміраннем сэрца глядзела на танцы бабулі і мамы на вясковых святах. Яны здаваліся ёй чымсьці чароўным. З 5 класа яна стала займацца ў сельскім клубе ў гуртку народнага танца. Заняткі сталі для яе часткай жыцця, таму што нічому іншаму яна ніколі не аддавала столькі часу і сіл. Потым прадоўжыла танцаваць у Мінскім культасветвучылішчы, інстытуце культуры.

Працуючы па размеркаванні ў лагеры ЦК ЛКСМБ “Зубраня”, Таццяна Іванаўна з захапленнем глядзела на танцавальныя калектывы, якія прыязджалі на адпачынак. З’язджаючы праз два гады, была пераканана, што абавязкова вернецца, але ўжо са сваім калектывам.

У 1985 годзе Таццяна Іванаўна перайшла працаваць з раённага аддзела культуры Баранавіч у сярэднюю школу № 13. На наступны год яна ажыццявіла набор у танцавальны гурток. І ўжо праз год, у 1987 годзе, атрымала першы дыплом за перамогу ў гарадскім конкурсе. Гэты год і лічыць Таццяна Іванаўна годам заснавання ансамбля.

Даведаўшыся ў 2005 годзе пра абласны фестываль “Радавод”, яна пачала экспедыцыйную дзейнасць. Разам з навучэнцамі і бацькамі збірала рэгіянальны танцавальны фальклор, вывучала асаблівасці мясцовага народнага касцюма, а бабулі і дзядулі з радасцю дзяліліся сваімі ведамі.

Дзякуючы сумеснай творчасці настаўнікаў, бацькоў і навучэнцаў, у калектыве з’явіліся новыя касцюмы, якія цалкам адпавядалі нацыянальным традыцыям (з ручной вышыўкай беларускіх арнаментаў).

Знаёмства з акампаніятарам Васілём Васільевічам Фянько ўліло новы струмень у жыццё калектыву. Цяпер у ансамбля свае апрацоўкі беларускіх танцаў і полек: настаўнік піша партытуры для інструментаў, робіць апрацоўкі музычнага матэрыялу. А са з’яўленнем аркестра “Вясёлыя музыкi” дуэт ансамбля і аркестра загучаў у новым нацыянальным каларыце.

А неўзабаве спраўдзілася даўняя мара Таццяны Іванаўны. Яна прыехала з уласным калектывам у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. І пабывала там не адзін раз, а чатыры! У першы прыезд ансамбль атрымаў першае месца на фестывалі “Юныя таленты Беларусі” (2009 год). Гэтая перамога прынесла не толькі галоўны прыз “Вялікі крышталёвы зубр”, але і пуцёўкі на адну з летніх змен. Якраз у гэты час у лагеры праходзіла ваенна-патрыятычная гульня “Патрыёт”, на якой прысутнічаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Нашым дзецям дасталася ганаровая місія адкрываць гэтае мерапрыемства. Яны выконвалі “Прывiтальную” і харэаграфічную карцінку “Бульба”.

У 2012 годзе калектыў паспяхова выканаў праграму на прысваенне звання “ўзорны”.

Сёння “Мацейка” — гэта вялікая дружная сям’я, у якой пануюць узаемадапамога, суперажыванне і падтрымка. Тут кіпіць творчая праца па стварэнні новых танцавальных нумароў. Хлопцы і дзяўчаты, якія скончылі школу, працягваюць прыходзіць у родны калектыў і выступаць з ім на розных пляцоўках, удасканальваючы сваё майстэрства. За гады існавання ансамбль назапасіў разнастайны рэпертуар, які складаецца з народна-сцэнічных танцаў, заснаваных на фальклорным матэрыяле мясцовага рэгіёна. Удзельнікаў і кіраўніка адзначаюць і ўзнагароджваюць за высокі ўзровень выканаўчага майстэрства, прафесіяналізм і творчыя дасягненні ў навучанні і выхаванні навучэнцаў.

Таццяна Іванаўна мае прадаўжальнікаў сваёй справы. Гэта Ігар Матусевіч (калісьці ўдзельнік групы брэйк-данса Skorchers, а сёння кіраўнік баранавіцкай студыі танца “Мэй”), Аляксандра Бачкаленка (выкладчык харэаграфіі каманды Баранавіч па мастацкай гімнастыцы, працуе ў ДЮСШ па хакеі і фігурным катанні) і інш. Яны не забываюць сваю любімую выкладчыцу Таццяну Іванаўну Варашылаву. А сама Таццяна Іванаўна працягвае нястомна рабіць светлую і няпростую справу выхавання прыгожых і грацыёзных людзей, сапраўдных патрыётаў, захавальнікаў нашай агульнай спадчыны…

Надзея КІСЕЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 13 Баранавіч Брэсцкай вобласці.